Так ці не так

0

Мяркуем, многім даводзілася сустракацца з фактамі недакладнасці ці з супярэчлівым асвятленнем пэўных з’яў у літаратурных крыніцах, нават у сур’ёзных выданнях. На падобныя недакладнасці звярнуў увагу ў сваім лісце чытач Юрый Грунтовіч з Любані, што і стала падставай для напісання прапануемага матэрыяла.

У атрыманым рэдакцыяй пісьме Юрый Грунтовіч засяроджвае ўвагу на памылках, якія сустракаюцца ў кнігах «Памяць», прысвечаных Слуцкаму і Любанскаму раёнам. Там надрукавана, напрыклад, копія выпіскі аб падзеле горада Слуцка і Слуцкага княства паміж трыма братамі князямі Алелькавічамі згодна завяшчання іх бацькі Юрыя ІІ Алелькавіча. Падаецца яна 1528 годам («Памяць. Слуцкі раён.» Кніга 1, Мн. 2000, старонка 53). Але ў той жа час вядома, што сам князь Юрый ІІ нарадзіўся ў 1530 годзе. Аналагічная заўвага зроблена і адносна кнігі, прысвечанай Любанскаму раёну, дзе на старонцы 416 годам згаданага вышэй завяшчання ўжо даецца 1566 год, з-за чаго ўзнікае блытаніна ў датыроўцы першага ўпамінання ў крыніцах вёсак Рэдкавічы і Ямінск.
Не пагадзіцца з заўвагамі аўтара ліста нельга. Сапраўды, рэальнай датай падзеі, на якую звяртаецца ўвага, з’яўляецца 1582 год. Але мы, закрануўшы гісторыка-дакументальную серыю кніг «Памяць», выпуск якіх завяршыўся ў 2005 годзе, паспрабуем на ўзнятую праблему паглядзець крыху шырэй. Адносна ж серыі кніг «Памяць» адзначым наступнае. Для яе напісання было запрошана шырокае кола ўдзельнікаў - як прафесійных гісторыкаў, так і аматараў, краязнаўцаў, журналістаў, сведкаў важных падзей. Праца была зроблена велізарная, аднак выданне не абыйшлося без памылак, штосьці было не ўлічана або асветлена не поўнасцю. Дасягненні і пралікі выдання, дарэчы, ужо сталі аб’ектам увагі многіх навукоўцаў, у тым ліку, напрыклад, і аўтараў матэрыялаў, якія друкаваліся ў «Краязнаўчай газеце» (артыкул Віталя Скалабана ў № 15 за 2005 год, артыкул Уладзіміра Бурачонка і дадатак да яго рэдактара Уладзіміра Гілепа ў № 8 за 2006 год).
Недакладнасці, або нават і сапраўдная блытаніна, сустракаюцца нярэдка. Даволі часта з’яўляюцца яны ў выніку тыпаграфскай ці рэдакцыйнай памылкі друку («опечатки» — па руску). Пра гэта сведчыць амаль уся гісторыя кнігадрукавання. Гэтая ж гісторыя захавала немала даволі каверзных выпадкаў, калі памылкі друку станавіліся не проста недакладнасцямі, але і выклікалі сапраўдныя скандалы. Сведчаннем таму служыць і прыклад з кнігі Анатоля Грыцкевіча «Древний город на Случи» (с.18), дзе размова ідзе пра наданне гораду ў другі раз Магдэбургскага права: «Спустя 50 лет после издания королевского привилея 1652 г. и после настойчивых просьб магистрата 9 сентября 1770 года принц Нейбургский Карл Филипп прислал … разрешение пользоваться самоуправлением…» Звернем увагу на даты (1652 і 1770 гады) і ўбачым, што паміж імі зусім не 50 гадоў, тым больш, што Карл Філіп памёр яшчэ ў 1742 годзе. Несумненна, што і ў дадзеным выпадку мы маем рэдакцыйную памылку друку, а не памылку даследчыка.
Памылкі часта сустракаюцца ў матэрыялах непрафесійных даследчыкаў і аўтараў аматарскіх матэрыялаў. Напрыклад, да гэтага часу ў такой літаратуры можна сустрэць інфармацыю, што слуцкая княгіня Сафія Алелькавіч стала жонкай нясвіжскага князя католіка Януша Радзівіла. Хаця добра вядома, што Януш VІ Радзівіл быў не нясвіжскім князем, а прадстаўніком біржанскай галіны роду Радзівілаў, а ў веравызнанні спавядаў кальвінізм. Можам сустрэць і звесткі, што падаранае Слуцкаму Троіцкаму манастыру Евангелле перапісаў Юрый ІІ Юр’евіч Алелькавіч, дзед княгіні Сафіі, хаця ў сапраўднасці гэта быў Юрый ІІІ Юр’евіч, бацька княгіні Сафіі. У некаторых выданнях сустракаюцца звесткі, што тое ж Евангелле ў 1870 годзе разам з іншымі манастырскімі каштоўнасцямі трапіла ў Мінск, хаця ў сапраўднасці гэта каштоўная рукапісная кніга знаходзілася ў Слуцку да пачатку ХХ стагоддзя, пасля закрыцця Троіцкага манастыра трапіла ў Слуцкі краязнаўчы музей, а адтуль у 1927 годзе ў Дзяржаўны музей у Мінск.
Сумніўнымі з’яўляюцца і звесткі, што на пачатку дзейнасці слуцкай фабрыкі шаўковых паясоў з 1760-х гадоў тут працавалі толькі туркі і персы. Даследчык Анатоль Грыцкевіч гаворыць, што дагэтуль ён не сустракаў ніводнага турэцкага ці персідскага прозвішча сярод слуцкіх ткачоў, акрамя запрошанага кіраўніком фабрыкі Аванэса Маджаранца. Але ў сувязі са згаданай тэмай мы несумненна даруем «геніяльную» памылку паэту Максіму Багдановічу, аўтару верша пра слуцкіх ткачых, якія тут прадстаўлены як стваральніцы знакамітых паясоў (вядома, што ў сапраўднасці ткачамі былі мужчыны), бо праўда мастацкага твора і гістарычная праўда не заўсёды супадаюць.
Сустракаюцца памылкі ў прафесійных даследчыкаў, калі яны звяртаюцца да матэрыялаў, у якіх не заўсёды добра дасведчаныя. Напрыклад, у працы паважанага знаўцы гісторыі беларускай драўлянай архітэктуры (прозвішча якога не будзем згадваць) ва ўступе з агульнымі звесткамі пра Слуцк прыводзіцца, што першае ўпамінанне горада зроблена ў 1116 годзе ў сувязі са спальваннем Слуцка дружынай Уладзіміра Манамаха. Хаця вядома, што наш горад спаліў у 1116 годзе князь мінскі Глеб, што і было зафіксавана ў летапісе, а Манамах, пад уладай якога была ў той час Случчына, Глебу адпомсціў.
Нярэдка мы можам сустрэць супярэчлівыя меркаванні адносна адной і той жа даты або праблемы. Звычайна гэта залежыць ад таго, на якіх пазіцыях або прынцыпах грунтуецца погляд таго ці іншага аўтара. Класічным прыкладам для Слуцка з’яўляецца праблема гістарычнага герба горада, пытанне пра які ўздымалася грамадскасцю ў 1980-я гады і на пачатку 1990-х гадоў. Адзін пункт гледжання прадстаўлены гісторыкам Анатолем Грыцкевічам, які абапіраючыся на гістарычныя крыніцы, прыводзіў, што гербам горада Слуцка ў 1652 годзе была зацверджана «Пагоня». Другі гісторык Анатоль Цітоў сцвярджаў, што гербам Слуцка з’яўляецца «Пегас». Па гэтаму пытанню з’явіўся шэраг публікацый, як у мясцовай прэсе, так і ў рэспубліканскай. Зацікаўленым раім звярнуцца да матэрыялаў А. Грыцкевіча, А. Цітова, Т. Габрусь, якія змешчаны ў зборніку «Случчына. Мінулае і сучаснасць» (Слуцк, 1995). Адзначым толькі, што ў свой час сесія Слуцкага гарсавета народных дэпутатаў разгледзела абодва варыянты і найбольш абгрунтаванымі знайшлі доказы Анатоля Грыцкевіча: гербам горада 9 студзеня 1992 года была зацверджана «Пагоня». Але калі рух нацыянальнага адраджэння ў нашай краіне пайшоў на спад, то і гарадскія ўлады перагледзелі сваё рашэнне і прынялі пазіцыю Анатоля Цітова. Цяпер гістарычным гербам горада афіцыйна зацверджаны «Пегас».
Недакладнасці можна сустрэць нават і ў выклікаючых павагу і давер выданнях. Напрыклад, у «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» (том № 1, Мн. 1992, с. 101) у артыкуле, прысвечаным роду князёў Алелькавічаў, сустрэнем узгадванне, што князь Сямён, старэйшы сын Аляксандра Уладзіміравіча, жыў з 1420-га па 1470-ы гады, а гадамі жыцця яго сына Васіля падаюцца 1425−1495 гады. Несумненна, што не можа быць сын на пяць гадоў малодшым за бацьку, і гэта памылка. Але гэта памылка, з’явіўшыся ў энцыклапедыі, цяпер пераносіцца і ў іншыя выданні, напрыклад, у тую ж «Памяць. Слуцккі раён. Слуцк» (том № 1, Мн. 2000, стар. 41).
У завяршэнні нашых разважанняў наконт гістарычнай дакладнасці альбо — яшчэ шырэй — пошуку пераканаўчай інфармацыі зробім пажаданне кожнаму, хто цікавіцца пэўнай праблемай: для карыстання браць некалькі крыніц і заўсёды рабіць параўнанне. Калі відавочна супярэчнасць звестак у розных крыніцах, прыйдзецца паспрабаваць знайсці адказ, чым выкліканы погляды таго або іншага аўтара, ці аддаць перавагу больш аўтарытэтнаму меркаванню.

Реклама

Ігар Ціткоўскі

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии