Нястрыманасць ці розум

0

Кураць сёння ад малога да старога. Усе яны, курыльшчыкі, добра ведаюць, што курэнне шкодна здароўю. Але заўсёды чуеш ад іх адзін адказ: «Не хапае сілы волі, каб назаўсёды развітацца з цыгарэтай». Не хапае той волі, упэўнены, толькі да нейкага часу. Той час кожнаму курыльшчыку свой, але абавязкова прыйдзе…

Гісторыя, што маю намер расказаць, ад даўнасці ўжо і мохам абрасла. Але для мяне яна быццам учора адбылася.
Ішоў 1947 год. Засуха зрабіла сваё, што на бязгнойных агародах нічога не вырасла. Перабіваліся з заціркі на калатушку. Ранены на вайне бацька дабіваў сваё апошняе здароўе тытунём. Наб’е самасаду ў люльку, дзень смокча. Мо так ад голаду ратаваўся, а мо ад таго жыцця, што заваяваў. Неяк летняю ноччу пачаўся пажар у хаце. Заснуў бацька, а люлька вывалілася на сеннік. Перапалох у хаце быў вялікі. Але гэта яшчэ не той быў час, каб кінуў бацька курыць. Моўчкі выслухваў доказы, што здароўе яго пагаршаецца ад цяжкай калгаснай працы, а сам ад тытуню робіцца жоўклым і хілым. Ён з усімі пагаджаўся, а выслухаўшы папрокі, зноў напіхваў тытунь у люльку.
Як пачалося жніво, дык вольнага часу зусім не стала. Працавалі ад світанку да цёмнага. Камбайнаў не было. Жыта жалі сярпамі, вязалі ў снапы і ставілі ў крыжыкі ці ў бабкі, а пасля звозілі гэтыя снапы ў сцірты. Зімой прыходзіла малатарня.
Бацька стаяў на версе сцірты і ўкладваў снапы. Скласці сцірту — трэба мець пэўнае майстэрства, каб у дождж не зацякла яна. Ён лічыўся менавіта такім майстрам і не першую сцірту склаў. Вядома, у час работы цвёрда трымаў сваю люльку ў роце. І вот прыйшоў яго час…
Мы, малыя дзеці, як заўсёды, у той дзень былі дома. А дзень быў спякотны. Прыйшлі каровы з ранку, мама падаіла, мяне прымусіла занесці малако на прыёмны пункт. Пасёрбаўшы забеленай малаком калатушкі, я круціўся каля двара, каб выгнаць на пашу апоўдні карову. Маці пайшла ў поле, а бацька недалёка за агародамі складваў снапы ў сцірту. І раптам у двор зайшоў чужы, страшны дзядзька. Не паспеў яму растлумачыць, што дома няма дарослых, як ён залыгаў вяроўкай за рогі карову і павёў з двара. Я кінуўся да бацькі.
Сцірта была ўжо высокая, закруглялася. Але пачуўшы, што з двара павялі карову, ён спусціўся на снапах уніз і пакульгаў дамоў, дзе схапіў ёмачку. Дагнаў карову на вуліцы. Яна ўпіралася, не хацела ісці ад двара. Дагнаўшы, ён моўчкі пачаў хрысціць ёмачкай гэтага мужчыну. Той кінуў вяроўку і стаў пагражаць бацьку турмою.
Хутка навіна, што фінагент хацеў забраць карову, абляцела вёску. Супраць нашай хаты сабралася таўкатня. Але прыйшла брыгадзірка, стала прасіць, каб бацька сёння скончыў класці сцірту. Бацька тросся ад таго, што здарылася. Забяры фінагент карову, дзеці памруць з голаду. Ды не такі ён быў вялікі нядоімшчык, каб забіраць у яго апошнюю карову! Ён заявіў, што паедзе ў раён шукаць праўду. Але брыгадзірка плакалася, што сцірта не закончана, пойдзе дождж і калгаснае зерне згніе. Бацька пагадзіўся пайсці на работу. Расхваляваны, ён падняўся на верх сцірты. Ля сцірты стаяла некалькі вазоў са снапамі. Усе чакалі, калі бацька пачне ўкладваць снапы.
Бацька быў у псіхалагічным напружанні і не заўважыў, як сноп сваім гузыром стукнуў па люльцы. Тая выляцела з зубоў на снапы. Тлеючы тытунь высыпаўся з люлькі. Бацька збіраў яго і клаў сабе на далонь. Сцірту давялося трохі разабраць. Аблітыя вадою снапы аднеслі ў бок. Позна вечарам сцірту завяршылі. Але яшчэ тры дні бацька не злазіў з яе ні на хвіліну. Ён разумеў, што агню з люлькі ў снапах не засталося, але баяўся, што нехта можа падпаліць сцірту. Тады яму пагражала смерць.
За тыя тры дні ён дадумаўся, што прыйшоў час кінуць курыць. А зрабіць было гэта нялёгка. Бо і сёння я памятаю, як мучаўся ён ад кашлю. Але розум перамог.
Мне, ніколі не курыўшаму, вельмі дзіўна, што людзі не могуць перамагчы сваю звычку, не самую лепшую, пакуль не грымне гром над яго жыццём.
За тое, што адбіў карову ёмачкай, бацьку не пасадзілі. Толькі фінагент той хутка быў застрэляны бандытам. Але гэта ўжо другая гісторыя…

Реклама

Уладзімір Дамель

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии