Каго пабілі ля Пераходаў

0

Штогод не адна тысяча наведвальнікаў Слуцкага гісторыка-краязнаўчага музея, пераважна школьнікаў і гасцей горада, спыняецца каля дыярамы «Бой ля Пераходаў», на якой мінскі мастак Л. Асядоўскі на шырокім фоне адлюстраваў адзін з найболей удалых баёў партызанаў брыгады імя М. Фрунзе 19 красавіка 1944 года. Працаваў над ёю мастак гадоў дванаццаць таму, не заглядваючы, дзеля даставернасці падзей таго дня, у архівы, што пазней пры падрыхтоўцы да выдання кнігі «Памяць» зрабіла тагачасны дырэктар музея Валянціна Відлога.

Што мы бачым на той дыяраме? На дарозе гарыць яркім полымем нямецкі грузавік з салдатамі, частка якіх спешылася і цяпер ляжыць трупамі паблізу, крыху далей ад грузавіка гарыць легкавік з чорным крыжам на капоце (немцы такім крыжам у белай акантоўцы мецілі толькі танкі, бранемашыны ды самалёты). На галовах немцаў каскі, хоць у тыле, нават на сустрэчу з партызанамі, яны рэдка іх надзявалі. Быццам, дробязь для маладога наведвальніка музея, а для ветэрана-франтавіка — пралік мастака. Правы бок панарамы адведзены пылаючай вёсцы Пераходы, а яе, як сведчыць тая ж кніга «Памяць» у адным з архіўных дакументаў, немцы спалілі разам з жыхарамі 23 лютага 1943 года.
А ці так усё было ў сапраўднасці ў той красавіцкі дзень? Заглянем, як кажуць, у святцы — у тую ж кнігу «Памяць», на старонку 393, дзе змешчаны ўзяты з дзяржархіву загад па партызанскай брыгадзе імя М. Фрунзе аб выніках бою з акупантамі ў вёсцы Пераходы, падпісаны яе камандзірам, старшым лейтэнантам Іванам Арастовічам. Ён пасля бою паведаміў, што ў сем гадзін раніцы праціўнік — жандармерыя і паліцыя 66-га батальёна са Слуцка, 8-я і 9-я роты 537 палка сувязі і Грэская паліцыя — усяго каля 500 чалавек, падтрыманыя агнём мінамётаў, кулямётаў, ручных гранатамётаў, маючы радыёсувязь паміж баявымі падраздзяленнямі, павялі наступленне (машыны, на якіх прыехалі, пакінулі ў тыле, далей ад вёскі Пераходы. — М.Т.) ў трох накірунках, на шляху якіх былі вёскі Неспадзянка-Сыраватня, Гарэлыя Масты, Рудзіца, Крушнік, Пераходы. Усім пяці атрадам брыгады імя М. Фрунзе былі загаддзя вызначаны месцы для абароны. Атрад імя К. Ракасоўскага, якім камандаваў Аляксандр Фамін, кадравы афіцэр, заняў абарону на ўзлеску за вёскай Пераходы, ад якой засталіся на месцы хатаў адны галавешкі і счарнелыя печы. Праціўнік пры падтрымцы мінамётнага і моцнага кулямётнага агню ў першым ланцугу стаў набліжацца да лесу і быў сустрэты дружным агнём «ракасоўцаў» і падтрыманых з флангу партызанаў атрада імя М. Астроўскага. З крыкамі «За Родину!», «Ура!», як паведамляецца ў загадзе, партызаны кінуліся ў кантратаку, якая дайшла да рукапашнай.
Гітлераўцы паспешна адступілі, страціўшы 35 чалавек забітымі і каля 25 параненымі. Атрадам імя М. Ракасоўскага захоплены ў палон паліцэйскія і ўзяты трафеі - 3 ручныя кулямёты і 14 дыскаў да іх, 2 аўтаматы з 12 дыскамі, 400 патронаў, 15 ручных гранатаў. Партызаны ў тым баі страцілі аднаго забітага — байца Пароніна, які быў з вайсковымі почасцямі пахаваны пасля бою. Далей у загадзе пералічваюцца прозвішчы партызанаў і іх камандзіраў, якім за мужнасць былі ўручаны ўзнагароды — асабістая зброя і наручныя гадзіннікі. У ліку ўзнагароджаных значыцца камісар Віктар Родчанка. Дарэчы, з Родчанкам у тым баі яго 15-гадовы сын Рыгор не ўдзельнічаў, хоць і насіў вінтоўку: камандзір атрада не дазволіў. Але бацька яму пасля бою паведаў сам-на-сам даволі цікавыя факты. Калі ён разам з байцамі кінуўся ў кантратаку, то натыкнуўся на двух салдатаў у незнаёмай шэрай форме. Яны ляжалі за ручным кулямётам Дзегцярова. Адзін з іх, сярэдніх гадоў мужчына з тыпова сялянскім тварам, закрычаў нямым голасам камісару: «Братачка, не страляй, нас мабілізавалі немцы, мы не паліцаі, а „бэкоўцы“, я па вас не страляў». Віктар Дзмітрыевіч не націснуў гашэтку свайго ППШ, а, падыйшоўшы да кулямётчыкаў, зняў з Дзегцярова дыск, ускрыў яго — усе 47 патронаў былі на месцы. У камісара паявіўся давер да палонных, і яны пасля гутаркі з камандзірам былі залічаны ў атрад.
Як вядома з той жа кнігі «Памяць» са спасылкай на пратакол № 30 пасяджэння Слуцкага падпольнага РК КПБ ад 21 сакавіка 1944 года, немцы і іх прыслужнікі, прадбачачы сваю хуткую гібель, сталі арганізоўваць так званую «Беларускую Краёвую абарону» для барацьбы супраць партызанаў, прыбягаючы да прымусовай мабілізацыі мужчын нават пажылога ўзросту, сямейных, дзеля чаго праводзілі і начныя аблавы. Памятаю, як з нашай вёскі туды зацуглялі двух мужчын, з суседніх — таксама. Такіх «бэкоўцаў» у казармах на тэрыторыі 14-га вайсковага гарадка назбіралі звыш 500 чалавек. Ім паспелі сшыць уніформу, пераапрануць у яе. Ведаючы пра ўсё гэта, партызанскае начальства прымала меры па недапушчэнню масавага прызыву людзей у БКА — праводзілі растлумачальную работу ў вёсках, распаўсюджвалі газету «Народны мсцівец», лістоўкі з адпаведнымі тэкстамі. І тым не менш, немцам удалося нейкую частку прызваных накіраваць разам з паліцэйскімі на баявыя заданні. Напэўна, і тыя дзве роты сувязі ў баі ля Пераходаў былі па свайму складу «бэкоўскімі». Ці не таму партызаны страцілі ў тым баю толькі аднаго чалавека і не мелі ніводнага параненага? Будзь на месцы «бэкоўцаў» нямецкія жандармы ці паліцаі з Грэскага гарнізона, якія мелі на ўзбраенні скарастрэльныя кулямёты МГ-34, ручныя гранатамёты, ахвяраў атраду было б не пазбегнуць, тым болей у рукапашнай сутычцы, аб якой упамінаецца ў загадзе камбрыга.
Калі Чырвоная Армія стала падыходзіць у канцы чэрвеня 1944 года да Слуцка, сотні «бэкоўцаў», скінуўшы чужую ўніформу, а то і ў ёй, спяшаліся дамоў. Чалавек дзесяць прайшло і праз нашу вёску, дзе ўжо днявалі партызаны — і яны іх не чапалі, бо ведалі, што людзі гэтыя спатрэбяцца для фронту, як папаўненне савецкім стралковым палкам і дывізіям, што гналі ворага.

Реклама

Міхась Тычына

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии