Даў Бог дзяцей

0

Васіль Жаўнерык і яго жонка Вольга, якія жывуць у вёсцы Вейна Салігорскага раёна, усынавілі пяцярых дзяцей. Падзея, па меркаванню аднавяскоўцаў, неардынарная, таму што за сумеснае жыццё Жаўнерыкі нарадзілі і вырасцілі сваіх дзевяць дзяцей.

Васіль Паўлавіч Жаўнерык ажаніўся ў 1980 годзе. Нядаўна з жонкай адсвяткавалі сярэбранае вяселле. Пачынаў працоўны шлях экскаватаршчыкам ў меліярацыі. Сёння яму 51 год, мае вышэйшую адукацыю. Яго жонка Вольга Адамаўна працавала ў калгасе паляводам, ёй зараз 45 гадоў. Сям’я выгадавала семярых хлапчукоў і двух дзяўчынак. Старэйшаму сыну 26 гадоў, ён ужо жанаты, мае сваё дзіця, жыве ў Расіі. Самаму малодшаму 11 гадоў.
«Прыйшоў час, калі мы сталі разумець, што хутка застанемся адны. А тут старэйшыя сталі прасіць, каб нарадзіла дзяўчынку. У нашай сям'і не хапала дзяўчат, — расказвае Вольга Адамаўна. — Тады вырашылі ўзяць на выхаванне дзяўчынку з прыюта. Калі заняліся афармленнем, то сутыкнуліся з чатырма дзяцьмі адной сям'і, якіх нельга дзяліць. А перад гэтым у сям'і адпачываў чатырнаццацігадовы хлапчук. Ён папрасіўся, каб у прыют не вярталі. Так адразу наша сям’я павялічылася на пяць душ. Старэйшыя дзеці прынялі іх шчыра. Мо хто аб гэтым і шкадуе сёння, але маўчаць. Новыя дзеці былі спачатку вельмі хваравітымі. Прайшло тры месяцы новага жыцця, а есці хлеб яшчэ не навучыліся. Усё ядуць без хлеба. Цяжка было прывучыць піць сырадой, а як толькі сталі яго ўжываць, дык адразу пайшлі на папраўку».
У доме, дзе жыве сям’я з трынаццацю дзяцьмі, я правёў каля гадзіны. Мы многа аб чым гаварылі. Пра бацькоў прынятых дзяцей наўмысна не ўзгадваю. Мо з цягам часу забудуць пра іх і дзеці. Але зараз яны калі-некалі ўспамінаюць.
«Сёння ў Салігорскім раёне маецца 55 прыёмных сямей, у якіх жыве 85 дзяцей, — гаворыць Лілія Кандраценя, вядучы спецыяліст па ахове правоў дзіцяці аддзела адукацыі Салігорскага райвыканкама. — У сям'і Жаўнерыкаў, якую мы добра ведаем, любоў да дзяцей на першым месцы. Дзеткі заўсёды дагледжаныя. Бацькі прывучаюць іх да працы, імкнуцца знайсці асабісты падыход да кожнага».
…Герояў гэтага артыкула я сустрэў у Царкве хрысціян веры евангельскай пад час абрада вянчання. Сярод прыхаджан стаяў немалады мужчына, трымаўшы на руках дзіця не болей двух гадоў. Малы туліўся да дарослага, заглядваў у вочы і зусім не звяртаў увагі на тое, што рабілася вакол. Побач стаяла значна маладзейшая жанчына, да спадніцы каторай туліліся двое дзяцей трошкі больш дарослых. Першая думка: крыху познія дзеці ці раннія ўнукі? Але не ўгадаў…

Реклама

Уладзімір Амяльчэня

Комментарии: будем признательны за ваши отзывы.

Пожалуйста, авторизуйтесь чтобы добавить комментарий.