Палеская рапсодыя

0

Рапсодыя — вялікі музычны твор з некалькіх частак на тэмы народных сказанняў.

Атрад з васьмі школьнікаў пад маім кіраўніцтвам ішоў па дарозе аднаго армейскага злучэння, якое ў жніўні 1941 года арганізавана адступала на ўсход. Мэтай атрада было распытаць жыхароў вёсак пра той жудасны час, калі за ваенным злучэннем чырвонаармейцаў ішлі немцы., калі гэтых чырвонаармейцаў, пераправіўшыхся праз раку Арэсу, у вялікім лясным аблозе нямецкая артылерыя і авіяцыя разбамбілі. Гэты край быў апошнім месцам базіравання злучэння, адкуль нямногім застаўшымся ў жывых давялося выйсці.
За ракою Арэсай балоты асушаныя, знайсці месца стаянкі чырвонаармейцаў непроста. Адны рыбакі казалі, што зямлянкі тыя ад дарогі ў лесе налева, другія — направа. Нам заставалася спадзявацца, што жыхары вёскі Галубковічы добра ведаюць тое месца і змогуць яго паказаць.
Мы разбілі палаткі на беразе ракі і сталі начаваць. Вечарам чыталі дзённікі аднаго сведкі таго часу. Жудасныя гэта старонкі беларускага жыцця ваенных гадоў.
Назаўтра, паснедаўшы, я і двое хлапчукоў пайшлі шукаць вёску Галубковічы, каб дамовіцца наконт правадніка. У выніку знайшлі гісторыю, якую можна назваць «Палеская рапсодыя».

Реклама

Вёска Галубковічы
Насыпаная дарога сярод асушаных балот прывяла ў невялічкую вёску. Мы выйшлі на вуліцу, на якой ляжаў асфальт. На лавачцы каля адной хаты сядзелі дзве жанчыны. Узрост іх даволі сталы, чаму мы і абрадаваліся, спадзяючыся, што яны многа раскажуць пра час вайны.
— Не, вунь тая ведае больш, — адказала на наша запытанне жанчына і засмяялася, паказаўшы яшчэ на адну, што стаяла праз хаты дзве цераз дарогу ў двары каля веснічак. Супраць таго двара прыпаркавана было белага колеру аўто. «Аўдзі-100», — вызначыў адзін са школьнікаў. Прысутнасць гэтай машыны неяк супакойвала, бо азначала, што ў вёсцы ёсць працаздольныя людзі.
Жанчыны на лавачцы былі такія розныя: адна — поўнацелая, бялясая, бяззубы рот прыкрывала рукою, другая — худая, твар зморшчаны, але заўсёды гатовы смяяцца.
— Калі дадзіце на пляшку віна, то і мы што-небудзь раскажам, — яна зноў засмяялася. У гэты час твар яе быў у жмурынках, а вочы заплюшчаны.
— Не здзекуйся з людзей, бачыш, чужыя яны, — сказала бялясая.
— Вунь тая машына — падарунак за каханне ў вайну, — яхіднічала худая, паказваючы на аўто.
Паўнацелай гэта не спадабалася:
— Не трэба кпіць з Настассі. За сваё жыццё ты яшчэ не насмяялася?
— Я праўду кажу. Хіба ты мяне не ведаеш, Кірылаўна? За што немец падарыў машыну, як не за каханне?
— Перастань, Волька, — прыкрываючы рот, прыказала Кірылаўна.- Машыну ён сыну падарыў. Правільна зрабіў. За ўсё жыццё сваё хай Настасачка з сынам падзяку ад людзей пабачаць. Ад чужых людзей, бо ад сваіх, акрамя крыўды і гора, нічога не бачылі.
Неяк пацягнула холадам, пацямнела. І забарабаніў часценькі дождж. Па двары да веснічак, супраць якіх стаяла машына, падыйшоў мужчына:
— Ідзіце ў хату, мама, — даляцела да нас.
Жанчына, абапіраючыся на кіёчак, развярнулася і пайшла ў глыб двара. Відаць было, што ў маладосці яна была высокай, стройнай постаці. Не меней, як дзявяты дзесятак гадоў вісеў на яе плячах, але была яна яшчэ даволі рухавай, галаву трымала высока, як быццам наперакор гадам і ўсяму таму, што давялося перажыць і перамагчы.
Волька і Кірылаўна таксама падняліся. Дождж гнаў іх па хатах. Мы засталіся на вуліцы. Дзе знайсці правадніка — не ведалі.

Дзень наступны
Аглядзеўшы лагер у лесе, мы вырашылі наведаць вёску Галубковічы. Чамусьці мне здавалася, што ўчарашняя знаёмая — жанчына Кірылаўна — пойдзе з намі на кантакт, раскажа пра вайну і падарунак ад немца.
Калі пераступілі парог сенцаў, то ўбачылі, што Кірылаўна стаяла каля газавай пліты, яшчэ толькі гатавала сабе сняданак.
— Во, Божухна, учарашнія госці, — здзівілася і запрасіла праходзіць. Школьнікі пакруціліся каля парога і выйшлі на вуліцу. Я стаў гаварыць пра мэту свайго прыходу. Відаць было, што яна захвалявалася, адключыла гарэлку ў пліце, а разведзенае цеста ў глыбокай місцы накрыла дошкаю, на якой звычайна шынкуюць агародніну.
-Расказаць можна. Толькі як гэта будзе ўспрынята? Зразумець чужое гора не кожны здольны. Пасмяяцца над чужым — куды лягчэй.
Я стаў гаварыць, што таксама помню вайну, таму, спадзяюся, усё пачутае змагу ўспрыняць правільна.
Кірылаўна села на табурэцік, зроблены, мусіць, у пачатку мінулага стагоддзя, прыкрыла далонню бяззубы рот і на момант замоўкла. Погляд яе быў накіраваны у мой бок, але здавалася, што мяне жанчына не бачыла. Яна глядзела ў глыбіню гадоў. Я сядзеў перад ёю і баяўся, што адзін мой рух, адно неасцярожнае слова спужаюць яе. Тады мае надзеі ў адзін момант сканаюць назаўсёды.
— Нас на вёсцы засталося тры жанчыны, якія жывуць тут ад нараджэння, — пачала яна. — Настасся, Волька і я мелі адно прозвішча — Галубковіч. Тады амаль усе жыхары вёскі былі Галубковічы. У адзін год пайшлі ў школу. Ужо ў сёмым класе ў Настассі забралі бацьку. А пасля забралі і маці. Бацькі яе працавалі настаўнікамі. Жыць Настасся стала ў цёткі, што была ў раёне. Там і скончыла ў 1941 годзе дзесяць класаў. Волька пасля сямігодкі таксама вучылася ў раёне разам з Настассяй. Я пасля нашай школы не вучылася. Вось вайна і застала іх у раёне. Мяне дома. Волька атрымала атэстат аб сярэдняй адукацыі, Настассі яго не выдалі. Кіраўніцтва школы спаслалася на тое, што ўлады раёна вырашаць, даваць атэстат ці не даваць. А назаўтра была вайна. Волька вярнулася да бацькоў, а Настассі вяртацца не было куды. Бацькаву хату да таго часу ператварылі ў калгасную кантору.
Вайна прагудзела на ўсход па Екацярынінскаму шляху, і стала ціха. Усе займаліся сваёй гаспадаркай. Ды ў пачатку жніўня ў навакольны лес прыйшлі аднекуль з захаду чырвонаармейцы. Галодныя, абарваныя, яны бегалі па хатах і забіралі ўсё, што можна было забраць. А за імі з’явіліся нямецкія самалёты. Тады для нас пачалася сапраўдная вайна. Некалькі дзён абстрэльвалі лес і наваколле. Калі абстрэлы скончыліся, у вёску прыйшлі немцы. Яны прымушалі зносіць загінуўшых чырвонаармейцаў, а таксама зброю. І зараз, праз столькі гадоў, здараецца, што на асушаных балотах трактарысты знаходзяць костачкі тых салдацікаў.
З прыходам немцаў пачалося новае жыццё.

Уладзімір Амяльчэня
Заканчэнне ў наступным нумары

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии