Два гады няволі

0

За тры гады нямецкай акупацыі са Слуцка і раёна прымусова на працу ў Германію было адпраўлена звыш шасці тысяч чалавек, пераважна моладзі. Не ўсе з іх пасля вайны вярнуліся дамоў, многія памерлі ў лагерах ад голаду і хваробаў, сталі ахвярамі саюзных бамбардзіровак Германіі. З тых, хто вярнуўся, сёння ў жывых засталося не шмат, каму ўжо за восемдзесят. Сярод іх і Мікалай Бойка, жыхар вёскі Селішча.

Той халодны ветраны дзень 19 сакавіка 1943 года Мікалаю Герасімавічу Бойку ўрэзаўся ў памяць на ўсё жыццё. На досвітку іх вёску Нова-Белічы акружылі немцы і паліцаі са Слуцка, сталі шукаць хлапцоў і дзяўчат, якія па позвах старасты не захацелі быць астарбайтарамі ў Германіі - не з’явіліся на зборны пункт. Мікалая і двух яго аднагодкаў, такіх жа шаснаццацігадовых хлапцоў, паліцаі ўзялі пад арышт. Маці паспела сабраць у торбачку сёе-тое з ежы на дарогу, і праз нейкіх паўгадзіны ўсіх траіх паліцаі даставілі ў будынак былога камерцыйнага вучылішча. Там такіх, як яны, сабралі чалавек пяцьдзесят. Падагналі грузавікі, пасадзілі ў адкрытыя кузавы з канвойнымі - і ў Мінск, на таварную станцыю. Моладзь загналі ў халодныя «цялячыя» вагоны з нарамі - і паімчаў поезд на захад. Спыніўся ў невялікім гарадку Бантаў непадалёку ад Данцыга. Усіх нявольнікаў сагналі ў доўгі драўляны барак за калючым дротам. Два тыдні трымалі на галодным пайку: раз у дзень давалі баланду з варанай бручкі і лустачку чэрствага хлеба. Выходзіць з барака забаранялася, сярод зняволеных пачаліся крывавыя паносы, некалькі чалавек памерла. Нарэшце ўсіх, хто мог ісці, вывелі ў двор, пастроілі ў адзін шэраг. На размеркаванне рабсілы прыехалі купцы з усёй акругі. Да Мікалая падыйшоў пажылы, гадоў пад шэсцьдзесят, баўэр з пугай у руцэ і паківаў пальцам: маўляў, ідзі за мною. Селі ў ягоную павозку, што стаяла паблізу, і, праехаўшы кіламетраў дваццаць, сыйшлі ля цаглянага дому. Там ужо было пяць парабкаў-палякаў і нават два немцы з ліку тых, што да вайны пражывалі ў Польшчы. Пад жыллё баўэр адвёў ім нягеглы старэнькі домік у глыбіні двара, там начавалі на нарах. Туды фраў, нелюдзімая маўклівая немка, бяздзетная, прыносіла ежу. Паёк скупы баўэр выдаў такі: 300 грамаў хлеба на чалавека ў дзень, на сняданак — суп з сывараткі, запраўлены жменяй ячнай ці пшоннай крупы, кубачак кавы з сахарынам; у абед — той самы суп ды некалькі вараных бульбін; на вячэру — зноў баланда з бручкі ці перакісшай капусты. Ні мяса, ні сыру, ні малака астарбайтарам не перападала.
Баўэр меў 90 гектараў зямлі, трымаў 30 кароў, 7 рабочых коней. У шэсць гадзін раніцы парабкі ўжо былі на нагах, работы хапала ўсім, таму як сам баўэр займаўся толькі наглядам за ходам работ, збытам прадукцыі. Усё малако (акрамя двух літраў для сябе) ён здаваў для рэйху, зерне пшаніцы і жыта — таксама, на корм жывёле пакідаў авёс і ячмень. Апрацоўкай зямлі на конях займаўся саракагадовы паляк. Мікола з двума палякамі даглядваў жывёлу, касіў траву на сена, чысціў кароўнік і канюшню, вазіў на поле гной. І ўсё без выхадных. З раніцы да позняга вечара. Пад пільным наглядам даволі жорсткага па натуры баўэра, перакананага нацыста.

Реклама

— Мікалай Герасімавіч, мінула больш за шэсцьдзесят гадоў, як Вы выйшлі на волю. Што яшчэ ўрэзалася ў памяць з той пары?
— Былі і радасныя часіны, калі баўэр у канцы месяца выдаваў нам заробак — па 20 марак. За іх можна было паблізу ў магазіне купіць два куфелі піва (яно адпускалася і немцам без картачак), пачак цыгарэт. І толькі.
Самай напружанай працай у нашым жыцці была ўборка збожжавых. Пасля коннай жняяркі са снапавязалкай мы ішлі з віламі і клалі снапы на павозку, звозілі да паравой малатарні. Пад вечар валіліся з ног на свае нары. Зрэдку рабочы-паляк, які пасвіў і даіў кароў, даваў мне, употай ад баўэра, кубачак сырадою. Добра памятаю, як нярэдка на полі мы знаходзілі скінутыя з англійскіх самалётаў лістоўкі, напісаныя на рускай мове. З іх мы даведаліся пра разгром нямецкай арміі Паўлюса ў Сталінградзе, пра вынікі Курскай бітвы. Вядома, прачытаўшы, мы перадавалі лістоўкі іншым знаёмым батракам, хоць гэта было вельмі небяспечна.
Пачынаючы з вясны сорак чацвёртага году саюзнікі амаль кожны дзень бамбілі навакольныя гарады, аэрадромы, і баўэр, вядома, здагадваўся, што не за гарамі поўны разгром вермахта.

Крыху памякчэў у размовах.

— А пісьмы з дому да Вас даходзілі хоць зрэдку?
— Дазвалялася раз у месяц атрымаць ад маці ці бацькі вестачку — і то была радасць. А я мог адправіць ім сваё пісьмо. Здагадваліся мы, што цэнзура гестапаўская іх правярае і ўсё, што лічыла лішнім, выкрэслівала — аб гэтым бацькі пазней расказалі.

— А хто вызваліў Вас з няволі вясной сорак пятага году? Саюзнікі ці нашы салдаты?
— Недзе ў сярэдзіне красавіка да фермы стала далятаць з усходу артылерыйская кананада. Баўэр тут жа распарадзіўся вывесіць на высокім пруту белы сцяг. А пазней, калі грымоты чамусьці прыціхлі, зняў яго — думаў, што вярнуцца свае салдаты. А праз дзён пяць мы на досвітку пачулі ў двары рускую гамонку. Выйшлі з гуменца, дзе спалі на сене, а там нашы салдаты завіхаюцца каля гарматы, чысцяць аўтаматы. У баўэра яны знайшлі ў доме непрыхаваную вінтоўку з баявымі патронамі, за гэта яго тут жа ў агародзе і застрэлілі, жонку не чапалі. А яшчэ дзён праз колькі салдаты салютавалі ў неба — прыйшоў Дзень Перамогі, ад радасці мы аж заплакалі.

— І як склаўся Ваш далейшы лёс як астарбайтара? Дапытвалі асабісты ці абыйшлося?
— Адразу, без лішніх допытаў, прызвалі ў армію, у пяхоту. А паколькі мой бацька, калгасны каваль, валодаў навыкамі шаўца, шыў для вяскоўцаў боты, рамантаваў абутак, то і мне перадаў сваё ўменне. Аб гэтым я сказаў камандзіру роты, ён адвёў мне пакойчык у казарме, перадаў шавецкі інструмент, і я да канца службы рамантаваў салдацкія чаравікі, бо яны хадзілі з абмоткамі, шыў афіцэрам хромавыя боты з трафейных матэрыялаў, на палявыя вучэнні мяне не адпраўлялі. Праслужыўшы пяць з паловай гадоў, вярнуўся дамоў, гадоў пяць працаваў у Слуцку ў майстэрні па рамонту абутку пры КБА, ездзіў на работу на веласіпедзе, нават зімой. Потым ажаніўся з дзяўчынай з вёскі Селішча. Спярша жылі ў яе невялікай хаціне, пазней купілі дом у адной з суседніх вёсак, перавезлі яго ў сваю. А тут і Дом быту адкрыўся на месцы, то я там трыццаць пяць гадоў адпрацаваў шаўцом. Пад старасць мне, як астарбайтару, выдалі тры тысячы нямецкіх марак кампенсацыі за батрачую працу. А пенсію вырабіў так сабе — 310 тысяч рублёў. У суме з жончынай на пражыццё хапае. Было б толькі здароўе.

Міхась Тычына

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии