Дыялог пакаленняў

0

Ад ліпеньскай спёкі ў горадзе не было дзе схавацца. Таму нікім не занятыя столікі над шатром каля магазіна «Салігорск» проста манілі да сябе. Куфель халоднага піва — і на нейкі час ты трапляеш у рай.

На гэты раз ужо з ранку месцаў амаль не было. За столікам у дальнім вуглу ад вуліцы сядзелі два хлапчукі з марожаным. Я прысуседзіўся з півам.
— Цікава бачыць сустрэчу праз столькі гадоў двух салдатаў, немца і рускага, што ваявалі супраць адзін другога. Ці пачаставаліся б халодным півам? — задаваўся пытаннем хлапчук, на твары каторага выглядалі крапінкі рабаціння, а коратка падстрыжаныя валасы адлівалі залацістым водбліскам.
— Думаю, што не, — адказваў другі, — біцца не сталі б, але вялікага сяброўства не праявілі б. Душы іх атручаны той злосцю і ненавісцю, што выхавала ў іх вайна.
Відаць, хлапчукі аб нечым вялі размову даўно. І гэта размова была аб мінулай вайне.
— Ідзе, ідзе, — загаварыў той, з залацістым чубам.
Пад шацёр у цень зайшоў пенсіянер, вядомы ў горадзе ўдзельнік вайны, каторы ў святочныя дні апранаў ваенны мундзір з пагонамі палкоўніка. Дачакаўшыся пакуль налілі куфель піва, ветэран накіраваўся да нас на свабоднае месца.
— Міхаіл Фёдаравіч, — назваўся ён. І гэта сказана было для мяне. З хлапчукамі, відаць было, ён знаёмы.
— Прабачце, крыху затрымаўся, — звярнуўся да хлапчукоў. — Званілі з Наваполацка.
Ветэран пацягнуў піва некалькі глыткоў, пасля абцёр рукавом рот і, гледзячы на мяне падсляпаватымі вачыма, паскардзіўся: «Спякота».
Ён сапраўды бачыў кепска. Цераз левае вока і брыво ішоў даўно заросшы шрам, пад якім не даставала пад скурай косткі, ад чаго левае брыво было раздзелена на дзве палавінкі.
— Званіў аднапалчанін, вызвалялі з ім горад Полацк. Хваліцца, што сустракаецца з немцам, маім хрэснікам.
Я з недаразуменнем паглядзеў на новага суседа. Што гэта за хрэснік з немцаў?
— Пры вызваленні Полацка, пасля Віцебскага катла, немец быў зусім другім. Неяк паступіла каманда, што супраць нас рыхтуецца нямецкая танкавая атака. Я камандаваў дывізіёнам 120-ці міліметровых мінамётаў. Нам ставілася задача адбіць нямецкую пяхоту, што ідзе за танкамі. Час ішоў, атакі не было відаць. І вось пачуўся гул матораў. Да цэнтральнай паласы сталі падходзіць з дзесятак машын. Але за імі не было пяхоты. Танкі астанавіліся перад нейтральнай паласой. З каманднага пункту па тэлефоне патрабавалі страляць з мінамётаў па танках. Гэта не практыкавалася, мы чакалі пяхоту. І раптам танкі сталі адступаць. Такое давялося бачыць першы раз — нямецкія танкі, не падтрыманыя пяхотай, вярталіся без бою. У дагонку сталі страляць з мінамётаў. Так здарылася, што адна міна трапіла на башню танка. Пасля выбуху экіпаж пачаў пакідаць машыну. У гэты час па танку стрэлілі артылерысты з супрацьтанкавай пушкі, што стаяла за намі. Я добра бачыў праз бінокль, як адзін немец завіс нагой на гусеніцы танка. Астатнія нямецкія танкі адступілі цэлымі. Праз нейкі час мы завярнулі да падбітага танка. Спяшаліся забраць трафеі: біноклі ў камандзіраў, аптычныя прыборы з машыны. Нямецкія біноклі карысталіся вялікім попытам. Калі падыйшлі да танка, завісшы танкіст на гусеніцы быў жывы, астатнія члены экіпажа валяліся побач мёртвымі. Нага, зашчэпленая гусеніцай, была перабіта, трымалася на сухажыллі і штаніне чорнага камбінезона. Я вынуў з кармана нож, адрэзаў штаніну, адрэзаў сухажылле, сваім пакетам стаў перавязваць ногу. Немец знайшоў у сабе сілы, зняў рэмень і пераціснуў ім ногу вышэй адрыву. Ён хацеў жыць, спадзяваўся на жыццё і не думаў, што можа быць растраляны ў любы момант. Мы не ведалі, што з ім рабіць. Ды хутка да нас падыйшла санітарная машына. Дзяўчыне, якая збірала раненых на машыну, сказалі прыняць раненага немца. Яна доўга не згаджалася, тлумачыла, што ў кузаве няма месца. Мы прапанавалі пацясніцца, каб узяць яшчэ аднаго. Калі немца паднялі ў машыну, падхапіўся ранены савецкі афіцэр і чуць не застрэліў мяне за тое, што адпраўляю з чырвонаармейцамі ворага. Давялося адабраць у яго зброю і прыказаць санітарам давезці немца да шпіталя жывым.
Міхаіл Фёдаравіч прагна глытаў піва. Відаць, ён хваляваўся:
— Пасля вайны, калі служыў у Германіі, я знайшоў бязногага танкіста. Курт Ратнер прыехаў да мяне на сустрэчу. Пасля мы адшукалі тую медсястру, што адвезла яго да шпіталю. Вось так у мяне і Зінаіды Паўлаўны з’явіўся нямецкі хрэснік. Зараз ён гасцюе ў Новаполацку, аб чым толькі што мне тэлефанавалі.
Хлапчукі паглядалі на ветэрана.
— А чаму не адбылася нямецкая атака? — запытаў я ў Міхаіла Фёдаравіча.
— Калі мы занялі вёску, дык знайшлі некалькі нямецкіх салдат павешанымі. Салдаты адказаліся ісці ў атаку. Эсэсаўцы іх павесілі. Танкісты без падтрымкі пяхоты не рашыліся атакаваць.
Я дапіў сваё піва і развітаўся з суседзямі. Ці задавалі хлапчукі пытанне Міхаілу Фёдаравічу наконт пачастункаў халодным півам былога нямецкага салдата, засталося невядомым.

Реклама

Уладзімір Амяльчэня

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии