Узоры ўрэцкага шкла

0

270 гадоў таму была заснавана шкломануфактура ва Урэччы

Як у сферы матэрыяльнай вытворчасці адной з прычын паспяховай дзейнасці з’яўляецца «раскручанасць брэнда», што стварае ўмовы для з’яўлення адваротнай сувязі - попыту на прапануемы тавар, так і ў сферы жыцця духоўнага назіраецца падобная карціна. Ганарымся і шануем мы перш за ўсё тое, што нам добра вядома. Не выклікае сумнення значнасць егіпецкіх пірамід, парыжскай Эйфелевай вежы, Кёльнскага сабора. У адзін шэраг з сусветнымі славутасцямі ёсць што паставіць і беларусам. Напрыклад, слуцкія паясы, якія лічацца візітоўнай карткай нашага нацыянальнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Водблеска іх славы хапае нават, каб імі ганарыліся таксама літоўцы і палякі. Але вось дзіўная рэч — нядаўнае з’яўленне шыкоўнага выдання «Слуцкія паясы» не стала на іх радзіме значнай культурніцкай падзеяй, а арганізаваная прэзентацыя гэтага выдання ў Слуцку зацікавіла толькі сціплую групу прадстаўнікоў мясцовай інтэлігенцыі. Для мясцовай улады, як і для звычайных жыхароў горада, гэта засталося фактычна па-за ўвагай.
Дагэтуль шматлікія помнікі духоўнай і мастацкай культуры — сапраўдныя «скарбы незлічоныя», што аставілі нам продкі, у пераважнай большасці і застаюцца толькі скарбамі - некранутымі каштоўнасцямі. Не запатрабаваныя сферамі цяперашняга жыцця, яны не працуюць на выхаванне пачуцця нацыянальнага гонару, патрыятызму.
Да скарбаў такіх можна смела аднесці і ўрэцкае шкло. Цяпер узоры вытворчасці старадаўняй Урэцкай шкломануфактуры захоўваюцца ў музейных зборах Масквы, Пецярбурга, Львова, Кракава, Варшавы, некаторых музеях нашай краіны. У свой час творы ўрэцкіх майстроў набывалі і звычайныя мяшчане, і магнаты, і каралі Рэчы Паспалітай. Шкада, што ў нас на слыху цяпер крышталь і шкло багемскае (чэшскае), а слава айчынных майстроў больш цікавіць музейных работнікаў. Адзінае, што радуе — у нас наперадзе яшчэ шмат адкрыццяў на ніве айчыннай мінуўшчыны.
Шкломануфактура ва Урэччы была заснавана ў 1737 годзе. Тады Радзівілы заключылі кантракт з майстрамі Сэнтэнбергскай фабрыкі ў Саксоніі, і тыя згадзіліся працаваць ва Урэччы з умовай навучаць майстэрству гравіроўкі і шліфоўкі шкла тутэйшых здольных жыхароў - як прыгонных сялян, так і вольных работнікаў. Колькасць іншаземцаў з часам змяншалася. У 1740 годзе ва Урэччы працавала 20 дрэздэнскіх майстроў, у 1760 — менш дзесяці, а ў 1764 — толькі адзін. І ў той жа час шырылася слава мясцовых умельцаў.
Як арганізатары гутнай справы, Радзівілы не былі навічкамі. Ужо колькі гадоў да таго аналагічная заснаваная імі шкляная мануфактура дзейнічала ў Налібоках. Там рабіўся акцэнт на выраб шклянога посуду. Ва Урэччы ж разлічвалі на вытворчасць аконнага шкла і люстэрак, з-за чаго і фабрыка спачатку называлася люстэркавай. Але ў 1750 годзе з Налібокаў сюды было прывезена абсталяванне для вытворчасці шклянога посуду, адтуль прыбылі і майстры. І з часам асартымент абедзьвух мануфактур ужо амаль не адрозніваўся. Нездарма ў цяперашняй літаратуры сустракаецца тэрмін «урэцка-налібоцкае шкло». Ва Урэччы выраблялі ліставое шкло, люстэркі, крышталёвыя люстры і іншыя разнастайныя свяцільнікі. Асаблівы попыт быў на посуд — бакалы, кубкі, кілішкі, келіхі, чашы, штофы, бутлікі, якія вырабляліся з каляровага і бясколернага шкла, а таксама з крышталю. Вырабы аздабляліся граненнем, гравіроўкай, гарэльефнай разьбой, размалёўкай плацінай, золатам, серабром, фарбамі, упрыгожваліся накладнымі медальёнамі.
На працягу дваццаці пяці гадоў мануфактурай кіраваў немец Т. Шэрбер Ён укараняў дасягненні нямецкіх, французскіх, багемскіх, англійскіх майстроў. Пазней кіраўнікамі былі беларусы. Захаваліся прозвішчы цэлых дынастый беларускіх майстроў - Кахановічаў, Дубіцкіх, Бялькевічаў, Галубовічаў. Запазычаныя ў саксонцаў формы з часам мяняліся і набывалі адметныя мясцовыя абрысы. Посуд дэкарыраваўся гравіраванымі арнаментамі, матывы якіх утрымлівалі выявы васількоў, каласкоў, цюльпанаў, мясцовыя архітэктурныя і пейзажныя матывы, надпісы. На характар твораў спачатку ўплывалі стылі барока і ракако, потым на змену ім прыйшоў класіцызм.
Акрамя шкляных вырабаў, на мануфактуры выпускалі кафлю, тут меліся ганчарная, сталярная, слясарная майстэрні, працавалі майстры па апрацоўцы метала, дрэва, керамікі.
Дзейнічала Урэцкая шкляная мануфактура да 1846 года. Адной з прычын закрыцця стала тое, што форма арганізацыі вытворчасці ў выглядзе магнацкай мануфактуры на гэты час стала выглядаць архаічнай, яна не вытрымлівала канкурэнцыі з нараджаючыміся новымі формамі арганізацыі працы. Яшчэ адна прычына крылася ў тым, што пасля далучэння да Расійскай імперыі нашы землі паволі сталі ператварацца ў акраіну, адставаць у развіцці ад іншых расійскіх цэнтраў.
Прадукцыя Урэцкай шкломануфактуры вызначалася высокай мастацкай якасцю. У еўрапейскім шкларобстве ўрэцкае шкло займае самастойнае месца, а ў гісторыі беларускай культуры гэта з’ява не менш значная, чым слуцкія паясы.
Між іншым, захаваліся звесткі, што яшчэ за некалькі дзесяцігоддзяў да адкрыцця радзівілаўскай шкломануфактуры, на пачатку ХVІІІ стагоддзя, для рускага цара Пятра І, які знаходзіўся пэўны час у нашых краях, ва Урэччы для яго быў зроблены памятны, упрыгожаны гравіроўкай шкляны бакал. А гэта сведчыць, што мастацтва апрацоўкі шкла ва Урэччы мае даволі глыбокія карані.
Несумненна, што і загадак, і таямніц у гісторыі мясцовага мастацтва дастаткова і нас яшчэ могуць чакаць цікавыя адкрыцці. А значыць, што і новымі гранямі для нас могуць зазіхацець узоры ўрэцкага шкла.

Реклама

Ігар Ціткоўскі

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии