Прыемна ўражаны даведнікам

0

У канцы ліпеня гэтага года выйшла з друку невялікая, але вельмі змястоўная, багата ілюстраваная кніжка пад назвай «Мастакі Случчыны». І на гэты раз гісторыка-мастацкім дасведчаннем нас парадаваў слуцкі гісторык-краявед і сапраўдны патрыёт Слуцкага раёна Ігар Ціткоўскі.

Важна тое, што аўтар разглядае і аналізуе з’явы жыцця свайго роднага краю з пункту гледжання гісторыка-прафесіянала.
У паняцце «Случчына» аўтар уключае не толькі тэрыторыю сучаснага Слуцкага раёна, але і гістарычна звязаныя з ім тэрыторыі былога Слуцкага павета — сучасныя Капыльскі, Салігорскі, Старадарожскі і Любанскі раёны. А як вядома, тэрыторыя былога Слуцкага павета прасціралася ў некаторыя часы да Нясвіжа, Клецка і нават да Навагрудка.
Аўтар апісвае і аналізуе мастацкія тварэнні больш як 140 мастакоў - са старажытных часоў Кіеўскай Русі і да нашых сучасных дзён.
Даведнік пачынаецца з гістарычнай характэрыстыкі і апісання жыцця жыхароў Случчыны пачатку ХІІ стагоддзя. Гэтым самым мастакі, іх творы з’яўляюцца адлюстраваннем тагачаснага грамадска-палітычнага ладу. Кожная гістарычная эпоха нараджае сваіх тварцоў, сваіх герояў і сваіх геніяў.
Аўтар апісвае дзейнасць мастакоў Случчыны ў невялікіх па форме і вельмі значымых па зместу артыкулах, якія ілюстраваны партрэтамі і фотакопіямі карцін.
Прыходзіцца прыемна здзіўляцца таму, што аўтар знайшоў у сябе сілы, інтарэс і цярпенне, каб сабраць такі багаты і змястоўны матэрыял. І хочацца на гэта сказаць, што Ігар Ціткоўскі не толькі патрыёт роднага краю, але і сапраўдны майстар у сваіх намаганнях паказаць гістарычнае багацце Случчыны ў самых найдрабнейшых дэталях.
Вялікая падзяка Ігару Ціткоўскаму ад усіх тых, хто любіць гісторыю сваёй Радзімы і гісторыю як навуку, гісторыю свайго краю і свайго роднага кута…
Кніга жыве даўжэй за чалавека. Лічу я, што нават у далёкім будучым людзі Случчыны, нашы нашчадкі, будуць помніць і будуць удзячны аўтару гэтага гістарычнага нарыса за тыя звесткі, якія ён данёс не толькі да сучасных жыхароў Слуцкага краю, але таксама і да людзей будучых гадоў і вякоў.

Реклама

Аляксей Андрэевіч Новік,
пенсіянер, былы настаўнік
гісторыі, Слуцкі раён, в. Сярагі

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии