Святар-земляроб

0

Яму двойчы наказвалі «сушыць сухары», але ён не адрокся ад свайго сану
Першая сустрэча з гэтым даволі цікавым чалавекам, якога цанілі і паважалі ў сваім калгасе і трымалі на кантролі спецслужбы, адбылася ў мяне летам 1954 года ў Маскве, на Усесаюзнай сельскагаспадарчай выставе.

Прасвітар-брыгадзір у Маскве
Туды я, малады журналіст раённай газеты, трапіў як турыст. Удзельнікам выставы стаў калгас імя Калініна Слуцкага раёна, у якім працавалі мае бацькі. Залу, дзе дэманстраваліся дасягненні гаспадарак Беларусі, адшукаў хутка, як і стэнд, адведзены для лепшых земляробаў Случчыны. І нечакана тварам да твара сутыкнуўся з пажылым, крыху сутулаватым мужчынам, у якім я пазнаў Радыёна Быкоўскага, прасвітара Слуцкай абшчыны евангельскіх хрысціянаў-баптыстаў. Ён пражываў у Папоўцах — вёсцы, суседняй з маёй. Я запытаўся ў земляка, з якой нагоды ён прыехаў на выставу, і даведаўся, што ў склад групы з сямі чалавек з калгаса ён трапіў як брыгадзір садова-агародняй брыгады. Потым мы разам падыйшлі да стэнда, адведзенага для калгаса імя Калініна, дзе на фотаздымках і ў лічбавых паказчыках былі адлюстраваны і здабыткі ўзначальваемага Радыёнам Нікіфаравічам калектыву. Да нас падыйшоў яго аднавясковец і паведаміў, што ўся група ўдзельнікаў выставы ідзе фатаграфавацца, і мы развіталіся.
Па тым часе ўстоі атэізму ў грамадстве былі даволі трывалыя, і святары на такія мерапрыемствы траплялі, вядома, не часта.

Реклама

Пастыр слуцкіх баптыстаў
Наведваючы тутэйшы калгас, часцяком па вуліцы вёскі Папоўцы сустракаўся з Радыёнам Нікіфаравічам, чуў ад яго землякоў самыя цёплыя і паважлівыя водгукі аб ім. Даведаўся пра тое, як у гады нямецка-фашысцкай акупацыі ён з жонкай Якілінай Сцяпанаўнай збіраў вернікаў у пуставаўшым будынку брыгаднага клуба. Туды прыходзілі не меней трыццаці вяскоўцаў. Заглядвалі на багаслужэнні і людзі з суседняй вёскі, а па вяртанні гаварылі: «Як там хораша пяюць і славяць Хрыста!». Сялянам у той час хадзіць у Слуцкую праваслаўную царкву было небяспечна: баяліся трапіць у аблаву немцаў і паліцаяў.
Толькі нядаўна, з нагоды 90-годдзя стварэння Слуцкай абшчыны евангельскіх хрысціянаў-баптыстаў, я наведаў іх новы малітоўны дом па вуліцы Якуба Коласа і пачуў з вуснаў прасвітара Генадзя Ралько драматычную гісторыю выжывання гэтай абшчыны, нялюбай бальшавіцкім уладам. У 1932 годзе НКУС асудзіў на высылку святара Ціхана Гука. У 1935 годзе раённыя ўлады закрылі малітоўны дом абшчыны ў Слуцку, канфіскавалі ўсю яго маёмасць, шэсць актыўных вернікаў трапілі ў турму, у іх ліку былі і два аднавяскоўцы Радыёна Нікіфаравіча — Сцяпан і Цімафей Калядкі. І тым не менш, людзі не адцураліся сваёй веры, употай маліліся ў лесе за вёскай.
З 1950 па 1965 гады абшчыну бяззменна ўзначальваў Радыён Нікіфаравіч. І хоць вернікі ўжо не адчувалі ранейшага праследу ад улады, але іх пастыру не раз даводзілася перад чыноўнікамі розных рангаў абараняць сваё права на боскую службу.

Успамін дачкі
Каб мець болей дакладныя звесткі аб асобе гэтага прапаведніка веры Хрыстовай, а заадно і пра ягоныя справы як вопытнага агародніка-садоўніка, я наведаў дом па вуліцы Б. Хмяльніцкага, дзе пражывае яго дачка Ганна Суровая, пенсіянерка, былая санітарка вайсковага шпіталю ў Слуцку. Сямідзесяціпяцігадовая дачка святара падзялілася ўспамінамі пра бацьку.
— Прыняць агародна-садовую брыгаду бацьку ўгаварыў старшыня калгаса Сяргей Сямёнавіч Паляшчук. Ён як чалавек сталы, былы франтавік, цаніў ініцыятыўных людзей. Набралася ў брыгаду мо сорак жанчын, пераважна маладых, і мяне бацька ўключыў у спіс. Выдзелілі нам тры гектары зямлі. Трактарам толькі заворвалі і баранавалі яе, усе астатнія работы выконвалі ўручную, з матыкай і граблямі. Мела брыгада і свой парнік, дзе вырошчвалі рассаду. Бацька закупляў у Мінску насенне высокаўраджайных сартоў памідораў, пад іх займалі цэлы гектар. Былі гады, калі на грузавой машыне вазілі памідоры не толькі на слуцкі базар, але і ў Мінск. Сама не раз ездзіла туды і бачыла, як за слуцкімі памідорамі выстраіваліся чэргі. Не раз чула, як пыталіся: «Вы іх з Украіны ці Малдавіі прывезлі?». Не маглі паверыць, што добрыя памідоры можна вырошчваць і ў нас, у Беларусі.

— А якім Радыён Нікіфаравіч быў дома, у сям'і?
— Дома бацька ніколі на нас не павышаў голасу, на маму — таксама. Ён быў патрабавальны да нашай вучобы, працы дома, на сваіх сотках, у калгасе.
Нас, чацвярых сясцёр і дваіх братоў, бацька не прымушаў падзяляць яго рэлігійныя погляды, і мы заставліся няверуючымі, як і большасць дзяцей той пары. Калі сталі дарослымі, кожны па свайму жаданню далучыўся да веры евангельскай.

— Ад вернікаў Вашай вёскі я чуў, што Вашага бацьку не раз запрашалі ў Слуцк на бяседу ў спецорганы, угаворвалі адмовіцца ад сану прасвітара.
— Сапраўды, некалькі разоў бацька вяртаўся са Слуцка заклапочаным і хмурым, гаварыў маці, што яму наказалі «сушыць сухары». Чакаў арышту і высылкі. Маці трымала ў запечку мяшэчак хатніх сухароў - на ўсялякі выпадак. Ішоў час, бацьку не раз напаміналі пра тыя сухары, але не чапалі. Мусіць, Бог убярог яго ад турмы.
Гасподзь дараваў бацьку доўгі век. Пражыў ён 90 гадоў. Апошнія тры гады яго жыцця, калі бацька быў ужо ўдавец і яму стала не па сілах упраўляцца з домам і падворкам, ён прыязджаў на зіму да мяне, у горад, а вясною з радасцю вяртаўся ў сваю хату.

…На сцяне ў рамцы пад шклом у доме Ганны Радыёнаўны вісіць вялікі групавы фотаздымак з Усесаюзнай сельскагаспадарчай выставы, датаваны 1954 годам. На ім Радыён Нікіфаравіч са сваімі землякамі. Ганна Радыёнаўна расказала, што бацька перадаў ёй здымак незадоўга да сваёй смерці. Кожную нядзелю і ў дні святаў хрысціянскіх дачку святара можна сустрэць у малітоўным доме абшчыны, падмурак якога ў далёкія і нялёгкія 30−50-я гады закладваў яе бацька Радыён Быкоўскі.

Міхась Тычына

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии