Позні роздум

0

Яшчэ напярэдадні жаночага веснавога свята прыйшлі на адрас рэдакцыі лісты з яскравай і балючай споведдзю асабістага няўдаўшагася лёсу ад былой настаўніцы Юзэфы Іосіфаўны Цыбулька-Тукай. Неяк не хацелася азмрочваць тады гэтым сумным расповедам святочны настрой чытачоў, але ж і пакінуць без увагі ўзнятую аўтарам тэму жаночага ахвяравання, здаецца, нельга.

Амаль усе жанчыны раней ці пазней адчуваюць нейкае «расчараванне ў жыцці», толькі на самой справе расчароўваюцца яны часцей у мужчынах, у іх паводзінах і адносінах да «слабой паловы» чалавецтва. А можа карані мужчынскай (мужнінай, сыноўей) непавагі ўзрошчаны самой жанчынай, якая ў першую чаргу не паважае і не любіць сябе сама, слепа падпарадкоўваючыся інстынктам, забывае аб сваёй чалавечай і жаночай годнасці. Адсюль, як вынік, адсутнічаюць у яе сямейным жыцці цеплыня адносін, забота і давер. Менавіта на асабістым нешчаслівым прыкладзе, заблытаўшыся ў амаль хваравітай мужнінай жорсткай волі, адчаю і страху перад магчымай незалежнасцю, і акрэслівае сваё літаратурнае «практыкаванне"-роздум случчанка Юзэфа Цыбулька-Тукай.
Чалавечае жыццё… Які глыбокі роздум тоіць яно ў сабе. Несумненна, у свеце не так усё проста і лёгка, як здаецца. У кожнага чалавека свая зямная дарожка… Чалавек яшчэ не нарадзіўся, а лёс яго, магчыма, ужо дзесьці выпісаны… Але чалавек і сам — будаўнік свайго жыцця. Многа трывожных хвілін прыходзіцца пераадолець, каб знайсці сваю шчаслівую долю. І шукаць яе трэба не спяшаючыся, абдумана і ўважліва, выбіраючы розумам, запытаць у сябе: «А што ж будзе далей? Што атрымаецца, калі рашэнне будзе паспешлівым і неабдуманым? Ці зможа ён, твой выбраннік, падарыць табе дабрыню, ласку, чуласць свайго сэрца?»
Роздум… Горасны мой роздум… Ён позні, але такі праўдзівы. Бо гэта вынік майго шматгадовага жыцця — нешчаслівай долі, калі не паслухала ў слязах матулю, калі паспешліва, так не адбумана не ўзважыла ўсё, не распазнала ў знешнім скрытным спакоі жорсткай, прагнай душы чалавека-удаўца і зусім маладой дзяўчынай пайшла за яго на трое малых дзяцей.
Невыносным стала жыццё. У здзеках, якія тварыў без добрага сэрца чалавек нада мной зусім без прычыны, праходзіло яно. Жыла ў страху, пакоры, слязах, прыніжэнні, пабоях, знявазе…
І нават пасля чатырох разоў уцёкаў і вяртання па вялікай просьбе яго родзічаў засталося жыццё ранейшым: перажыванні, маўчанне, слёзы, боязнь у пакалечанні пабоямі, знявага, падпарадкаванне ягонай волі ва ўсім па загаду. А добрае сэрца маё магло нават пачысціць яму абутак, падарыць на Дзень нараджэння падарунак, добрае, ласкавае слова, чым ніколі не мог сагрэць маю душу гэты чалавек. Толькі шчырая малітва да Бога, маўчанне сталі маёй абаронай…
Роздум… Глыбокі роздум… Вяртае ён у тыя далёкія мінулыя гады жыцця. І не раз усплывае думка: «Чаму хвалююся, перажываю за гора, слёзы людзей, шкадую іх, памагаю ў бядзе?»
…Той незабыўны марозны дзень 1952 года… Зіма, на двары студзень, вялікі мароз. Ехала я з МІнска, з сесіі, бо вучылася тады завочна ў педінстытуце. Апошні жалезнадарожны прыпынак — Гарадзея. Аўтобусы тады зрэдку хадзілі ў далёкія рэйсы. Дабрацца да Нясвіжа лепей было на падарожнай грузавой машыне. У той раз мне пашчасціла адразу: было свабоднае месца ў кабіне. А незнаёмаму спадарожніку выпала трасціся ў лёгкай вопратцы ў адкрытым кузаве чатырнаццаць кіламетраў. Было вельмі марозна і ветрана. Спачувала я людзям, шкадавала… Прапанавала тады незнаёмаму цёплую коўдру, што ляжала ў маім чамадане. Недаступны па сваёй натуры быў гэты чалавек, і толькі па маёй вялікай просьбе і просьбе вадзіцеля ўзяў яе. Тады супакоілася сэрца: праз акенца кабіны ўбачыла яго накрытага…
Зусім чужы, зусім незнаёмы мне чалавек… І ўкрывала, і клапацілася, і шкадавала, як роднага. Але шчодрасць, міласэрнасць маёй душы былі недаступны сэрцу таго незнаёмага ў мінулым мне мужчыны, якога ў той марозны дзень накрывала цёплай коўдрай, з якім у будучым звёў мяне нешчаслівы лёс… І ніколі не ўспомніў, не сказаў удзячнае слова за той зімовы студзёны дзень, у які цеплыня маёй душы сагрэла яго цела, пазбаўленае дабраты і спагады… Апрытомнеўшы ляжала я на падлозе, быў пералом пляча, а ён не выйшаў нават на мой крык, стоны ад болю, не дапамог, не спачуваў, не супакоіў словам…
Бацькоўскі дом… Родны дом… У шчасці ён, калі спакой і ціхі прытулак дае дзецям. Толькі дом гэтага чалавека — роднага бацькі не прынёс радасці дачцэ — нашай сумеснай дачцэ, калі з дзецьмі яна вярнулася з Расіі, зайшла ў яго хату. Толькі не знайшла яна тут родны прытулак. Жыве з дакорам роднага бацькі, халоднае сэрца якога адраклося, адцуралася ад роднай крыві…
І ці ж можна быць шчаслівым з гэтым, без добрага сэрца, чалавекам, які не шкадуе нават сваю родную дачку?! А яго дзеці, унукі, няродныя мне? І люблю, і шкадую, бо сама ж вырасціла іх, падняла ў жыццё… Голас маёй роднай маці чуецца і дагэтуль: «І як жа так, дачушка? У яго ж дзеці!» — казала ў слязах яна. А добрае сэрца ў адказ: «Мамачка, я люблю дзяцей. Ён будзе цаніць гэта і маю дапамогу!..»
Калі выходзіла замуж за заможнага чалавека, бізнесмена ўнучка ад яго старэйшых дзяцей, «чалавек без добрага» сэрца з агіднасцю казаў мне: «Во як выходзяць замуж мае ўнучкі, не тое, што ты пайшла на дзеці!» І на пытанне, ці згадзіўся б ён гадаваць чужых дзяцей, насмешліва адказаў: «І не браў бы я з дзецьмі, а то пазабіваў бы іх усіх!»
Колькі перажыла я, колькі выпакутавала, колькі нявінных слёз праліла ад гэтага чалавека-ненавісніка!.. І толькі апошнія дзевяць гадоў пасля скасавання шлюбу супакоілі боль душы, нясуць радасць незалежнасці ад пакору-прыніжэння, ад знявагі і бясконцага страху перад заўтрашнім днём. Не чуць болей яго дакору ў маім хлебе, маім жа хлебе, заробленым за сорак гадоў у нястомнай, клапатлівай з дзеткамі ў школе.
Сэрца… Добрае сэрца… Не было б яно добрым — і не сустрэла б яго нешчаслівая доля! І не пайшла б я за таго незнаёмца, на дзесяць гадоў старэйшага ўдаўца, які так і не ацаніў маю сарамлівасць, дзявочую цнатлівасць, даверлівае, пакорлівае сэрца. Не разумела тады яшчэ, што застануся яму чужой, што буду жыць без спагады, без дапамогі, без ласкавага слова. Не ведала, што ніколі не будзе шкадаваць нават і дзяцей нашых сумесных…

Реклама

Вядучая старонкі Вера Шут

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии