Трымайцеся!

0

Вось ужо і 2006-ы адыходзіць у гісторыю. Мы сталі на цэлы год старэйшымі, больш вопытнымі, хацелася б верыць, што і мудрэйшымі. Мы крыху падраслі. І гэтым газета абавязана, як ні банальна гучыць, свайму неабыякаваму чытачу.

Пры ўсіх сённяшніх складанасцях журналісцкай працы гэтая падтрымка неяк непрыкметна дапамагала спакойна рабіць працу, лічачы вонкавыя недарэчнасці і свае ўнутраныя праблемы простай будзённай мітуснёй. Больш важкім станавілася пытанне адказнасці перад чытачом.
З тых планавых мерапрыемстваў, што пазначылі для сябе на пачатку года, чагосьці ўдалося дасягнуць, а штосьці прыйшлося перанесці ў план-2007.
Рэдакцыя добра ўсведамляе, працоўны шлях-2007 будзе не менш цяжкім і выпрабавальным, чым папярэдні. Але тыя, хто робіць газету, памятаюць, што на пачатку 2007-га «Кур'еру» будзе ўсяго 7 гадоў. У такім узросце трэба, застаючыся шчырым, толькі шукаць і знаходзіць стваральныя імпульсы, рухацца да цікавага і прыемнага, радавацца жыццю і радаваць тых, хто застаецца з намі. Спадзяёмся, што павышэнне кошту газеты з пачатку надыходзячага года не будзе значнай перашкодай на гэтым шляху: прыходзіцца канстатаваць, што законы эканомікі яшчэ нікому не ўдавалася абыйсці.
«Кур'ер» просіць прабачэння, калі нашы публікацыі зненароку кагосьці вымусілі трапіць у няёмкае становішча, і выказвае шчырую падзяку ўсім тым, хто нас чытаў, хто нас хваліў і крытыкаваў, тым, хто нас друкаваў і распаўсюджваў. Мы рады супрацоўніцтву з нашымі рэкламадаўцамі, шчыра ўдзячны ім, што падтрымлівалі трывалую сувязь з чытачамі «Кур'ера», прапаноўвалі ім свае паслугі і тавары. Яшчэ раз прызнаемся, што толькі такія сяброўскія адносіны, такая сумесная праца і дазваляюць зрабіць газету прыемным, цікавым і карысным субяседнікам. За гэта мы і падымем бакалы ў навагоднюю ноч.
Удалага і прыемнага Новага года ўсім вам! Трымайцеся!

З надзеяй на плённае
супрацоўніцтва-2007,
рэдакцыя «Кур'ера»

Реклама
Реклама

Комментарии: будем признательны за ваши отзывы.

Пожалуйста, авторизуйтесь чтобы добавить комментарий.