Прыдбала вёсачка … фермершу

0

Калі б Ганна Дзям’янаўна Крушына са сваім шматгаловым «хазяйствам» жыла ў гэтай вёсачцы ў 1931 годзе, у якім па краіне каціўся вал прымусовай калектывізацыі, у спісу на раскулачванне яна была б у ліку першых. Мяркуйце самі: пенсіянерка, яшчэ ў сіле, увішная, з сялянскай «жылкай» у характары, трымае на падворку чатыры каровы, цялушку, каня, свіней, па чарадзе гусей і курэй, траіх сабак. І абрабляе сорак сотак прысядзібнага ўчастку. Яна нетутэйшая, купіла тут па дзяшоўцы, у параўнанні з сённяшнімі цэнамі на жыллё ў горадзе, дабротны дом, гаспадыня якога жанчына за восемдзесят гадоў адыйшла ў іншы свет. Дзеці-гараджане прадалі яго. Да пераезду на новае месца Ганна Дзям’янаўна пражывала ў суседняй вёсцы ў старэнькай хаціне. Запрасіла ў памочнікі прымака, бо адной з такім падворкам не ўправіцца. Так і шчыруюць абое на зайздрасць некаторым старажыхарам, хто век пражыў у калгасе і адвык ад такой трывалай гаспадаркі. Дарэчы, з таго пасляваеннага пакалення вяскоўцаў, што ўступала ў калгас, сёння дажываюць век восем чалавек, кожнаму з якіх ужо за семдзесят. Кароў яны не трымаюць, хіба што свінню якую ды курэй. У шасці хатах абжыліся людзі, прыехаўшыя здалёку з сем’ямі. Ім праўленне калгаса ў свой час прадаставіла гатовыя дамы.

А ў тым далёкім 1931 годзе з вёскі на высылку за Котлас улады адправілі аж сем сем’яў — кожную трэцюю, калі лічыць, што восьмую не рашыліся раскулачваць, таму як гаспадар, прачуўшы, хто пагражае яму, збег з дому ў суседні раён да сваякоў. А жонку з трыма малымі дзецьмі камбедчыкі пашкадавалі, толькі аднялі палавіну хаты. Па ўспамінах старажыхароў вёскі, у тых раскулачаных сем’ях на падворку мелася двое-трое рабочых коней, дзве каровы, авечкі, пара свіней, некаторыя паспелі набыць арфы для ачысткі зерня, нават конныя малатарні. Зямлі мелі не шмат — па паўвалокі, гэта недзе каля васьмі гектараў, ды гектараў чатыры-пяць сенажаці. А самае галоўнае — у людзей была любоў да сваёй зямлі, яны мелі працавітыя рукі, былі богабаязненымі, на прастольныя святы пешша або конна дабіраліся ў Слуцк у царкву. Цяпер адсюль туды ніхто не ездзіць, хоць тры разы на дзень праз вёску да горада (15км) ходзіць аўтобус.

Реклама

Ці ёсць перспектыва на паяўленне ў Ганны Дзям’янаўны фермераў-канкурэнтаў дзеля «аздараўлення» гэтай вёсачкі? Ёсць. Тут пустуюць чатыры даволі трывалыя, з гаспадарчымі прыбудовамі, калодзежамі, склепамі дамы, гаспадары якіх або паўміралі, або ўжо, па старасці, не могуць ездзіць з горада нават летам абжываць падворак. У горадзе на ўліку 890 афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных. І ні адзін з іх пакуль не адважваецца за бясцэнак (у межах 500-800 даляраў) набыць тут дом з участкам зямлі і ладзіць невялікую ферму. Вельмі ж доўга ў людзей вясковых выбівалі дух уласніка на зямлі. І цяпер таксама на яго глядзяць падчас як на другарадную асобу. У гэтай жа вёсачцы, як стала вядома аўтару, зараз налічваецца на падворках восем кароў. А пашы да іх калгас не выдзяліў — уся зямля ў наваколлі разарана і засеяна. Гадоў тры назад непадалёку быў участак гектараў два ці тры — для выпасу кароў з падворкаў. Сёлета і ён пайшоў пад плуг з ведама старшыні сельгаскааператыву.

Міхась Залескі

P.S. У інтарэсах фермершы яе прозвішча і імя заменены.

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии