На зямлі сваіх дзядоў

0

Нашчадкі паноў Залескіх наведалі былыя ўладанні сваёй сям'і ў весцы Рачкавічы Слуцкага раёна
Праўнук вядомага на Случчыне памешчыка і мецэната Браніслава Залескага нядаўна наведаў вёску Рачкавічы, дзе вякамі жылі яго продкі. Яшчэ на пачатку мінулага стагоддзя Рачкавічы былі адной з самых багатых гаспадарак ва ўсёй ваколіцы. Яна прыносіла сям'і Залескіх добры прыбытак. Тут былі не толькі палеткі, сады і жывёлагадоўля, але і сыраварня са спіртавым заводам. Калі ж пачалася рэвалюцыя, сям’я Залескіх пакінула радзіму і пачала новае жыццё ў Польшчы.

Аб прыездзе апошняга патомка роду Залескіх Кшыштафа мы даведаліся нечакана. У суправаджэнні сваёй цёткі пані Габрыэлы і двух выкладчыц Беластоцкага універсітэту ён спярша завітаў у Слуцкі краязнаўчы музей, потым наведаў Слуцкую гімназію. А на былыя ўладанні сваіх продкаў - у вёску Рачкавічы Слуцкага раёна — разам з гасцямі паехаў і карэспандэнт «Кур'ера».

Реклама

Спадчына — святое
За размовай час у дарозе бяжыць непрыкметна. «Сям'я Залескіх была каталіцкая, а для мясцовых жыхароў фундавала будаўніцтва праваслаўнай царквы ў Малышэвічах, недалёка ад Рачкавіч», — расказвае пані Габрыэла на чыстай беларускай мове. У адрозненне ад пляменніка, вывучаўшага мову ва універсітэце, пані гаворыць па-беларуску без малейшага акцэнту.
Кшыштаф пра сваіх продкаў ведае шмат: «Усё дзяцінства слухаў, як мой дзед Вацлаў расказваў пра маёнтак у Рачкавічах, як там ладзіліся святы, якія традыцыі існавалі ў вялікай сям'і. Адна з іх вельмі актуальна і сёння. Паміж дзвюма галінамі роду Залескіх існавала дамоўленасць аб стварэнні фонду для таго, каб усе маладыя з сям'і атрымалі адукацыю. На гэтыя патрэбы бралі крэдыт у банку».
Запомнілася Кшыштафу гісторыя пра прабабку, якую вельмі любілі мясцовыя жыхары. «Калі пані памерла, паміж жыхарамі Рачкавіч, нягледзячы на тое, што Залескія былі каталікамі, узнікла спрэчка: у якім абрадзе яна мае быць пахавана — у каталіцкім ці праваслаўным. Паколькі бацюшка з ксяндзом не хацелі праводзіць абрад пахавання супольна, было вырашана, што бацюшка правядзе пані да паловы дарогі, а да могілкаў - ксёндз».
Занатаваныя Вацлам Залескім успаміны беражліва захоўваюць яго нашчадкі.

Дзе сад стаяў - бур’ян расце
Вось нарэшце мы ў Рачкавічах. Калісьці тут быў фальварак — радавое гняздо Залескіх. Зараз ад былога маёнтку не засталося нічога, таксама, як і ад цудоўнага панскага сада.
«Вы позна ўзяліся за ўспаміны. Калі б вы прыехалі гадоў дзесяць назад, дык пабачылі старажылаў, якія маглі б вам расказаць пра паноў Залескіх, — сустрэлі нас вяскоўцы. — Да чаго ўжо тут раней было прыгожа! Асабліва да вайны. Усё культурна было. А цяпер няма каму за гаспадаркай глядзець…».
Жыхары Рачкавіч расказалі, што царква ў Малышэвічах, пабудаваная Залескімі, была зруйнавана пасля вайны. Кажуць, быццам той мужык, які разбурыў храм уласнымі рукамі, быў пакараны: жонка яго нарадзіла дзіця без рукі.

«Мой бацька быў упраўляючым у пана»
«Пойдзем да Трусевічыхі, — запрасіла нас вясковая кабета, якая выклікалася суправаджаць незвычайных гасцей у іх падарожжы па радзіме дзядоў. — Яна самая старэйшая жыхарка. Яшчэ яе бацькі працавалі ў пана». Вольга Трусевіч (у дзявоцтве Пінчук) у гэтым годзе адзначыла дзевяностагоддзе. Бабуля расказала, што яе бацька сапраўды працаваў упраўляючым у пана Залескага. Казала, што ў яе маці было сямёра дзяцей, а бацька заляцаўся да прыгажуні прачкі. Калі «добрыя» людзі данеслі, што бачылі яе мужа ў гумне з маладухай, жанчына пайшла да пана і слёзна прасіла яго дапамагчы захаваць сям’ю. Пан вызваў да сябе ўпраўляючага. Пасля размовы заляцанні да прачкі спыніліся.
Пра лёс былога панскага маёнтка Вольга Дзям’янаўна паведаміла, што пасля ад’езду паноў ён прастаяў нядоўга. Пачалася Вялікая Айчынная вайна. Немцы, адыходзячы, спалілі яго і школу, пабудаваную Залескімі.
Калі мы зайшлі ў дом Вольгі Трусевіч, то не змаглі стрымаць здзіўлення: у пакоі гаспадыні стаяла шафа з панскага маёнтка! Цікава было глядзець на няхітрыя сялянскія пажыткі, раскладзеныя на полках шафы, на якіх у пачатку стагоддзя раскладвала свае сукенкі пані Залеская. Пасля ад’езду паноў вяскоўцы забралі рэчы з маёнтка і вымушаны былі нават за іх разлічвацца з дзяржавай. Як кажа Вольга Дзям’янаўна, шафа аказалася доўгажыхаркай.
З іншай мэблі паноў Залескіх ужо нічога не захавалася.
Пачатак спіртавой прамысловасці тут паклалі паны Залескія
Амаль адзінае, што засталося з тых далёкіх часоў ад паноў Залескіх, — гэта стары будынак былога спіртавога завода, які зараз выкарыстоўваецца пад склад віннага завода «Колас». Кшыштаф выказаў жаданне агледзець яго, і дырэктар «Коласа» Алена Тумашчык правяла гасцей праз кантрольны пункт. Старэйшыя супрацоўнікі прадпрыемства ўспамінаюць, што калісьці тут стаяў халадзільнік для спірта на лапах ільва. Так атрымалася, што ў савецкія часы антыкварыят, здольны аздобіць фонды музея, апынуўся на сметніку.

Замест эпілога, ці «Я яшчэ вярнуся»
На твары Кшыштафа, крочыўшага па дарогах сваіх продкаў, адлюстроўваліся розныя эмоцыі: сум і захапленне, цікавасць і роздум. Як адчувалі сябе дзяды, калі вымушаны былі кінуць сваю родную зямлю і раптоўна ад’ехаць у Польшчу? Мабыць, гэтае пытанне болей хвалявала яго 73-гадовую цётку Габрыэлу. «На вялікі жаль, мы не маглі прыехаць раней, — сказала яна. — У савецкі час гэта было небяспечна. Памятаеце, як трагічна скончыўся лёс герояў фільма „Усход-Захад“?» Да таго ж, лёс самой пані Габрыэлы закінуў яе ў Бразілію, дзе яна амаль 11 гадоў займалася рэстаўрацыяй барочных скульптур. Зараз яны з мужам пражываюць у Партугаліі, кожны год прыязджаюць на радзіму ў Польшчу.
Завяршыць падарожжа па Случчыне Кшыштаф планаваў на могілках у вёсцы Боркі, дзе Залескія некалі пабудавалі касцёл. Але тут яго чакала няўдача: высветлілася, што таксіст іх прывёз у вёску з сугучнай назвай — Барок. Часу падкарэкціраваць маршрут ужо не было…
Развітваліся мы добрымі сябрамі. Абмяняліся тэлефонамі і электроннымі адрасамі, абняліся… А праз дзень я атрымала SMS з польскага нумару: «Мы ўжо ў Польшчы. На Беларусі вельмі спадабалася. У вас дужа мілыя і добрыя людзі». Крыху пазней прыйшло пісьмо па электронцы, у якім Кшыштаф паведаміў аб сваім намеры яшчэ раз прыехаць на Случчыну. Ён хоча наведаць некалькі другіх вёсак, якія сустракаюцца ва ўспамінах дзеда Вацлава і маюць сувязь з родам Залескіх.
Дарэчы, Кшыштаф, па яго меркаванню, не тыповы паляк. «У нас не ўсе цікавяцца сваімі каранямі, не так многа тых, хто вывешвае на відным месцы радаслоўнае дрэва», — казаў ён. Але ж калі твой род бярэ пачатак з XIV стагоддзя, відаць, тут ёсць, чым ганарыцца.
Сапраўды, ці не стануць легенды пра далёкіх продкаў лепшай казкай на ноч, якую апошні патомак роду Залескіх можа расказаць сваім маленькім дачкам?

Таццяна Гусева

Дачка панскага ўпраўляючага не чакала, што калісьці ёй давядзецца сустрэцца і размаўляць з праўнукам пана Браніслава

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии