А воз і зараз там…

0

Так у народзе гавораць аб няспраўджаных абяцаннях ці прапановах. Што гэта выслоўе няўміручае, сведчаць факты з навакольнага жыцця.

Два гады назад у газеце «Кур'ер» быў надрукаваны нарыс пра лёс шасцярых братоў Браўсевічаў, ураджэнцаў калгаса імя Тэльмана Слуцкага раёна (цяпер сельгаскааператыў «Паўстынь»), якія загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны. У памяць аб іх адну з вуліц вёскі Паўстынь, на цэнтральнай сядзібе гаспадаркі, назвалі прозвішчам тых шасцярых. Аўтар нарыса ўсё ж выказаў пажаданне тую шыльдачку дапоўніць мемарыяльнай дошкай (бронзавай, чугуннай — не мае значэння) з пералікам імёнаў братоў Браўсевічаў, каб і праз дзесяткі гадоў нашчадкі ведалі пра сваіх землякоў, якім не суджана было вярнуцца да роднай маці, што ўсю вайну чакала іх.
Старшыня Паўстынскага сельсавета Святлана Паўлаўна Жук, з якой аўтар меў сустрэчу, такое пажаданне адобрыла, і хацелася б верыць, што яно збудзецца, таму як затраты на выраб такой дошкі па кішэні мясцоваму калгасу-кааператыву.
Што ж змянілася праз два гады? А нічога. На пытанне да старшыні сельсавета, чаму дошка так і не паявілася на вуліцы братоў Браўсевічаў, адказ быў несуцяшальным, болей насіў характар апраўдальны. Маўляў, у сельсавета грошай на гэта няма, бюджэт нам даводзяць з раёна, а ў калгаса з фінансамі таксама негуста, не заўсёды ўпору і зарплату выдаюць.
Цяжка пагадзіцца з такімі разважаннямі, калі гутарка ідзе аб ушанаванні памяці загінуўшых воінаў-землякоў. Па-першае, сельгаскааператыў не адносіцца да ліку «ляжачых», у раёне цяпер такіх няма, і калі б старшыня сельсавета настаяла, то грошы там на выраб чугуннай пліты даўно б знайшліся. А хіба нельга было клікнуць дэпутатаў сельсавета, каб яны абыйшлі жыхароў гэтай немалой вёскі? Перакананы, што многія з іх унеслі б частку сваіх зберажэнняў ці пенсіі на гэту патрэбную справу. Але ніхто, як кажуць, і пальцам не варухнуў.
…Перад уваходам у будынак, дзе месцяцца сельсавет і кантора сельгаскааператыву, яшчэ з савецкіх часоў стаіць на двухмятровым стаўпу-мануменце абеліск нямецкаму камуністу часоў Першай сусветнай вайны Эрнсту Тэльману, імя якога шмат гадоў насіў і мясцовы калгас. Пры сустрэчы са Святланай Паўлаўнай аўтар раіў ёй абеліск зняць і перадаць у школьны музей (ці ў раённы), а пастамент перанесці на вуліцу Браўсевічаў і замацаваць на ім мемарыяльную дошку. Але, мусіць, камусьці імя нямецкага камуніста ўсё яшчэ дарагое, аб чым сведчыць і металічная дошка на сцяне будынка перад уваходам у яго з той ранейшай назвай калгаса. Настальгія па савецкай эпосе? Ці шэраговая абыякавасць, якая прыжылася і ў вяскоўцаў?
Між тым, у памяці людзей старэйшага пакалення жыве гісторыя пра пецярых братоў Купрыянавых з малавядомай беларускай вёскі, якаія таксама не вярнуліся з франтоў той крывавай вайны 1941−1945 гадоў. У гонар іх і іхняй маці быў узведзены бронзавы манумент усім шасцярым, і аб гэтым паведалі тады рэспубліканскае тэлебачанне, усе газеты. Чым не прыклад сёння для нас усіх, каму не абыякава памяць аб загінуўшых земляках.

Реклама

Міхась Тычына

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии