Першыя тры кулі апалілі страхам

0

Вядомы рускі пісьменнік Фёдар Дастаеўскі, беларус па нараджэнню, у 1848 годзе за ўдзел у рэвалюцыйнай групе Петрашкевіча быў арыштаваны і прыгавораны да смяротнай кары, як і іншыя ўдзельнікі той суполкі. Але ўлады рашылі замяніць смяротную кару імітацыяй растрэлу, а прыгавор змягчылі да пяці гадоў катаржных работ у Сібіры. Вязняў паставілі да сцяны ў Петрапаўлаўскай крэпасці, салдаты ўскінулі ружжы і далі залп … міма галоў асуджаных. Можна ўявіць, што яны перажылі перад тварам немінучай, як ім здавалася, смерці. Тая імітацыя дарма для Дастаеўскага не прайшла: ён у 28-гадовым узросце захварэў на эпілепсію і мучыўся ёю да канца дзён сваіх.

Падобны страх перажыў у маладосці і Віктар Васільевіч Магілявец, жыхар адной са слуцкіх вёсак. Туды вясной 1943 года завітаў з Урэчча, дзе мясціўся нямецка-паліцэйскі гарнізон, невядомы паліцай з вінтоўкай-дзесяцізарадкай. Зайшоў у хату Разнаўцоў і загадаў шаснаццацігадоваму Віктару выйсці на вуліцу. Паставіўшы яго да плоту, стаў дапытвацца, дзе знаходзяцца яго два старэйшыя браты — ён мае дадзеныя, што яны ў партызанах. Віктар адказаў, што адзін брат быў прызваны ў Чырвоную Армію перад вайной, другі вучыўся ў нейкім маскоўскім інстытуце, і ні ён, ні бацька пра іх нічога не ведаюць.
— Врёшь, сукин сын, скрываешь от меня правду! — уз'ярыўся паліцай, ускінуўшы напагатове вінтоўку.- Если не скажешь, где находятся братья, пущу в расход здесь же!
Віктар зноў адказаў, што нічога болей пра іх не ведае, і ўбачыў нацэленае яму ў твар чорнае вочка ствала вінтоўкі. Услед затым паліцай тры разы (вінтоўка самазарадная) стрэліў так, што кулі прайшлі ў нейкіх пяці сантыметрах ад галавы Віктара, прашываючы з трэскам штыкетнік. Што перажыў у тыя кароткія імгненні стаяння на грані са смерцю юнак — аднаму яму вядома.
— А теперь валяй в хату, живи пока, — прамовіў паліцай, закідваючы за плячо вінтоўку.
Толькі пасля вайны Віктар даведаўся, што адзін з яго братоў загінуў у 1942 годзе на фронце, другі трапіў пад Масквой у палон, як і тысячы савецкіх воінаў у першыя месяцы вайны, і ледзь выжыў, вярнуўся пасля вайны дамоў.
А ён праз некалькі дзён пасля перажытай імітацыі растрэлу пайшоў у партызаны і да ліпеня 1944 года быў байцом аднаго з атрадаў брыгады імя Чкалава, удзельнічаў у баях з акупантамі і іх памагатымі, зведаў і голад і холад у залітых веснавой вадою балотах, бачыў гібель блізкіх сяброў. Хто быў той вылюдак, што страляў у яго ля плоту, Віктар даведаўся выпадкова, праз гадоў пятнаццаць пасля вайны, калі да яго завіталі ў госці былыя сябры-партызаны. Яны і назвалі прозвішча таго паліцая — нехта Калеснікаў, намеснік начальніка Урэцкай паліцыі. Яго кар’ера крывавага ката скончылася летам 1943 года. Партызан з іх брыгады Міхаіл Нікольскі з сябрам праніклі сярод белага дня ў мястэчка пад відам вясковых гандляроў курынымі яйкамі. Каля чыгуначнай станцыі сустрэлі таго Калеснікава, які ішоў з нямецкім салдатам. Абяззброіўшы абодвух, партызаны завялі іх у бліжэйшы беразнячок, дзе чакалі сябры па зброі. Ноччу палонных даставілі на сваю базу. Пасля допыту камандзір атрада загадаў расстраляць абодвух, што і было зроблена.
Віктар Васільевіч пасля вызвалення Слуцка ад акупантаў вярнуўся ў сваю вёску, некалькі гадоў запар працаваў старшынёй калгаса, мае ўрадавыя ўзнагароды за сумленную працу — цяпер ён паважаны чалавек у вёсцы.

Реклама

Міхась Тычына

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии