Пакліч мяне ў вясну

0

Дзеванькі, кабеткі, старыя і новыя сяброўкі ды ўсе, хто ахвоч да вершаў аб жаночай долі, няпростым каханні, аб роднай бацькоўскай хаце, пяшчоце матчыных рук — тыя не застануцца абыякавымі, прачытаўшы новыя пранікнённыя радкі слуцкай паэткі Любові Семяновіч.

Сёння бачыла цябе зноў.
Як звычайна насустрач крочыў.
Ты — прычына маіх замоў
У маўклівым бяссонні ночы.

Реклама

Ты — загадкавае цяпло,
Нібы сонца маё зямное.
Ты — другое маё крыло
І дыханне маё другое.

Я ў вочы твае зірну,
Зачаруюць яны адразу.
Ты пакліч мяне ў вясну,
Дзе з табою мы будзем разам.

Успаміны
плешчуцца па хаце
Дзе з дарогі нас чакала маці
Праз усе шляхі і халады,
Успаміны плешчуцца па хаце
Блікамі калодзежнай вады.

Колькі добрых песень чула хата,
Мудрых слоў, матуліных парад.
Зноў душа заныла вінавата —
Адгукнуўся сумным рэхам сад.

Зарыпеў пад грушаю калодзеж,
Нібы палічыў свае гады, —
Нанач хату, кажуць у народзе,
Пакідаць не трэба без вады.

Кубкам зачаплю — спяе вядзерца, —
Паляціць па хаце перазвон.
І застыне і сарвецца сэрца,
І памчыцца мроям наўздагон.

Жанчынам
Жаночай цеплынёй сусвет сагрэты.
Радкі высокіх слоў аб ёй, найперш.
І ўсё ж, ці змог бы стаць
паэт паэтам,
Калі б не прысвяціў жанчыне верш?

Свет вобразаў, вясной зачараваных,
Стагоддзямі стваралі мастакі.
І ў кожную з нас нехта закаханы —
Так ёсць, было і будзе праз вякі.

І кветкі, як прызнанні дарагія,
Прымаем шчыра мы
з пяшчотных рук.
Зямное шчасце музам і багіням
Вястуе ў свята веснавы жаўрук.

Сон
Пасядзі, матулечка, са мною.
Хоць у сне кароценькім прыйдзі,
Усміхніся шчырасцю сваёю,
Да шчакі далонь мне прыкладзі.

Прыгадаем памятныя даты,
Часта так сядзелі мы з табой,
Стала ў хаце ўжо халаднавата —
Восень гаспадарыць, лістабой…

Я прысню — і так мне лёгка стане,
Быццам рана ў сэрцы зажыла.
Мне б даўжэй пабыць у тым падмане,
Мама…
Дзе ж ты?..
Раніца прыйшла.

Віншую
Віншую цябе з дажджом,
З бязлітаснаю спякотай,
Са спелым жытнёвым днём,
Што ноччу заліты ўпотай.

З бясконцасцю тых дарог,
Праз смак палыну і поту,
Дзе ўсё ж зберагае Бог
Ад здрады і адзіноты.

Віншую, што кожны дзень
Усмешка твая патрэбна,
Паслухай, зноў дождж ідзе,
Яднае зямлю і неба.

Лепш гартайце
лёс уласны
Бегла, зачапілася, упала,
Паднялася — крыўдна і баліць.

Толькі не прапала,
не прапала —
Бог у сведках —
хопіць гаварыць.

Хопіць лемзаць
тыя шкадаванні,
Што каштуюць
меней асцюкоў.

Лепш гартайце
з вечара да рання
Лёс уласны.
Можа, без грахоў?

Лепш сваю бялізну
ператрэсці,
А ў чужое — божа барані,
Ні з парадай,
ні з папрокам лезці,
Асуджаць, як джаліць на агні.

Зноў «лячу» і думаю:
«за-а-б'юся».
Падаю — і крыўда, і сіняк.
Толькі вось сама я разбяруся,
Дзе яго лячыць, калі і як.

Звініць лыжня
На вузкіх палазочках зімы
вазок крыштальны
Так лёгка і ўладна
прамчаўся па зямлі.

І адліваюць срэбрам
у водбліску світальным
Заснежаныя дрэвы,
дарогі і палі.

Так хораша, марозна.
Звініць лыжня, як струны.
Як здорава, што ўзімку
канікулы даўжэй!

Дзіцячы смех і гоман,
так бесклапотна — юны,
Узнімаецца над светам
усё вышэй, вышэй.

Здаецца, што нічога больш
у жыцці не трэба
Для дружнай і шчаслівай
дзіцячай гаманы.

Каб толькі дзень даўжэйшы
зліваўся з сінню неба
І да цямна ад ранку
звінелі дзве струны.

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии