Слуцк — гісторыя на паштоўках

0

Сёлета да Дня горада Слуцкай друкарняй выдадзены камплект каляровых паштовак з пятнаццацю краявідамі, якія занатавалі фатографы Г. Цітоў, А. Жогла і І. Каваленка. Год таму з’явіўся падобны прысвечаны гораду камплект з дванаццаці паштовак, дзе прадстаўлены работы чатырох фотамайстроў. Калі прыняць да ўвагі, што на працягу 1920−90-х гадоў пабачыла свет лічаная колькасць прысвечаных Слуцку паштовак, то, несумненна, з’яўленне апошніх камплектаў павінна стаць сапраўдным падарункам для філакартыстаў і іншых аматараў. Тым не менш, лаўры «першаадкрывальнікаў» слуцкай тэматыкі ў згаданай справе павінны дастацца не названым вышэй аўтарам, а даўнейшаму слуцкаму фатографу Саміру Юхніну, які выпусціў серыю фотапаштовак сто гадоў таму.

Паштоўкі з відамі гарадоў пачалі набываць папулярнасць з канца ХІХ стагоддзя. У літаратуры, дзе ўпамінаюцца паштоўкі Юхніна, часам іх з’яўлення называюць 1910-я гады. Перад вачамі кожнага, хто разглядае іх, разгортваецца панарама жыцця горада і наваколляў пачатку ХХ стагоддзя. Аб’ектыў майстра не абмінуў увагай ні адзін значны або адметны матыў. Зроблены здымкі мясцовых храмаў і навучальных устаноў, адлюстраваны гарадскія панарамы і галоўныя вуліцы, побытавыя гарадскія і вясковыя сцэнкі.
Выдадзеныя Юхніным паштоўкі цяпер захоўваюцца ў фондах музеяў і архіваў, іх збіраюць калекцыянеры. У свой час яны карысталіся папулярнасцю, таму пасля першага выдання Юхнін зрабіў яшчэ два. На першы погляд, сюжэты на паштоўках трох выданняў ідэнтычныя і зроблены з адных і тых жа негатываў. Але, калі зрабіць параўнанне ўважліва, то заўважым і адрозненні, якія звычайна цікавяць калекцыянераў і даследчыкаў.
Серыя паштовак першага выдання мае лічбавую нумарацыю і надпісы на полі здымка ў два радкі з назвамі горада і аб’екта адлюстравання — па-руску і па-польску. У вуглу — кружок з літарамі A F W — абазначэнне выдавецтва А. Фіялкі ў Вільні. Памеры гэтых паштовак прыкладна 8,5 на 13,5 сантыметраў. Надпісы на паштоўках другога выдання таксама ў два радкі - па-руску і па-польску. Яны часам адрозніваюцца ад надпісаў на аналагічных відах папярэдняга выпуску, а нумарацыя адсутнічае. Памеры прыкладна 8 на 12 сантыметраў. Месца выдання абазначана на адвароце -«Фабіян і кампанія», якое знаходзілася ў горадзе Брэслаў у Прусіі. Эстэтычныя вартасці серыі паштовак трэцяга выдання крыху ніжэй за папярэднія, бо тэксты — назва горада і аб’екта адлюстравання, якія зноў пачынаюцца з нумарацыі здымкаў, друкуюцца не на полі здымка, а на яго частцы, высветленай рэтушыраваннем. Даецца ён па-руску. Тут жа, на ліцавым баку прыводзіцца і прозвішча выдаўца — «изд. Юхнина». Месца выдання не пазначана. Памеры аналагічныя паштоўкам першага выдання.
Калі звярнуць увагу на дэталі, якімі адрозніваюцца між сабою выпускі, можна больш дакладна вызначыць час з’яўлення кожнага з іх. Напрыклад, на паштоўцы № 13 першага выдання бачым адкрытае ў 1910 годзе Слуцкае камерцыйнае вучылішча — аднапавярховы драўляны будынак, у якім установа размяшчалася спачатку. На паштоўцы другога выдання ўжо паказаны мураваны двухпавярховы корпус камерцыйнага вучылішча, узведзены да 1912 года. Паштоўка № 22 першага выдання паказвае Слуцкую жаночую гімназію — комплекс з размешчаных уздоўж вуліцы аднапавярховых драўлянага і мураванага карпусоў з мураваным уваходным тамбурам паміж імі. Гімназію заснавалі ў 1907 годзе, і спачатку яна была прыватнай, а ў 1912 годзе стала дзяржаўнай. Змена ўладальнікаў, верагодна, дазволіла палепшыць фінансавы стан установы, і мураваны корпус быў дабудаваны другім паверхам. Менавіта ў такім выглядзе зафіксавана жаночая гімназія на здымку другога выдання.
Можна пашукаць і іншыя прыкметы, што характэрызуюць бег часу, але, зыходзячы і з вышэй апісанага, часам першага выдання можна назваць перыяд 1910−12 гадоў. Другое выданне, несумненна, з’явілася ў перыяд 1912−14 гадоў - да пачатку Першай сусветнай вайны. Нездарма, як і ў ранейшым выпуску, тут выкарыстаны надпісы і па-руску, і па-польску, а месцам выдання стаў горад у Прусіі. Трэцяе выданне пабачыла свет у 1915−17 гады, калі ішла вайна. З 1915 года Слуцк стаў прыфрантавым горадам. Юхнін, рыхтуючы гэты выпуск, не разлічваў на польскамоўнага спажыўца, абмежаваўся рускамоўным варыянтам надпісаў. Немагчыма было карыстацца і паслугамі ранейшых выдавецтваў, бо яны аказаліся па іншы бок фронту. Хаця выдавецтва трэцяга выдання не пазначана, па аналагічнаму афармленню іншых тагачасных паштовак можна прыйсці да высновы, што належыла яно расійскаму аддзелу Сусветнага паштовага саюза. Ваенным часам, магчыма, тлумачыцца і асаблівасць тыпаграфскага выканання, якое не ішло на карысць вонкаваму выгляду, калі тэксты друкаваліся на высветленым фоне ліцавога боку фотакарткі.
Нумарацыя паштовак першага выдання сведчыць, што іх колькасць дасягае трох дзесяткаў. Да № 22 ідуць гарадскія і архітэктурныя краявіды, гарадскія побытавыя сюжэты. Потым пачынаюцца тыпы мясцовых жыхароў: беларуская сялянка, вясковыя дзеці, жабрак і гэтак далей. У наступных выпусках Юхнін, верагодна, абмежаваўся толькі гарадскімі краявідамі, бо сюжэты з тыпамі мясцовых жыхароў, прынамсі аўтару гэтых радкоў, на паштоўках другога і трэцяга выданняў не сустракаліся.
Звяртаюць увагу і недакладнасці, якія можна аднесці да тыпаграфскага браку, але яны таксама могуць зацікавіць. Напрыклад, паштоўка № 3 першага выдання мае тэкст «Слуцк. Вид с моста близ гимназии» з панарамай Случы і з фігурамі гімназістаў на беразе. А пад № 5 даецца «Слуцк. Вид с моста», дзе бачым Случ каля Замкавай горкі з сілуэтам гарадскога сабора. Для аналагічных паштовак другога выдання выкарыстаны тыя ж негатывы, аднак з-за падабенства сюжэтаў подпісы на іх пераблытаны. У трэцім выданні памылкі з подпісамі выпраўлены.
№ 4 першага выдання змяшчае від на Слуцкую гімназію. Аналагічны здымак ёсць і ў другім выданні з подпісам, што гэта мужчынская гімназія, аднак поўнасцю тэкст падаецца па-польску, у рускамоўным радку слова «гімназія» адсутнічае. Размяшчэнне фігур людзей на згаданых паштоўках дазваляе заўважыць, што здымкі першага і другога выданняў розныя, хаця ракурс узяты адзін і той жа. У першым выпадку мы бачым гімназію з панарамай вуліцы Шырокай і кальвінскім храмам летам. У другім выпадку здымак зроблены восенню. У чым была неабходнасць такой замены невядома, тым больш, што від гімназіі на паштоўцы трэцяга выдання зноў ідэнтычны віду на паштоўцы першага выдання.
Рыхтуючы трэцяе выданне, Юхнін часам рабіў замену сюжэтаў. Напрыклад, паштоўка № 7 першага выдання паказвае вуліцу Выгоду з подпісам, што гэта ўезд у горад з поўдня. Той жа сюжэт знаходзім у серыі другога выдання. У трэцім яго няма, пад № 7 паказаны жаночы пансіон.
Адзначым, што паштоўкі выдаваліся не толькі Юхніным. Цікавай, напрыклад, з’яўляецца паштоўка, аўтар здымка для якой не пазначаны, з відам на галоўны ўваход Слуцкай сельскагаспадарчай выставы 1908 года. У 1920-я гады некалькі прысвечаных гораду паштовак выпусціла Слуцкае краязнаўчае таварыства. Цяпер да іх трэба дадаць згаданыя два камплекты, што з’явіліся нядаўна. Тым не менш, выкажам меркаванне, што першая ў гісторыі Слуцка серыя фотапаштовак, зробленая Самірам Юхніным, як па колькасці экзэмпляраў і ахопу панарамы гарадскога жыцця, так і па майстэрству выканання, дагэтуль засталася непераўзыдзенай.
Калі ўлічыць, што цяперашняя слуцкая забудова практычна поўнасцю пасляваенная і яна нічога не гаворыць пра гісторыю гэтага старажытнага горада, то добрай справай на карысць папулярызацыі слуцкай мінуўшчыны было б яшчэ адно, чацвёртае па ліку, перавыданне паштовак Юхніна, прычым, каб гэтым разам былі рэпрадуцыраваны розныя варыянты аднолькавых нумароў паштовак трох ранейшых выданняў.

Реклама

Ігар Ціткоўскі

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии