Любанцы вучылі патрыятызму

0

На мінулым тыдні Любаншчыну наведала дэлегацыя Гатчынскага муніцыпальнага раёна Ленінградскай вобласці. У ходзе візіту расіяне асноўную ўвагу скіравалі на вывучэнне сістэмы патрыятычнага выхавання моладзі, якая дзейнічае на Любаншчыне.

Госці пазнаёміліся з экспазіцыяй Любанскага дзяржаўнага музея Народнай славы. Далей яны наведалі некаторыя школы горада і раёна. Асаблівую цікаўнасць дэлегацыі выклікала Тальская адзінаццацігодка, у якой маюцца краязнаўчы, этнаграфічны і экалагічны музеі, літаратурны салон, цудоўны прышкольны ўчастак з самавітай калекцыяй самых розных раслін. Пабывалі расіяне і на мемарыяльным комплексе, які знаходзіцца на легендарным востраве Зыслаў. Тут падчас Вялікай Айчыннай вайны існаваў партызанскі аэрадром, размяшчаліся Мінскі падпольны абком КПБ, штабы партызанскіх атрадаў, рэдакцыі падпольных газет.
Такая пільная ўвага гатчынцаў да метадаў і прыёмаў патрыятычнага выхавання моладзі на Любаншчыне не выпадкова. За Санкт-Пецярбургам ужо замацавалася нядобрая слава «сталіцы ксенафобіі». У горадзе, перажыўшым пад час Вялікай Айчыннай вайны страшную блакаду, узнімае галаву нацызм. Тут здараюцца дзесяткі злачынстваў «на глебе нацыянальнай ненавісці». Зразумела, гэтая і іншыя негатыўныя з’явы пранікаюць і ў прыгарады Санкт-Пецярбурга. У тым ліку і ў Гатчыну. І тым з’явам трэба супрацьстаяць. «У нашых населеных пунктах і школах існуюць музеі Вялікай Айчыннай, афганскай і чачэнскай войнаў, — дзяліўся ўражаннямі Аляксандр Худзілайнен, мэр Гатчыны. — Але, канешне, не ў такіх маштабах, як на Любаншчыне. У нас гэтая справа трымаецца ў асноўным на энтузіястах. Наогул у вас патрыятычнае выхаванне моладзі ўяўляе стройную лагічную сістэму, адзіны зладжаны і эфектыўны механізм. Нам такі механізм трэба аднаўляць. Вось і прыехалі павучыцца».

Реклама

Сяргей Любшын

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии