Слуцкае Таварыства беларускай мовы ўшанавала арганізацыі рэгіёна

0

На мінулым тыдні сябры Слуцкай гарадской арганізацыі грамадскага аб’яднання «Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны» (ТБМ) ушанавалі тры арганізацыі Случчыны, якія прызнаны лепшымі ў справе пашырэння ўжытку, развіцця, захавання і забеспячэння рэальнага статута дзяржаўнай беларускай мовы.

У віншавальным лісце ад імя Алега Трусава, старшыні рэспубліканскага грамадскага аб’яднання ТБМ, выказваецца ўдзячнасць сучасным нашчадкам, тым, хто сваёй працай мацуе заваёвы нашых славутых продкаў, што на працягу стагоддзяў стваралі гераічную гісторыю Слуцкага краю.
Сярод іх — Слуцкі аўтобусны парк № 2 Міністэрства транспарту і камунікацый (дырэктар Мікалай Валетка), Слуцкае раённае спажывецкае таварыства (старшыня праўлення Таццяна Карніенка) і грамадска-палітычнае выданне «Слуцкі край» (рэдактар Анатоль Жук). Гэтым арганізацыям Мікалай Курыльчык, старшыня Слуцкай гарадской арганізацыі ТБМ, і ўручыў віншавальныя лісты і трохтомныя выданні беларуска-рускага слоўніка.
У віншаванні нагадваецца, што нашу дзяржаўнасць немагчыма сабе ўявіць без беларускай мовы — мовы Скарыны, Буднага, мовы Статута Вялікага княства Літоўскага, а таксама мовы будучыні беларускай дзяржавы. «Наша мова была і застаецца найбагацейшым духоўным скарбам нацыі, найпершым сведчаннем існавання беларусаў у Свеце. У роднай мове гучыць прыгажосць нашай краіны і яе слаўная гісторыя. І гэта багацце жыве ў Вашай руплівай штодзённай дзейнасці на карысць нашай любай Бацькаўшчыны», — адзначаецца ў лісце.
У размове з «Кур'ерам» Мікалай Курыльчык адзначыў, што такое ўшанаванне арганізацый ёсць частка намаганняў сяброў арганізацыі ТБМ дзеля сапраўднага росквіту роднай мовы, каб народная любоў да яе была моцнай і назаўсёды. «Гісторыя беларускай дзяржавы пісалася на беларускай мове, у мове закладзены мудрыя народныя традыцыі і культура. Мы не павінны страціць нашу мову, бо адразу страцім нашу духоўнасць», — сказаў ён.

Реклама

Алесь Дастанка

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии