Споведзь настаўніка

2

Да Дня настаўніка прапануем вашай увазе верш аднаго з настаўнікаў Слуцкага раёна. Аўтар гэтых радков з пэўнай долей самаіроніі і жарту піша аб сваёй працы і сваім стаўленіі да яе.

Зранку (пеўні шчэ не пелі)
Загарэўся ў хаце свет,
Гэта я ўстаў з пасцелі,
Бы які бяссонны дзед.

Реклама

Трэба зноў саставіць планы —
Зноў з падручнікам сядзіш,
Штогод праграмы памяняны —
Дзе ж ты, настаўнік, тут паспіш.

З каго спытаць, калі няўдачы?
Там хлопец нюхаўку разбіў,
Другі не змог рашыць задачу,
Ці шапку ў школе ён забыў…

Так, так і зноў я вінаваты,
Дзе ж возьме сон мяне цяпер!
І хоць да працы я зацяты,
Ды вучань зараз нібы звер.

Па тэлебачанню — насілле,
Адкрыты сэкс ідзе, разбой,
Цяпер не кажуць: веды — сіла,
Ідзе за веды зараз бой.

А палкаводзец тут заўзяты,
Часцей хаджу я, нібы цень
Ужо зрання свой лёс пракляты
Цягну, як лямку, цэлы дзень.

Чаго на гэты дзень чакаю?
Хвала мне будзе ці хула?
А мо зарплату атрымаю?
(Хоць людзі кажуць — задарма)

Дык вось — у прыцемках
прачнуўся,
Крыху паперы папісаў,
На кухні ледзве не спаткнуўся,
Але там духам не ўпаў.

Яешню жару, п’ю гарбату,
За стол прысеўшы на рагу,
Вядро вады прынёс у хату,
Хай жонка спіць — я пабягу.

Ды не ў школу, рана шчэ,
Жыццё вясковае цячэ,
Ля хаты ёсць хляўчук багаты,
Там свінні, куры, скот рагаты…

Усім звяругам есці даў
І кніжкі ў партфель сабраў
Да школы — ходу сем мінут,
Але ж настаўнік ты і тут.

Бацькі насустрач чарадой:
Мой даражэнькі, ты пастой.
Як там мой Грыша?
У школе быў?

Ці мо дарогу ўжо забыў?
Ці не спазняецца на ўрокі?
Ці двойкі ёсць, ці адны тройкі?
(Як быццам гэты Грыша мой…)
Але ж, настаўнік, слухай, стой.

Паслухаў, ветліва кіўнуў
І ў школу подбегам махнуў.
Бо, як спазнюся,
будуць «брыць»,
А што ж дырэкцыі рабіць?

Другі не будзе мітусіцца,
(Спакойна ноччу яму спіцца)
Ля крамы з раніцы патрэцца,
Каб там з такім, як сам,
сустрэцца.

Глыне піўка, каб смагу збіць,
Цыгаркі дзве ці тры спаліць.
А потым, блытаючы пяты,
Ідзе на працу, як на свята.

А тут званок і цар, і Бог —
Лічыць не будзе ён да трох.
Адзін званок — сядзі, чакай,
Другі - размову пачынай.

Ага, забыў, хвілін на дзесяць
Зарадку трэба правясці,
Усіх, па праўдзе, гэта бесіць,
Масламі з раніцы трасці.

Каб хто пабачыў гэты з боку
Спартыўны, так сказаць, задор,
Навекі б даў сабе зароку
Больш не глядзець
на той пазор.

Размялі косці, хто як можа.
Ці ёсць ад той зарадкі прок?
Ды тут спрачацца нам нягожа,
Пара ўжо пачынаць урок.

Аптымізацыя ўрока.
Вось тут не спусціш з вучня вока…
На цэлых сорак пяць хвілін
На полі боя ты адзін.

Каго ж тут вызваць?
Гэты — слабы,
(Чаго ён толькі тут сядзіць?)
Другі - прызёр алімпіяды,
Дамо дзянёчак адпачыць.

А той учора пасвіў статак —
Сядзі спакойна, пастушок,
Актыў малюе штось да свята,
І як цяпер пачаць урок?

Ну што ж, мо хто падніме руку?
Ды дзе там, што тут гаварыць,
Няма ні ў кога таго духу,
І клас задумліва маўчыць.

Каб не ў свае тут сесці сані,
Хай вучні разбяруцца самі.
Даю загад — усім чытаць!
А яшчэ лепш — канспектаваць.

Чытаюць, пішуць дзеці - бачу.
Тут думкі лезуць у галаву,
Якія ж вырашыць задачы?
Усё ж не схопіш на хаду.

Ітак, што трэба мне зрабіць?
Не проста школьным класным
быць.
Інструкцыі, загады, планы
Да нас ляцяць, як ерапланы…

На сход бацькоўскі напісаць
Даклад, старонак так на пяць,
Даць інфармацыю на вучняў,
Што снедалі ў сталовай кучна.

Запоўніць пропускаў лісток,
Аформіць прававы куток,
Наведаць вучня на даму,
Чый бацька «просіцца» ў турму.

Калі бацькоў малы заробак,
Сабраць паперак,
мо штук сорак,
Каб дзеці тут бясплатна елі
І, Божа крый, каб не схуднелі.

А каб зусім ты быў харошы,
Умей сабраць ад вучняў грошы.
За кніжкі, святы і абед,
Шпалеры, фарбу ў кабінет.

Так, што далей? Трэба
ў кампутар
Аб вучнях звесткі занясці
І, што даўно ўжо не крута,
Дзяжурства вечарам нясці.

«Душа баліць, а сэрца
плача…»
Сабе я моўчкі праспяваў,
Авохці мне, цярпі, казача,
Сам гэту кашу гатаваў.

Ура! Званок. Канец урока
І зноў праблема — дзе курыць?
Бо ёсць загад, каб ненарокам
Не навучыў хлапцоў паліць

Дырэктар гоніць з калідора,
Каб дым па школе не вісеў,
Для нас, курцоў,
то чыста гора…
Пайшоў на двор, на лаўку сеў.

Калісьці вучань з цыгарэтай
Хаваўся дзесьці ў туалеце,
А я, калі дарослым стаў,
«Бычок» хаваю ў рукаў.

Сяджу, палю, адпачываю,
З калегай гутарку вяду,
Ды не відаць тут, мабыць, раю —
Чакаю новую бяду.

Ну так і ёсць, дырэктар мчыцца
І інфармацыю дае:
Што, паліш, каб мне
праваліцца,
А вучні робяць што твае?

Забыў, што сёння ты дзяжурыш?
А там ўсю школу разнясуць,
Усё на свеце тут пракурыш…
(І піліць, піліць — прама жуць).

А калідор гудзе, віруе,
І пыл слупом, як мае быць,
І сочных слоў тут вуха чуе,
Дзявочы голас дзесьць
пішчыць…

Навёў патроху там парадак,
Хоць я і не міліцыянт.
Як бойка — лезу без аглядак,
А зброя — тоўсты фаліант.

Звініць званок. — Кыш на урокі!
Пара на седала сядаць!
Паціху заціхаюць крокі,
Ды шум з настаўніцкай чуваць.

Тут у жанчын свае праблемы:
Як што прадаць, ці дзе купіць,
Як з мужыком рашыць
дылему,
І што цяпер мадней насіць.

Зайшоў дырэктар — глянуў коса,
Узяў журнал і выйшаў зноў.
І зніклі разам разгалосы:
— Жанкі! Урок ужо пайшоў!

У міг журналы разабралі
І на урок ідуць чаргой,
Галовы горда паўздымалі,
Бо там ізноў чарговы бой.

Алесь Новік

2 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
Izabella
Izabella
1 октября 2006 04:06

Так оно было, есть и будет. Не было бы хуже.
Хорошие стихи.

MC Hammer
MC Hammer
1 октября 2006 14:13

Чаво?