Сустрэча «пяцідзесятнікаў»

0

Наша дарога са Стаўбцоўшчыны да Салігорска паказалася зусім непрацяглай: час за размовай-успамінамі праляцеў хутка. Са Святланай мы без перапынку і без стомы ўсё вярталіся і вярталіся да падзей учарашняга вечара.

…Так ужо павялося, што сустрэчы выпускнікоў праходзяць у першую суботу лютага. Але ж ці нельга змяніць гэтай традыцыі, калі на календары ўжо даўно не люты, а сустрэцца з равеснікамі, з якімі 35 гадоў назад заканчваў васьмігодку, што збірала дзяцей з шасці суседніх вёсак, вельмі ж ужо хочацца?! Калі дадаць, што ўсім равеснікам сёлета спаўняецца па 50, то хіба можа быць тут штосьці перашкодай: галоўнае, каб знайшоўся хоць адзін арганізатар. А такі не прымусіў сябе шукаць: Казік Глінскі, які пад час выпуску ў 1971-ым праявіў ініцыятыву і сабраў клас да сябе на салодкі стол, зараз пачаў упарта збіраць адрасы і тэлефоны сваіх «пяцідзесятнікаў». Аўтар гэтых радкоў не застаўся таксама ў баку (вось вам і аргкамітэт), а тут яшчэ «Кур'ер» падліў масла ў агонь, прапанаваўшы напярэдадні новага навучальнага года спакуслівае Інтэрнэт-апытанне: «Ці пайшлі б вы вучыцца ў школу па другому разу?»… Працэс не маглі прыпыніць нават працяглыя дажджы і неабнадзейваючыя прагнозы надвор’я гэтых дзён.
Ці часта вам удаецца бачыць сапраўды шчаслівых дарослых людзей? Першая субота верасня самога зацягнула ў віхуру шчаслівай сустрэчы, калі гэтыя дарослыя пазнавалі некаторых далёка не з першага погляду: «А гэта хто? Слава Сяліцкі? Ну ты і малайчына: такі гарны стаў і так захаваўся ў свае 50!»… «Ніна Супрун, мы ж з табой цэлых трыццаць пяць гадоў не бачыліся! Пазнаю з вялікім «напрагам»…
Сустрэча з ветэранамі-настаўнікамі Кнотаўшчынскай васьмігадовай школы Зінаідай Антонаўнай Бурновіч і Валянцінай Аляксандраўнай Супрун — гэта бясконцыя словы падзякі педагогам, зараз ужо пенсіянерам.
…Шашлык і кілішкі каньяка на беразе Нёмана толькі дабаўлялі дабразычлівасці і пашыралі кола ўспамінаў. Здавалася, «нябесная канцылярыя» прыкмеціла, што дзевяць чалавек сталі адной шчаслівай сям’ёй, і падарыла выдатнае надвор’е. Кожны расказаў пра свой жыццёвы шлях, пра свае радасці і поспехі. Валя Ажгірэвіч — душа школьнага калектыву, аптыміст, якіх немнога, — зараз жыве ў Гродна, працуе ў бальніцы. Зіна Калевіч заўсёды грэзіла стаць мастаком, але жыццё распарадзілася інакш, і яе актыўнасць і адказнасць вымушалі работадаўцаў змагацца за такога супрацоўніка — яна зараз працуе ў Стаўбцоўскай райплемстанцыі. Ніна Супрун — дабразычлівая, спакойная вучаніца — з такой радасцю расказвала пра сваё жыццё ў Наваполлі, пра сваіх трох унучат, пра сваю гаспадарку, што тут проста пазайздросціш. На лёс чымсьці да яе падобнай Светы Супрун выпала немала выпрабаванняў, але яна і дачку змагла выхаваць, і кватэру пабудаваць, і стаць аўтарытэтным бухгалтарам. Света Станкевіч — адна з самых нашых «баявых» вучаніц — зараз працуе ў адной з праваахоўных устаноў Салігорска, гарыць жаданнем, апрача асноўнай працы, дасягнуць вынікаў на сваіх «сотках». Славік Сяліцкі, які адрозніваўся спакойным і разважлівым характарам, папрацаваўшы на «гарачай сетцы», паспеў зарабіць пенсію. Той самы сціплы вучань Казік Глінскі зараз «дальнабойшчык» і курсіруе па краінах Еўропы. Збыліся мары Івана Гаўрылюка, які ў школе жыў толькі морам. Ён паспеў два разы абагнуць зямны шар на цеплаходзе «Аляксандр Пушкін», зараз стаў рэжысёрам і займаецца творчай працай.
Гледзячы на вуглі позняга кастрышча «пяцідзесятнікі» радаваліся, што ўдалося хоць на нейкі час вярнуцца ў тыя салодкія школьныя часы, калі і чай з хлябцамі, што прапаноўвалі ў школе, быў зусім іншага (намнога лепшага) смаку, чым зараз. Узгадалі, што не ўсе вытрымалі жыццёвыя выпрабаванні: тры даволі перспектыўныя аднаклашкі, на вялікі жаль, зламаліся пад спакусай «зялёнага змія».
…Пасля вяртання дамоў на пытанне жонкі, як прайшла сустрэча, з пачуццём радасці і адначасова настальгіі адказаў: «Хачу ў школу».

Реклама

Сяргей Грабёнаўскі

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии