Ушанаваць. Каб не забылі

0

Калісьці на Случчыне гуляла прымаўка: «Уваткні вясною ў нашу зямлю аглоблю — увосень тарантас вырасце». У 30-я гады мінулага веку я чуў яе ад сваяго дзядулі, які ведаў, што гаварыў. Але ж зямля слуцкая шчодрая не толькі на высокія ўраджаі: бадай, няма на Беларусі такога раёну, адкуль выйшла б столькі пісьменнікаў - звыш дваццаці.

Для большасці з іх шлях у літаратуру адкрываўся ў 20-я гады мінулага веку, калі, нарэшце, пасля доўгага занядбання царшчынай усяго нашага нацыянальнага напоўніцу загучала родная мова не толькі ў школах, ВНУ, а нават у дзяржаўных кабінетах. Ствараліся літаратурныя суполкі, выдаваліся на беларускай мове часопісы, газеты, кнігі. Такая «вольніца», на жаль, працягвалася толькі да 1932−1934 гадоў. За гэты час пісьменнікі-случчане Алесь Гурло, Кузьма Чорны, Янка Скрыган, Рыгор Крушына, Язэп Дыла, Янка Золак, Міхась Каваль, Сяргей Грахоўскі, Уладзімір Клішэвіч здолелі надрукаваць першыя кніжкі. А затым хваля рэпрэсій, што навярнулася і на Беларусь, не абмінула ні аднаго з іх. Адных растралялі, другіх выслалі ў Сібір ці на Калыму. Творы іх доўгія гады былі пад забаронай, і толькі пасля атрымання Беларуссю незалежнасці сталі публікавацца ў літуратурных часопісах, нават выходзіць асобнымі кніжкамі.
У 40−70-я гады ў літаратуру прыйшло новае пакаленне пісьменнікаў-случчан: Алена Васілевіч, Васіль Вітка, Аляксей Кулакоўскі, Анатоль Алешка, Павел Місько, Мікола Хведаровіч, Аркадзь і Нічыпар Чарнышэвічы, Алесь Жук, Галіна Каржанеўская, Яўген Гучок. Магчыма, я кагосьці з землякоў і прапусціў, зазначаючы, што нам, слуцакам, ёсць кім ганарыцца: унёсак случчан у беларускую літаратуру даволі трывалы.
У 70-я гады мінулага веку была спроба ўшанаваць у горадзе найболей вядомых нашых пісьменнікаў, якія пісалі для дзяцей. Тады на другім паверху гарбібліятэкі з’явіліся іх партрэты. Сёння, мяркую, можна пайсці далей: наспеў час аформіць галярэю партрэтаў усіх названых вышэй пісьменнікаў-землякоў, каб чытачы ведалі кожнага, шукалі на паліцах іх творы. Выкладчык Дзіцячай мастацкай школы, краязнаўца Ігар Ціткоўскі падкрэсліў, што пэўны ўнёсак у напісанне партрэтаў маглі б зрабіць і юныя мастакі, работы некаторых з іх у свой час атрымалі высокую адзнаку на міжнародных выставах.
Аб неабходнасці стварэння такой галярэі яшчэ раз пераканаўся, калі заглянуў у чытальную залу дзіцячай бібліятэкі. Спытаў схіліўшыхся над падручнікамі чатырох дзяўчынак-старшакласніц, каго з пісьменнікаў-случчан яны ведаюць, можа чыталі якія іх кніжкі. Мілыя дзяўчынкі ўсміхнуліся ніякавата і шчыра прызналіся, што нікога не ведаюць. У чытальнай зале на трэцім паверху з апытаных чатырох студэнтак мінскіх ВНУ ні адна не назвала прозвішча пісьменніка-земляка, хоць за тры крокі на стэлажы-вітрыне выстаўлены апошнія кніжкі Алены Васілевіч, Паўла Місько, Галіны Каржанеўскай, Яўгена Гучка, Алеся Жука, Алеся Пашкевіча… Дарэчы, усе апытаныя размаўлялі выключна на рускай мове, хоць пытанні я задаваў па-беларуску.

Реклама

Міхась Тычына

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии