Рэха адзвінеўшага лета

0

Любоў Семяновіч
(Слуцк)

Спыніся, час
Яшчэ не адцвілі мае валошкі.
І часам радасць хмеліць галаву.
Спыніся, час, на ўздых адзін, на трошкі,
Каб зноў адчуць змагла я, што жыву.
А я жыву, не існую, і чую,
Як шэпчуцца над рэчкай туманы,
Як грае жнівень песню залатую
І звоняць снежня белыя званы.
І бачу, што каляднік зацвітае, —
Ён столькі год не ажываў, не цвіў.
Мой кожны верш валошкай працвітае,
Маленькай кветкай на ўскрайку нівы.

Реклама

У абдымках ночы
Заснула шчасце ў абдумках ночы.
Раскрыла неба зорны парасон.
Я раніцу баюся напрарочыць,
Каб не спалохаць, не прагнаць твой сон.
За вокнамі ў досвітным чаканні
Лунае вецер — шызакрылы птах.
Люляе ноч-вандроўніца да рання
Зямное шчасце на зямных руках.

Табе насустрач
Рабінавым кастром у дождж сагрэты,
Нам верасень наладжвае спатканне.
Злятае вэлюм бабінага лета
На лісцяў залатое саматканне.
Нібыта абарваныя шпалеры,
Лісцё імклівы вецер падмятае.
Я па жыцці, як па халодным скверы,
Ішла табе насустрач маладая.

Валерый Гурыновіч
(Слуцк)

Купальскі сон
Дзівосны сон, ён да мяне прыходзіць.
Чароўны сон, пяром не апісаць,
Як быццам бы дзяўчаты карагодзяць
Ля рзчкі, дзе хадзілі мы гуляць.
І сярод траў, рамонак і званочкаў
Мая душа ўзрушана пяе,
Дзяўчатак нашых бачу я ў вяночках,
Як быццам бы Купалле настае.
І ў кветку шчасця вера не ўмірае,
Хай знойдзе на Купалле яе кожны.
Як заклінанне, у сне я паўтараю:
Усім у шчасці жыць, здаровымі заможным.

Нарач
Што мне Байкал? Хай нават Балатон…
Адно магу вам шчыра я сказаць:
Азёр мне называй хоць мільён,
А мне мілей на Нарачы бываць.
Хай хтосьці Рыцу ці Севан свой хваліць,
Любому адкажу без лішніх слоў:
Няма мілей мне нарачанскай хвалі
І сціплых нарачанскіх рыбакоў.
Глядзяцца сосны стромкія ў ваду,
І хвалі вольна з ветрыкам гуляюць,
А я шчаслівы берагам іду
І лебядзі здалек мяне вітаюць.

Ніна Зіневіч
(Слуцкі раён)

Лета хараство
Уладарыць лета хараство.
Аж душу наскрозь працінае.
Жыцце Зямлі, Нябес жыцце…
І прыгажосць вакол святая.
Чысцейшы гук цудоўнай песні
Ляціць з-пад вышыні нябес.
І ахмяляе паднябессе
Шыкоўнай музыкай да слез.
І п’яніць водарам мядовым,
Духмяным пахам збажыны,
Салодкім, горкім, адмысловым
Паветрам роднае зямлі.

Што такое прыгажосць?
У прыродзе так многа цудоўнага:
Гэта лес, гэта поле і луг.
І твой голас, што так зачароўвае,
Лечыць раны, збаўляе нядуг.
А яшчэ прыгажосць-гэта неба,
Гэта мама і тата твае.
І акрыйчык чорнага хлеба,
Што заўседы ляжыць на стале.
Прыгажосць гэта рук пяшчота,
І душы дабрыня без краю.
Гэта радасць, і шчасце, і льгота,
І тваё, і маё «Кахаю».
І дзяіцячы смех аж ад ранку.
Дзверы насцеж у доме заўжды,
І над хатай тваёй буслянка.
Няхай будзе так назаўжды.

Вольга Клязовіч
(Салігорск)

Навучы мяне вынізаць старыя чаравікі.
Навучы мяне плыць — я баюся, што захлынуся.
Навучы мяне жыць, бо я не жыву…
Я так многа прашу, але ў кроплях дажджу
Слоў няма — ты таксама маўчыш, не гаворыш услых.
Навучы мяне…

Буду чытаць Караткевіча,
Што трэба яшчэ?
Скончыцца хутка лета,
Восень гульню распачне.
Гарбата з цукеркамі,
Жыцце, усміхніся!
Са мной Караткевіч —
І думкам не спіцца.

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии