Пётр Хацько: Зямля, якою ганаруся

1

На мінулым тыдні ў краязнаўчым музеі горада Слуцка на некалькі гадзін з’явіўся сапраўдны Слуцкі пояс, якіх на Беларусі лічаныя адзінкі. Падзея выключная для правінцыяльнага гарадка, хаця ён і быў радзімай гэтага сусветнавядомага вырабу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Тым больш, мерапрыемства было прымеркавана да прэзентацыі шыкоўнага фотаальбома «Слуцкія паясы», нядаўна выдадзенага ў выдавецтве «Асобны». Па меркаванню спецыялістаў, такога друкаванага выдання не было ў свеце ўвогуле. Любы жадаючы жыхар Случчыны мог прыйсці ў сераду 6 снежня ў музей, набыць кнігу і сваімі вачыма ўбачыць аўтэнтычны Слуцкі пояс. Ініцыятарам абодвух падзей стаў Пётр Хацько, дырэктар Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі, наш зямляк (родам з вёскі Іванаўскія Агароднікі). Размову з ім «Кур'ер» і прапануе сваім чытачам.

— На прэзентацыі фотаальбома «Слуцкія паясы» адзін з выступаючых адзначыў, што гэта сапраўдны подзвіг аўтараў. Ваша стаўленне да такой адзнакі?
— Альбом ужо трапіў у вядучыя польскія і расійскія музеі. Ведаю, спецыялісты з гэтых краін далі вельмі высокую адзнаку выданню. Яны былі здзіўлены, што ўвогуле падобны фотальбом змог выйсці ў Беларусі, дзе захавалася ўсяго каля 17 Слуцкіх паясоў і іх фрагментаў. Сапраўды, шлях ад ідэі да яе здзяйснення склаў больш за трыццаць гадоў. За альбомам стаіць велізарная праца аўтараў і шматлікіх навукоўцаў. Мастак і дызайнер Валерый Ляўнін, мастацтвазнаўца Мая Яніцкая, выдавец Яўген Пічугін разам зрабілі тое, што стала сапраўднай падзеяй, і не толькі для нашай краіны. Наклад выдання невялікі, але прадбачу, што не за гарамі другі тыраж, з удакладненнямі і дапаўненнямі.

Реклама

— Вашы пачуцці наконт падзеі менавіта як ураджэнца Случчыны?
— Наш край багаты сваёй гісторыяй. Шматлікія выхадцы са Случчыны ўнеслі значны ўклад у навуку, мастацтва, літаратуру. Але ў першую чаргу, дзякуючы Слуцкім паясам, горад стаў вядомым ва ўсім свеце. Выданне фотаальбома выклікае ў мяне толькі пачуццё гонару за сваю родную Случчыну.

— Як хлопчык са слуцкай вёскі стаў дырэктарам Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі?
— З маленства мяне вабіла мастацтва. Вучыўся ў СШ № 5, а ў Слуцкім Доме культуры наведваў адразу два кружкі - танцавальны і выяўленчага мастацтва. Скончыў педагагічны каледж, вучыўся ў Мінскім тэатральна-мастацкім інстытуце. Каля 15 гадоў выкладаў у розных установах выяўленчае мастацтва. Потым мяне запрасіў да сябе Юрый Аляксандравіч Крачун, былы дырэктар Нацыянальнага музея Беларусі, і адразу прапанаваў пасаду намесніка дырэктара. Там я працаваў 19 гадоў. Пасля па прапанове Міністэрства культуры ўзначаліў Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі.
На мой погляд, чалавек абавязкова дасягне пастаўленай мэты, калі яна ў яго есць. Трэба толькі імкненне. У мяне было вялікае жаданне займацца мастацтвам, і я займаюся ім.

— Знаходзячыся на пасадзе дырэктара Нацыянальнага музея гісторыі і культуры, ці цікавіцеся Вы зараз матэрыяламі аб Случчыне?
— Фонды нашага музея налічваюць 354 тысячы адзінак захоўвання. Арыентавацца ў такім вялізарным матэрыяле непроста. Але ж супрацоўнікі музея добра ведаюць, што я родам са Случчыны. Калі да нас трапляюць нейкія матэрыялы аб Слуцку, то яны мяне знаёмяць з імі. Случчына займае годнае месца ў гісторыі нашай краіны. Стараюся, каб цікавыя знаходкі ў выглядзе копій перадаваліся ў мясцовы музей ці іншыя ўстановы. Напрыклад, калі ў гэтым годзе мяне запрасілі на 50-ці гадовы юбілей СШ № 5 у якасці яе выпускніка, то я прывёз і перадаў дырэкцыі школы копіі камплекта фотапаштовак з выглядам Слуцка канца XIX — пачатку XX стагоддзяў. Увогуле, лічу, што зямля, дзе я нарадзіўся, — самае лепшае месца на свеце. Я часта бываю у сваіх родзічаў, не забываю бацькоўскі дом. Сёння перад прэзентацыяй ужо пабываў у Іванаўскіх Агародніках на могілках сваіх бацькоў, паразмаўляў з імі, успомніў сваё дзяцінства…

— Наколькі, на Ваш погляд, кіраўніцтва дзяржавы цікавіць стан музейнай справы ў Беларусі?
— Дзяржава сёння вельмі ўважліва ставіцца да культуры. Нацыянальны музей гісторыі і культуры таксама не застаўся без клопату. Нам у 2002 годзе быў перададзены цудоўны будынак па вуліцы Фрунзе, узведзены ў 1840 годзе. Ужо гатова праектна-каштарысная дакументацыя на яго рэканструкцыю. З цягам часу музей значна расшырыць свае магчымасці ў плане экспазіцыйнай і навуковай працы. Прэзідэнт краіны быў у нашай установе, цікавіўся справамі і праблемамі, у тым ліку і лёсам Слуцкіх паясоў. Ён трымаў у руках той самы пояс, які мы прывезлі сёння ў Слуцк. Сітуацыя такая, што вяртанне іх на радзіму з-за мяжы магчыма толькі шляхам раўназначнага абмену. Гэта складаны і працяглы працэс. Але ж будзем спадзявацца на лепшае. Я ў гэта веру.

Гутарыў Сяргей Багдашыч

1 Комментарий
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
guest
guest
14 декабря 2006 15:06

«Дзяржава сёння вельмі ўважліва ставіцца да культуры»
Ой не смешите мои тапочки. Ну или хотя бы к слову «культура» добавляйте «советская».

Перед войной сотни Слуцких поясов, так же как и крест Ефросиньи Полоцкой (позже он «пропал») были вывезены в Россию. Сейчас их Россия возвращать отказывается. Впрочем Беларусь особо и не настаивает, что самое грустное…