Была цытадэль на Случы

0

З часоў, як пачалі засноўвацца гарады, людзей займала пытанне найлепшай арганізацыі гарадской забудовы. Праекты «ідэальных гарадоў» распрацоўвалі архітэктары антычнай Грэцыі, рэнесанснай Італіі і іншыя. Але ўвасабляць у рэальнасць ідэальныя праекты аказвалася справай цяжкай, часам і практычна немагчымай. Тым не менш, прыклады рэалізацыі ў той ці іншай меры дасканалых ідэй вядомы. У гісторыі беларускай архітэктуры адзін з такіх прыкладаў дае забудова Слуцка ХVІІ-ХVІІІ стагоддзяў. Можна выказаць меркаванне, што гэта быў «класічны перыяд» існавання горада, калі ўсе элементы горадабудаўнічай сістэмы арганічна дапаўнялі адзін другога і стваралі цэльны гарманічны комплекс. Важнейшымі элементамі, якія ўваходзілі ў старадаўні гарадскі ансамбль, з’яўляліся абарончыя збудаванні. Дзякуючы ім на доўгі час за Слуцкам трымалася слава «Цытадэлі Літвы».

Абарончыя ўмацаванні горад меў і раней. З ХІІ стагоддзя гэта быў дзядзінец. На яго месцы ў ХVІ стагоддзі ўжо ўзвышаўся Верхні замак, да якога прымыкаў замак Ніжні. Але замкавы комплекс тады знаходзіўся ў цэнтры, з усіх бакоў яго абкружала жылая забудова, з-за чаго стратэгічнае значэнне ў справе абароны ён страціў. Таму князь Юрый ІІ Алелькавіч арганізаваў узвядзенне новых абарончых умацаванняў. Стары Слуцк па перыметры абкружылі земляным валам, які насыпаўся адначасова з рыццём перад ім рва. Калі на паўночным баку горада роў перасёк ручай Бычок, а канцамі злучыўся са Случчу, то ён хутка запоўніўся вадою, што стварыла перад валам дадатковую перашкоду. На ўсходняй жа ўскраіне Новага Слуцка з’явілася Цытадэль, якую яшчэ называлі Новым замкам.
Князь Багуслаў Радзівіл у 2-й палове саракавых гадоў ХVІІ стагоддзя значна палепшыў слуцкія фартэцыі. Сам ён добра разбіраўся ў архітэктуры, быў у курсе найноўшых тагачасных архітэктурных ідэй. Для арганізацыі работ і кіраўніцтва імі запрасіў прафесійнага архітэктара-фартыфікатара Тэафіла Спіноўскага. Былі ўдасканалены ўмацаванні Старога Слуцка, Цытадэль, а таксама земляным валам абнесена тэрыторыя Новага Слуцка — Зарэчча. Вал у вышыню дасягаў 8-мі метраў, таўшчыню каля асновы меў 26,6 метра. На Случы зрабілі плаціну, перакрыўшы якую, можна было пусціць ваду па рвах вакол горада. Калі вада іх перапаўняла, то падходы да горада станавіліся затопленымі.
У Стары горад трапіць можна было праз размешчаныя ў таўшчыні вала тры ўваходныя мураваныя брамы. Меншая, памерам 9,15 на 15,25 метра, размяшчалася з боку прадмесця Востраў. Да яе ад цэнтра вяла вуліца Востраўская, таму і браму называлі Востраўскай. Дзве другія брамы мелі аднолькавыя памеры (25,6 на 36,6 метра) і знаходзіліся на поўначы і захадзе. Да іх падыходзілі вуліцы Капыльская і Віленская, таму і назвы іх былі адпаведнымі. З-за таго, што побач з Віленскай брамай знаходзіўся Ільінскі манастыр, вуліцу і браму часам называлі Ільінскімі. Мураваныя брамы Старога горада існавалі, верагодна, з часоў Алелькавічаў. У Новым горадзе да брамы вяла вуліца Навамейская (цяпер імя М. Багдановіча). Для яе будаўніцтва выкарысталі танны і распаўсюджаны матэрыял — дрэва, што было абумоўлена неабходнасцю ў сціслы тэрмін завяршыць умацаванне Новага горада: на Украіне распачаліся казацкія мяцяжы, якія, як пакажа час, пагражалі і беларускім землям. Праект брамы зрабіў князь Багуслаў. Гэта была трох’ярусная шатровая пабудова з уваходным праёмам. На другім ярусе размяшчалася абнесеная па перыметры адкрытай галерэяй надбрамная царква, на трэцім — памяшканне для дазору. Перад кожнай брамай шырыня рвоў павялічвалася, і ў гэтым месцы пасярэдзіне выступалі невялікія выспы-астраўкі. На выспы з брамы і з боку поля пад вуглом адзін да аднаго былі перакінуты масткі. Масткі, прылягаючыя да брам, былі пад’ёмнымі. Самі брамы зачыняліся аббітымі жалезам драўлянымі створамі.
Асаду можна было трымаць і з брам, але галоўным чынам абаронцы размяшчаліся на валах. Лінія вала праз пэўны адрэзак рабіла гранёны выступ у бок поля, ствараючы бастыёны. Вал Старога горада меў 8 бастыёнаў, Новага горада — 5. Адлегласць паміж бастыёнамі дазваляла перакрыжаваным агнём з размешчаных на іх гармат стрымліваць падыход ворага да курцін валоў. Узброенныя абаронцы размяшчаліся па ўсяму перыметру вала, забрацца на які з боку горада можна было па спецыяльных насыпных пад’ёмах-пандусах. Такія пад’ёмы меліся абапал брам і ў размешчаных каля рэчкі крайніх бастыёнах.
У лінію знешніх умацаванняў уваходзіла і Цытадэль. Яе квадратную (250 на 250 метраў) тэрыторыю таксама бараніў земляны вал з бастыёнамі і роў з вадою. У адрозненне ад гарадскіх бастыёнаў, меўшых від звычайнага выступу вала ў бок поля, цытадэльныя бастыёны, на кожнным з якіх ўзвышалася драўляная вежа, былі поўнасцю насыпнымі і стваралі ўзвышаную ромбападобную пляцоўку. У таўшчыні бліжэйшага да ракі бастыёну з боку поля знаходзіўся склад з порахам. У Цытадэль трапіць можна было толькі з горада праз узведзенную ў вале браму. Існаваў таксама патаемны выхад да ракі. Перад Цытадэллю з боку поля быў зроблены «П»-падобны равелін.
Завяршыў рэканструкцыю слуцкіх умацаванняў Багуслаў Радзівіл як раз у тэрмін. Ужо ў 1648 годзе Слуцк спрабавалі захапіць казакі, а ў 1655 годзе да горада двойчы падыходзілі рускія войскі пад кіраўніцтвам князя Шарамецева і казакі атамана Залатарэнкі, але горад аказаўся непрыступным. У першым выпадку кіраваў абаронай начальнік слуцкага гарнізона Ян Сасноўскі, у другім — палкоўнік Пэтэрсан.
Апошні раз у сярэдзіне ХVІІІ стагоддзя ўдасканальваў слуцкія фартэцыі Геранім Фларыян Радзівіл. Слуцк працягваў заставацца горадам-крэпасцю, а яго ўзбраенне, асабліва артылерыя (аб чым з гонарам гаварыў князь Геранім) была роўнай каралеўскай.

Реклама

Ігар Ціткоўскі

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии