Палеская рапсодыя

0

Заканчэнне. Пачатак у № 38
Кірылаўна зрабіла невялікую паўзу і працягвала свой успамін.

На сконе першай зімы Волька нарадзіла дзіця. Пасля школы збіралася згуляць вяселле. Яе жаніх працаваў у НКВД, у раён быў прысланы з Расіі. З пачаткам вайны ад яго не было ні слуху, ні духу.
Усе часцей ноччу сталі прыходзіць людзі са зброяй, патрабавалі яды, цёплай адзежы. А наступным летам у вёсцы пастаянна сталі жыць немцы. Занялі яны школу, калгасную кантору. У восень з раёна ў вёску вярнулася Настасся. Стараста прывёў яе да нямецкага начальніка і растлумачыў, што бальшавікі саслалі бацькоў, адабралі хату. Жыць яна стала ў бацькавай хаце. На адной палавіне стаялі немцы, на другой — жыла яна. Як ёй жылося, сказаць не магу. Але праз нейкі час наша Настасся стала з’яўляцца з нямецкім начальнікам, каб тлумачыць сваім вяскоўцам яго загады. Неўзабаве па вёсцы папаўзла чутка, што Настасся збіраецца за немца замуж. Паедзе да яго бацькоў у Нямеччыну. Што і як яно было б, сёння невядома.
Аднойчы вёску акружылі немцы, і маладых людзей сталі гнаць у бок раёна. Я ішла босая. З малым дзіцем на руках ішла Волька. Калі мы прайшлі Чортаў мосцік і выйшлі на Лявонаву паляну, нас дагнаў нямецкі начальнік. З ім у вазку была наша Настасся. З натоўпу людзей яны забралі Вольку з дзіцем, громка аб’явіўшы, што яна жонка камісара і будзе растраляна. Нас пагналі далей, яе павялі назад к Чортаву мосціку. Адыйшлі мы недалёка, як пачулі стральбу. Я зразумела, што Вольку растралялі. Толькі пазней, вярнуўшыся з Германіі, я была здзіўлена, калі сустрэлася з Волькай жывою. Да таго часу яна нарадзіла яшчэ дзяўчынку, партызанскую дачку.
Калі дайшла яна да Чортавага мосціка, дык пачула ад Настассі: «Волька, бяжы! Толькі не ідзі дадому». Нікуды яна не бегла, бо ногі не слухаліся. А ішла, чакаўшы, што вось-вось будзе застрэляна.
Толькі пасля таго, як прагучалі стрэлы, а яна ніякай болі не адчула, не скора зразумела, што ёй яшчэ жыць. Праз лясы выйшла на Любаншчыну. Там у партызанскім атрадзе нарадзіла дачку — партызанку.
Расказвалі людзі, што нямецкага начальніка скора падстрэлілі партызаны. Куды ён знік, ніхто не ведаў. Калі вярнулася савецкая ўлада, у раёне судзілі Настассю і саслалі ў Сібір. Па вяртанню з Германіі я працавала ў калгасе, Волька працавала побач і расціла дваіх дзяцей. Жыццё было цяжкім. Калі яна сказала, што паедзе да бацькоў першага мужа, то ўсе спадзяваліся, што жыццё там будзе лепшым. Скора вёска забыла б, што жылі тут такія Настасся і Волька. Ды лёсам наканавана было, каб яны вярнуліся сюды абедзьве.
З бацькамі жыў пасля вяртання з вайны так званы яе першы муж. Не доўга пажыла з ім Волька. Яго арыштавалі і растралялі. За што яго растралялі свае — не ведаю. Можа, за тое, што пры адступленні ў пачатку вайны пад Магілёвам ён трапіў у палон да немцаў. Вольку ж пасля растрэлу мужа саслалі ў Сібір, дзе яна сустрэлася (во, супадзенне!) з Настассяй.
На радзіму Волька вярнулася ў бацькаву хату, а Настассі давялося будаваць новую на бацькавай сядзібе. Сын падрастаў, быў добрым памочнікам. Служыць у Армію яго чамусьці не ўзялі. Хадзіла па вёсцы плётка, што на камісіі ў ваенкамаце ён заявіў: «Жадаю служыць у Германіі».
-Бліжэй да бацькі, — адказаў начальнік. І служыць не ўзялі. У Бабруйску ён скончыў школу механізацыі і працаваў у калгасе трактарыстам, шафёрам. Гэта дазволіла з цягам часу адбудаваць добры дом.
Ажаніўся на маладой настаўніцы нямецкай мовы. Трое дзетак вырасцілі, вывучылі, жывуць у Мінску.
З цягам часу ўсё зарасло б быллём. Сведак гэтага засталося зусім не многа. Не доўга і нам аб гэтым успамінаць, бо дзевяты дзесятак гадоў ідзе. Ды не. Гісторыя на людскую гамонку зноў усплыла. Лемянтуйце, людзі. Смейцеся. Ды толькі ніхто не ведае, што было б з кожным з вас, каб апынуліся там, у той вайне…
Па вёсцы ішла чужая белая машына. Такіх ні ў нас, ні ў раёне тады яшчэ не было. А побач з ёю ішоў высокі мужчына, апрануты не па нашаму. Уся постаць яго гаварыла: «Я не ваш, чужы і з далёку». Падходзіць к нам, вітаецца і паказвае фотаграфію. На ёй маладая прыгожая жанчына. Мы не адразу пазналі, што гэта наша Настасся. Першай аб гэтым здагадалася Волька і стала галасіць. Пасля растапырыла свае вочы і як закрычыць: «Ты той немец, што страляў у мяне?»
— Найн страляй, ты с кіндэр бежаль, — адказвае той.
Не ведаю, як здалася, бо слёзы заслалі вочы, але бачу — немец абнімае Вольку. А яна лапоча і хоча паказаць, што Настасся ўжо старая, але ходзіць горда, не гне галавы. Сталі зваць Максіма, Настассю. Выйшла з хаты нявестка.
Што далей было, я не бачыла. Цалаваліся, абдымаліся — гэта іхняя справа. Толькі вечарам выйшлі яны ўсёй сям’ёй з госцем да дуба, што расце з незапамятных часоў на канцы агарода. Настасся заставіла сына прынесці драбінку, каб дастаць з дупла партсігар. Якое было дзіва, калі з таго партсігара дасталі фотаздымак немца і Настассі. Пасля таго праз некалькі дзён прыехаў Максім з раёна на падараваным аўтамабілі. Ходзяць плёткі, што хацеў той немец забраць Настассю з сабою, ды яна адказалася. Сама я гэтага ад іх не чула.
Кірылаўна змоўкла. Праз некаторы час схамянулася і запрасіла частавацца аладкамі. Ад пачастунку я адказаўся. Мне хацелася хутчэй на вуліцу, калі пашанцуе, яшчэ раз паглядзець на Настассю, а лепей — пагаварыць з ёй. Як быццм бачыўшы мае жаданні, Кірылаўна сказала:
— Гаварыць з вамі яна не будзе, ды мо гэта і рабіць не трэба. Даўно яна ні з кім не гаворыць.
З канца вуліцы да дома Кірылаўны купкай падыходзілі дзеці.
-Там на вясковых могілках пахаваны дзевятнадцаць невядомых чырвонаармейцаў, — гаварылі яны.
Але я быў яшчэ там, у той гісторыі сустрэчы сваёй маладосці дзяўчыны з Палесся і нямецкага салдата далёкай той страшнай вайны.

Реклама

Уладзімір Амяльчэня,
чэрвень 2006 год

Назва вёскі і імёны жанчын заменены і любое падабенства выпадкова.

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии