Слуцк і Капыль — дзве старажытныя сталіцы

0

Слуцк і Капыль — старажытныя беларускія гарады, якія некалі ўзніклі як паўночныя фарпосты ў арэале рассялення ўсходнеславянскага племяннога саюза дрэгавічаў. У гістарычным лёсе яны маюць шмат агульнага. Таму любы сённяшні даследчык, які вывучае мінулае аднаго горада, не зможа абыйсціся без звяртання да гісторыі другога.

Абодва гарады з’яўляліся буйнейшымі населенымі месцамі існаваўшага з канца ХІІ стагоддзя ўдзельнага княства. Яго сталіцаю быў Слуцк, гаспадары княства, нашчадкі кіеўскага князя Ізяслава Яраславіча — Ізяславічы, называліся князямі слуцкімі. Упершыню на старонках летапісу Капыль з’явіўся пазней, чым Слуцк. Яго можна лічыць малодшым братам Слуцка, ствараецца нават уражанне, што і слава яго быццам-бы хаваецца ў цяні славы старэйшага брата. Тым не менш, калі напрыканцы ХІV стагоддзя замест Ізяславічаў на Случчыне з’явіліся новыя гаспадары — прадстаўнікі роду вялікага князя літоўскага Альгерда, то ў летапісе гэту падзею зафіксавалі так: «…князю Володимиру Ольгердовичу, тогда бывшу в Киеве, и не всхте покоры учинити и челом ударити великому князю Витовту. … того же лета на осень князь великий Витовт выведе его ис Киева и даст ему Копыль…» Радкі гэтыя сведчаць што галоўным горадам краю тады з’яўляўся Капыль.
Наўрад ці існавала саперніцтва паміж гарадамі за лідарства, але пачынаючы з ХVІ стагоддзя і пазней менавіта Капыль не раз разглядаўся альбо як галоўны горад краю, альбо раўназначны Слуцку. Ва ўсялякім разе многія важныя падзеі ў абодвух гарадах разгортваліся паралельна ці адначасова. Напрыклад, сёлета спаўняецца 355 гадоў, як Капылём было атрымана Магдэбургскае права. У тым жа 1652 годзе са згоды князя слуцкага і капыльскага Багуслава Радзівіла Магдэбургскае права было атрымана і Слуцкам. Праўда адзначым, што Слуцк тады хутчэй не атрымаў, а аднавіў тое права. Бо ўпершыню яно было дадзена гораду ў 1441 годзе пры князю Аляксандры Алелькі і дзейнічала да пачатку ХVІ стагоддзя, калі ў сувязі з татарскімі нападамі яго адмяніў унук Алелькі князь Сімяон Міхайлавіч.
Князь Алелька (1380−1454) імкнуўся вярнуць адабранае ў яго бацькі Кіеўскае княства, чаго ўрэшце дамогся. І калі ў 1443 годзе адправіўся ў Кіеў, то ў Слуцкім княстве, якое таксама заставалася ў яго, намеснікамі пакінуў сыноў. Старэйшаму Сімяону даверыў Слуцк, малодшаму Міхаілу — Капыль. Гэта сведчыць, што Слуцк зноў стаў галоўным горадам краю. Падцвярджэннем таму з’яўляецца ўпамінанне Слуцка ў тагачасным пераліку 15-ці буйнейшых гарадоў Вялікага княства Літоўскага, а таксама тое, што ён трэцім з беларускіх гарадоў стаў уладальнікам Магдэбургскага права.
Калі ж вярнуцца да Капыля, то менавіта з гаспадарання ў ім Міхаіла Алелькавіча сучасныя гісторыкі пачынаюць размову пра Капыльскагае княства, якое ўяўляла сабою невялікі ўдзел у межах княства Слуцкага.
Пасля смерці бацькі, у 1454 годзе старэйшы сын Алелькі Сімяон І Аляксандравіч (1420−1470) замест яго адправіўся ў Кіеў, а гаспадаром аб’яднанай Случчыны стаў малодшы Міхаіл Аляксандравіч (1425−1481). Хутчэй за ўсё, што ён добра ўладкаваўся ў Капылі, таму княжацкая сям’я не пакінула яго дзеля Слуцка. З Капыля ў Слуцк, ужо пасля смерці Міхаіла, пераехаў яго сын Сімяон ІІ Алелькавіч (1460−1505) і вельмі добра ўмацаваў слуцкі дзядзінец, ператварыўшы яго ў непрыступную крэпасць, якая на пачатку ХVІ стагоддзя вытрымала неаднаразовыя напады ворагаў. Аб’яднаная ж Случчына з цэнтрам у Капылі да пераезду Алелькавічаў у Слуц, называлася Капыльска-Слуцкім княствам.
Калі кіеўскага князя Сімяона І Аляксандравіча не стала, вялікі князь літоўскі замест Кіеўскага княства даў яго нашчадкам — жонцы Марыі і дзецям — княства Пінскае. Але княгіня Марыя Пінскам была не задаволена і захацела вярнуцца ў Слуцк, дзе жыла да ад’езду ў Кіеў. Зноў з’явілася пагроза падзелу Слуцкага княства на ўдзелы. У Міхаіла Алелькавіча абмежавацца толькі Капыльшчынай жадання не было, ён выступіў супраць вяртання сям'і старэйшага брата. Спрэчку паміж сваякамі разглядаў вялікакняжацкі суд, які вынес рашэнне: за княгіняй Марыяй і яе дзецьмі замацаваць Пінскае княства — яно станавілася спадчынай старэйшай галіны роду Алелькавічаў, а за князем Міхаілам Алелькавічам і яго дзецьмі - княства Слуцкае, якое аб’яўлялася спадчынай малодшай галіны роду Алелькавічаў.
Такім чынам мы бачым, што ў Слуцка-Капыльскім (альбо Капыльска-Слуцкім) княстве існавалі дзе сталіцы. І ў Капылі, і ў Слуцку былі замкі з княскімі палацамі.
Зноў самастойнымі цэнтрамі Слуцк і Капыль сталі пасля смерці слуцкага князя Юрыя І Сімяонавіча (1492−1542), калі Слуцкае княства падзялілі яго сыны. Старэйшы Юрый ІІ Юр’евіч (1530−1578) атрымаў Слуцк, Капыль — малодшы Сімяон ІІІ Юр’евіч (?-1560). Аднак як і раней, Капыльскае княства заставалася адміністратыўнай адзінкай у межах агульнага Слуцкага княства. Абодва браты разам пастаўлялі ад сваіх уладанняў войска ў склад літоўскага войска. Тым не менш, гістарычныя дакументы сведчаць, што адносіны між братамі не заўсёды былі бясхмарнымі. Напрыклад, Архіў канцылярыі вялікага князя літоўскага за 1557 год зафіксаваў скаргу князя Сімяона на слуг свайго старэйшага брата князя Юрыя з той нагоды, што праяжзджаючы 20 сакавіка 1557 года разам са сваімі служэбнікамі паўз замак слуцкі, яны былі абстраляны адтуль з гармат і рушніц, і ледзь не атрымалі шкоду свайму здароўю.
Пасля смерці малодшага брата, у якога не засталося спадчыннікаў, Капыльскае княства далучылася да ўладанняў Юрыя ІІ Юр’евіча. Аднак напрыканцы свайго жыцця гэтаму князю зноў прыйшлося дзяліць княства паміж сваімі трыма сынамі. Большыя часткі Слуцка і Случчына дасталіся Юрыю ІІІ (1559−1586), меншая частка Слуцка (Зарэчча), Капыль і Капыльшчына — сярэдняму Сімяону IV (Яну-Сімяону) (1560−1592), а малодшаму Аляксандру ІІ (1563−1591) — слуцкае прадмесце Востраў і шэраг маёнткаў. Пасля смерці ўсіх братоў падзеленае Слуцкае княства зноў аб’ядналася ў руках адзінай спадчынніцы Сафіі Алелькавіч (1585−1612). Яна стала жонкай Януша Радзівіла і з тых часоў Случчына знаходзілася ўжо ў ліку ўладанняў Радзівілаў, прадстаўнікі роду якіх у сваіх тытулах, згадвалі, што яны, акрамя іншага, з’яўляюцца і князямі Слуцкімі і Капыльскімі.
За доўгую гісторыю значэнне Слуцка і Капыля не зменшылася. Цяпер яны з’яўляюцца адміністратыўнымі цэнтраммі адпаведных раёнаў.

Реклама

Ігар Ціткоўскі

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии