Эдвард Вайніловіч

0

Яго прах вярнуўся на радзіму, а душа знайшла спакой у мілай сэрцу Беларусі
У Мінску 11 чэрвеня ў касцёле святых Сымона і Алены (Чырвоным касцёле) адбылося жалобнае богаслужэнне і перапахаванне астанкаў заснавацеля храма, мецэната, грамадскага і палітычнага дзеяча Эдварда Вайніловіча. Настаяцель храма, магістр тэалогіі, кандыдат гістарычных навук Уладзіслаў Завальнюк пад час багаслужэння адзначыў, што Эдвард Вайніловіч праз усё сваё жыццё пранёс словы: няхай веруючыя людзі розных канфесій, кожны ў сваёй святыні на зямлі Беларусі, славяць аднаго Бога на небе! Ён будаваў цэрквы, касцёлы, сінагогі, мячэці. Таму на цырымоніі ў Мінску былі не толькі католікі, але і прадстаўнікі іншых канфесій. Прысутнічалі прадстаўнікі ўлады і дыпламаты. Случчына і Капыльшчына ў гэтыя дні таксама ўспамінае Эдварда Вайніловіча, які аставіў на гэтых землях па сабе добрую памяць.

Ксёндз Уладзіслаў Завальнюк адзначыў, што вяртанне астанкаў нашага вялікага суайчынніка стала сімвалам таго, што ніхто з беларусаў, нават калі яны жывуць у замежжы, не будзе намі забыты, што мы шануем памяць адыйшоўшых і спадзяёмся на вяртанне жывых.
Ідэю перанясення астанкаў Эдварда Вайніловіча, які памёр і быў пахаваны ў польскім горадзе Быдгашч у 1928 годзе, спачатку ўхваліў кіраўнік Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі кардзінал Казімір Свёнтэк. Пазней было атрымана адабрэнне польскага духоўнага і свецкага кіраўніцтва. Правядзенне мерапрыемства ўзгоднена з уладамі Беларусі. Экзгумацыя і развітальнае жалобнае богаслужэнне прашлі ў Быдгашчы 8 і 9 чэрвеня.

Реклама

Чырвоны касцёл
Храм узведзены па фундацыі Эдварда і Алімпіі Вайніловічаў у памяць сваіх заўчасна памёршых дзяцей і асвечаны ў гонар іх нябесных апекуноў святых Сымона і Алены. Існуе паданне, што выгляд касцёла прысніўся дачцэ Вайніловічаў Алене, калі яна захварэла. Будавалі храм у 1908−1910 гады паводле праекта архітэктара Т. Пайздэрскага, пры ўдзеле У. Марконі і Г. Гая. У аснове архітэктуры будынка выкарыстаны традыцыйны тып трохнефавай базілікі з трансептам. Але дзве шатровыя вежы пастаўлены не на галоўным фасадзе, а па баках алтарнай часткі. Незвычайны асіметрычны выгляд храму надае высокая трэцяя 4-ярусная вежа-званіца. Гэта помнік архітэктуры, у якім спалучаюцца рысы неараманскага і неагатычнага стыляў з мадэрнам.
Пасля рэвалюцыі храм закрылі, і тут размясціўся Дзяржаўны польскі тэатр БССР. У 1930-я гады, калі непадалёку ўзводзілі Дом урада, касцёл павінен быў знікнуць, бо праектам прадугледжвалася забудаваць новымі карпусамі ўвесь перыметр плошчы. Праект не быў рэалізаваны, і храм захаваўся. Не быў ён разбураны і пад час вайны. У 1950-я гады касцёл зноў вырашылі знішчыць, але на гэты раз яго абаранілі кінематаграфісты, для чаго спатрэбіліся паездкі ў Маскву. Тут размясцілася кінастудыя «Беларусьфільм», а ў 1975−90 гады быў клуб кінематаграфістаў (Дом кіно). У 1990 годзе храм аддадзены вернікам. Цяпер будынак Чырвонага касцёла з’яўляецца своеасаблівай візітнай карткай нашай сталіцы.

«Мінскі Бісмарк»
Эдвард Вайніловіч (1847−1928) паходзіў са старадаўнягя шляхецкага роду. Нарадзіўся ў маёнтку Сляпянка каля Мінска. Атрыманыя ў спадчыну ўладанні, большасць з якіх знаходзіліся ў межах Слуцкага павета, ператварылі яго ў аднаго з багацейшых памешчыкаў Мінскай губерніі. Яго былыя сядзібы знаходзяцца на тэрыторыі цяперашняга Капыльскага раёна. У маёнтаку Савічы, напрыклад, былі пахаваны яго продкі, а таксама заўчасна памёршыя дзеці - дачка Алена і сын Сымон, у памяць якіх на сродкі бацькоў у Мінску быў узведзены храм у гонар святых Сымона і Алены. Спавядалі Эдвард і Алімпія Вайніловічы каталіцызм, але да ўсіх веравызнанняў ставіліся паважліва. Шматлікія сведчанні гавораць пра апякунства і ахвяраванні Вайніловічаў храмам розных канфесій. Напрыклад, у сваіх Макранах ён узвёў праваслаўную Георгіеўскую царкву, а побач, непадалеку — каталіцкі касцёл. У Клецку для яўрэяў пабудаваў сінагогу. Дабразычліва ставіўся да татар-мусульманаў. Род Вайніловічаў налічвае чатыры сотні гадоў. Быў спачатку праваслаўным, пазней па волі абставін адны прадстаўнікі роду прынялі каталіцызм, іншыя сталі ўніятамі.
Адукацыю Эдвард меў хатнюю, потым з сярэбраным медалём скончыў Слуцкую гімназію. Прафесійную падрыхтоўку атрымаў на тэхналагічным факультэце Пецярбургскага універсітэта, працаваў інжынерам-тэхнолагам на Пуцілаўскім заводзе. Удасканальваў веды ў Італіі, у Германіі, у Польшчы. Сам Пётр Сталыпін, які за здольнасці і рэфарматарскія адносіны да працы называў Вайніловіча «мінскім Бісмаркам», прапаноўваў яму заняць у сваім урадзе на выбар пасаду віцэ-прэм'ера або міністра сельскай гаспадаркі Расіі. Але Эдвард прыклаў намаганні для падняцця эканомікі і дабрабыту свайго краю. Ён з’яўляўся членам і прымаў удзел у працы трох Дзяржаўных дум Расіі. На працягу 35 гадоў з’яўляўся ганаровым суддзёй Слуцкага павета. Узначальваў Таварыства дабрачыннасці Слуцкага павета. Пры яго падтрымцы ў Слуцку было адкрыта камерцыйнае вучылішча. На аснове навейшых дасягненняў у сваіх маёнтках арганізоўваў селскагаспадарчую працу. З 1878 года стаў членам, віцэ-старшынёй, а потым і старшынёй Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі. Падтрымліваў і фінансаваў беларускія зямляцтвы ў Вільні і Пецярбургу, фінансаваў першае легальнае беларускае выдавецтва" Загляне сонца і ў наша ваконца".
Пад час рэвалюцыі падтрымаў утварэнне Беларускай Народнай рэспублікі, удзельнічаў у пасяджэннях Рады БНР. Працягваў грамадскую дзейнасць і ў Слуцку. У яго доме 14 і 15 лістапада 1920 года праходзіў Беларускі з’езд Случчыны, які ўзняў Слуцкае паўстанне супраць бальшавікоў.
У 1920 годзе разам з жонкай ад’ехаў у польскі горад Быдгашч, дзе на свае сродкі пабудаваў шматпавярховы дом для дзяцей-сірот, за што заслужыў вялікую павагу жыхароў месца. У гэтым горадзе быў пахаваны пасля смерці.

Ігар Ціткоўскі

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии