Не чутна спеву жаўруковага

0

Выбраўся днямі ў сваю вёску з даўно вынашанай задумкай: выйсці ў поле і паслухаць спеў жаўрукоў - гэтых першых вястуноў вясны, якія прылятаюць з далёкага выраю, калі ў полі паяўляюцца на снезе першыя праталіны.

Да лесу ішоў кіламетры з паўтары. Злева ад дарогі зелянела азіміна на гектарах трохсот, справа — жаўцела поле кармавога рапсу. Па небу нетаропка плылі рэдкія кучавыя аблокі, ярка ззяла сонца. Я гуляў мо з гадзіну, прыслухоўваўся — ці не пачую такі жаданы, мілы сэрцу званочак жаўрука. І дарэмна. Парадавалі ў лесе, дакладней на яго ўскраіне, дзе шчыльна стаяць у зялёных шэрагах дубы, клёны, вязы, грабы, асіны, шыкоўныя трэлі-пералівы салаўёў. Мо з дзесятак іх напаткаў па шляху з паўкіламетра, ім падпявалі зяблікі і іншыя пічужкі, зрэдку здалёку далятала знаёмае «ку-ку» — то лічыла нашы гады зязюля.
На зваротнай дарозе званочка жаўрука з неба я так і не пачуў. Апытаў сваіх землякоў-пенсіянераў - куды падзеліся гэтыя птушкі? Адказы былі аднолькавыя — вінавата хімічная, супраць шкоднікаў сельгасраслін, апрацоўка пасеваў. Вось і ў гэты дзень два трактары «Беларусь» з бочкамі на прыцэпе і шыроказахопнымі распыляльнікамі апрацоўвалі пасевы рапсу, потым будуць бульбяны палетак — ад каларадскага жука. А вакол вёскі не засталося і лапінкі некранутай плугам зямлі, пашы, хоць маленькага лазовога кусціка ўзбоч поля — усё «акультурана». Вось і адлучылі жаўрука ад яго спрадвечнага седлішча, як і кнігаўку непадалёку — на асушаных і закінутых цяпер балотах, дзе калісьці гнездаваліся не толькі кнігаўкі, а і кулікі, вальдшнэпы, драчы, качкі.
Апытаў людзей, што маюць дачы ў вёсках Качалава, Мялешкі, — і там вакол іх не чутна звону жаўруковага.
Больш таго, у тутэйшых вёсках Таліца, Ліпнікі, Боркі, Папоўцы, Круглае ўжо перасталі гнездавацца буслы — няма ў наваколлі кармавых угоддзяў, усё, нават выпасы для кароў з сялянскіх падворкаў, дзе ў траве можны было ўбачыць жабу-лягушку, заараны і засеяны збожжавымі культурамі. У вёсцы Боркі ўсе пасляваенныя гады на высокім дубу гнездавалася пара гэтых птушак. А сёлета — пуста!
…Днямі ў дварах, за двухпавярховым домам з бытавымі службамі, паблізу «Косага» мастка праз Бычок, на высокім абрубку таполі ўбачыў бусла. Думаў - жывы. А гэта толькі … муляж яго. Сумна стала.

Реклама

Міхась Тычына

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии