Волька-Сарагоўка

0

Хата яе з вялікімі вокнамі на вуліцу і старым клёнам ля плоту стаяла на самай «макаўцы» пагорку, які калісьці абжылі першыя пасяленцы вёскі. Наша хата была насупраць, праз вуліцу, на схіле таго пагорку, таму ў дождж вада з суседскага двара бурлівымі струменямі неслася ў наш двор і далей, у агарод. Гэта, між іншым, не шкодзіла сяброўству нашай маці з Сарагоўкай — так па-вясковаму дарослыя звалі Вольгу Аляксандраўну Кунцэвіч. Жыла яна з мужам Пятрусём, мелі двое дзяцей школьнага ўзросту. З чаго прыстала да яе тая мянушка? Ад назвы вёскі - Сорагі, дзе да замужжа жыла гэтая жанчына. І пра мужа таксама вяскоўцы гаварылі так: «Пятрусь Сарагоўчын».

У маёй падлеткавай памяці аб гэтай дабразычлівай да суседзяў і ўсіх без выключэння вяскоўцаў, пазбягаўшай бабчыных плётак-перасудаў, жанчыне і па сёняшні дзень засталіся светлыя ўспаміны, бо Сарагоўка хоць і не хадзіла на святы ў Слуцк у царкву, але была богабоязнай, зычыла людзям дабро і павагу. Калі перад вайной выпадала, што ў нашай маці пад вясну не заставалася і жмені мукі з мізэрнага калгаснага заробку, а ў хаце за сталом збіралася аж шасцёра дзяцей-малалеткаў, яна ішла да Сарагоўкі і прыносіла адтуль кошык бульбы на дранікі ці торбачку жытняй мукі, змеленай у жорнах. У гады вайны, пад акупацыяй, калі ў вяскоўцаў не было ні газет, ні клуба, дарослыя і моладзь часцяком збіраліся ў даволі прасторнай хаце Сарагоўкі, бо ведалі, што яна не адмовіць, хоць муж Пятрусь быў чалавек не лёгкага нораву, мог кінуць гаманлівым вечароўцам калючую рэпліку. І повад для гэтага ў яго быў: увесь вечар мужчыны гулялі ў карты, смалілі цыгаркі з тытуню-самасаду, ад чаго з-за дыму агонь у лямпе пад столлю пачынаў мігцець. Жанчыны не звярталі на гэта асаблівай ўвагі, бо прыходзілі на вячоркі з прасніцамі і працавалі. Нярэдка гаспадыня прыносіла торбу сушаных гарбузікаў і высыпала на стол, іх хутка разбіралі, пазней падлога пакрывалася густым налётам шалупіння.
З вясны 1943 года такія вячоркі ўжо не ладзіліся, бо з першых прыцемкаў на вуліцы паяўляліся партызаны і, разыходзячыся па хатах, пачыналі шмон-пошук адзення, абутку, самагонкі. У той год, у снежні месяцы, завітала ў хату Сарагоўкі першая бяда. Аднойчы партызаны з засады паблізу вёскі забілі двух прыблудных немцаў. Коні ацалелі і прыйшлі да сваіх «гаспадароў» — у гарнізон, які атабарыўся з лета ў вёсцы Вясея, наўзбоч шашы — «варшаўкі». Таму на наступны дзень адтуль у нашу вёсачку завітала чалавек трыццаць немцаў, яны разышліся па хатах у пошуку партызанаў. Мужчыны і дзеці перад іх візітам сыйшлі ў бліжэйшы лес, баючыся расправы акупантаў. Напэўна, тыя і мелі намер узяць з ліку мужчын заложнікаў і растраляць за вёскай — такое яны рабілі не раз у партызанскіх вёсках. І тут на вуліцу выйшаў Пятрусь Сарагоўчын, хоць яна і адгаварвала не рабіць гэта. Ён адказаў: «Немцы мяне чапаць не стануць, трэба баяцца тых, што прыходзяць ноччу са стрэльбамі і робяць у хатах вобыскі». Убачыўшы першага мужчыну, афіцэр паклікаў Пятруся да сябе і загадаў весці салдатаў да таго месца, дзе партызаны забілі іх саслужыўцаў. Там яго і застрэлілі, труп аблілі бензінам і падпалілі. Пасля таго, як нябожчыка пахавалі, мужчыны яшчэ дзве ночы не прыходзілі днём у вёску, баючыся новых рэпрэсій, бо абараніць іх не было каму — партызанаў і след прастыў. Другое гора завітала ў хату Сарагоўкі ў жніўні 1944 года, калі паштарка прынесла ёй пахаронку на сына Мікалая, дзевятнаццацігадовага юнака, які загінуў у танкавым дзесанце на Вісленскім плацдарме пад Варшавай. Засталася жанчына з сямнаццацігадовай дачкой Зінай. Удваіх хадзілі ў калгас на працу за амаль пустыя працадні, жылі з агароду — як і большасць вяскоўцаў .
Але нездарма ў народзе была пагаворка: «Бяда адна не ходзіць». Трэцяя напаткала Сарагоўку летам 1946 году, калі ноччу ад маланкі загарэлася яе крытая саломай хата. Ледзь паспелі жанчыны вынесці сёе-тое з адзення, кухоннага посуду, бо пад навальніцу ўсчаўся вецер і агонь хутка ахапіў сцены, перакінуўся на суседнюю хату. Але вяскоўцы гуртам усё ж спынілі далейшы ход пажару. Сарагоўчына і суседская хаты згарэлі датла. Калгас дапамог няшчаснай жанчыне пабудаваць новую хату, хлявы, наша маці перадала ёй сёе-тое з адзежы, маток выбеленага палатна, некалькі збаноў, гаршкоў. Сарагоўцы было тады крыху за пяцьдзесят гадкоў, спадзявалася выдаць дачку замуж, унукаў дачакацца. Ды ўсе надзеі, на жаль, распаліся ад неспадзяванай смерці Зіны. Магчыма, яе цяжкая хвароба зачалася ад усяго перажытага — смерці бацькі, брата, пажару.
Да Сарагоўкі перайшла жыць, з яе згоды, пляменніца з мужам, участковым міліцыянерам. Яе не крыўдзілі, жыць жанчыне стала лягчэй. Праз год да яе завітаў мужчына-ўдавец, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, з суседняй вёскі Заграддзе. Яна перайшла жыць да яго, аформілі шлюб, пражылі разам душа ў душу гадоў трыццаць, калі не болей.
Пасля смерці мужа Сарагоўка не пажадала заставацца адной у пустой хаце — душа цягнула ў сваю вёску, у сваю хату. Пляменніца была рада яе вяртанню, таму як цётка яшчэ мела сілу быць для яе памочніцай па дому і ў агародзе. Бабуля дажыла з ёю да глыбокай старасці, захаваўшы і ў дзевяноста гадоў ясны розум, добрую памяць на перажытае і павагу да вяскоўцаў .
Памерла Волька-Сарагоўка ў сваёй хаце ціха, у сне. Вясковыя бабулі між сабою гаварылі, што гэта бог дараваў ёй лёгкую смерць — за ўсе перажытыя нягоды і беды.

Реклама

Міхась Тычына

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии