Слуцкі фатограф

1

На яго фотаздымках мы бачым Слуцк — той Слуцк, якім ён быў сто гадоў таму. Час змяніў выгляд горада, яго жыхароў, і, здаецца, тое, што канула ў Лету — прапала беззваротна. Але занатаваныя на фотаадбітках людзі, падзеі, краявіды на векі вечныя застануцца такімі, якімі іх убачыў і ўвасобіў у сваіх творах фатограф. З ліку ўсіх майстроў фотаграфічнага мастацтва канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў, якія працавалі ў нашым горадзе, менавіта імя гэтага майстра мы згадваем у першую чаргу. Звалі слуцкага фатографа Самір Юхнін.

На пачатку ХХ стагоддзя імя фатографа Саміра Юхніна ў Слуцку было добра вядома. Яно і цяпер знаёма аматарам слуцкай даўніны. Ні адно выданне, прысвечанае гісторыі Слуцка, не абыходзіцца без яго фотаздымкаў, выкарыстаных у якасці ілюстрацый. Здымкі Юхніна знаходзяцца ў экспазіцыі і фондах Слуцкага краязнаўчага музея, фондах рэспубліканскіх музеяў і архіваў, іх маюць нашчадкі тых, каго ён некалі здымаў, калекцыянеры. Як бачым, творчая спадчына Юхніна даволі папулярная. Зразумела, што прыцягвае ўвагу даследчыкаў і асоба майстра, аднак звестак пра яго самога захавалася вельмі мала.
Пра Юхніна мы ведалі толькі з выкарыстаных у якасці рэкламных абвестак тэкстаў на кардонных паспарту фотаздымкаў. Невядома была прычына яго нечаканага знікнення з поля культурнага жыцця Слуцка ў другой палове 1920-х гадоў. Не ведалі пра пачатак дзейнасці, пра прыватнае жыццё. Асобныя старонкі біяграфіі майстра сталі вядомы нядаўна, дзякуючы знаходкам даследчыка гісторыі беларускай фатаграфіі Надзеі Саўчанка, якая працуе ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі. І цяпер мы маем магчымасць зрабіць кароткі, але больш-менш цэльны агляд жыцця і творчасці знакамітага слуцкага фатографа.
Самір Львовіч Юхнін не быў карэнным слуцаком. У горад прыехаў з Віцебска ў 1896 годзе ва ўзросце дваццаці шасці гадоў. У Слуцку адкрыў фотасалон. Памяшканне для майстэрні спачатку арандавалася, пазней размясцілася ва ўласным доме на вуліцы Шасейнай. З’явілася сям’я, нарадзіліся сын Леў і дачка Сафія.
Значная частка творчай працы майстра прыпадае на салонныя фотапартрэты. Пераважна гэты від дзейнасці карыстаўся попытам і прыносіў стабільны заробак. Значнай з’явай у творчасці стала серыя здымкаў краявідаў горада і наваколляў для серыі фотапаштовак.
Да сваёй справы Самір Львовіч адносіўся творча і адказна. Яго фотаздымкі адрозніваюцца класічнай выверанасцю кампазіцыі, выдатнай якасцю выканання. Да фотамастацтва ён, верагодна, далучыўся ў Віцебску — адным з першых у Беларусі горадзе, дзе пачало пашырацца мастацтва фатаграфіі. Знаходзячыся ў Слуцку, Юхнін сачыў за развіццём фотамастацтва. Паспяховы ўдзел у выставе 1907 года ў бельгійскім Антверпене, дзе яго творы былі адзначаны залатым медалём, стаў сведчаннем еўрапейскага ўзроўню творчасці майстра. На наступны год яго работы атрымалі пахвальны водгук на Слуцкай сельскагаспадарчай выстаўцы.
Фатаграфічная спадчына Юхніна стварае сапраўдную панараму жыцця горада і края пачатку ХХ стагоддзя. Гэта цэлая галерэя здымкаў жыхароў Слуцка і наваколіц — партрэты мяшчан і сялян, гімназістаў, дзяцей, жабракоў, сцэнкі гарадскога і сялянскага жыцця, гарадскія і вясковыя краявіды.
Як адбіліся на жыцці рэвалюцыйныя падзеі і якія былі да іх адносіны фатографа, мы не ведаем. Пасля рэвалюцыі з’явілася новая тэматыка. Несумненна, што закранула яго і распачаўшаяся ў той час краязнаўчая работа. Мастак робіць здымкі сялян, новага сялянскага быту, помнікаў архітэктуры.
У 1927 годзе фатограф быў арыштаваны органамі Аб’яднанага Галоўнага Палітычнага Упраўлення, і 6 красавіка 1928 года рашэннем Калегіі АГПУ высланы без права пражывання ў шасці буйнейшых гарадах краіны і прыгранічных губерніях. Было яму тады 58 гадоў. Інкрымініравалася Юхніну набыццё і захаванне кантрабандных тавараў — замежных фотапаштовак, якія былі неабходны для работы. Можна думаць, што за гэтай, вартай смеху, зачэпкай хаваліся іншыя прычыны. Хутчэй за ўсё, што папулярны фатограф, які з дарэвалюцыйных часоў меў шчыльныя кантакты і сувязі з замежжам і працягваў актыўна дзейнічаць у горадзе (а Слуцк тады апынуўся ў прыгранічнай зоне), ад пачатку трапіў пад падазрэнне спецорганаў. Адправілі Юхніна ў горад Уладзімір, дзе сляды яго губляюцца. Цікава было б даведацца, як склаўся далейшы лёс слуцкага фатографа. Аднак, ведаючы карныя метады савецкага НКУС, можна не сумнявацца, што, аднойчы арыштаваны, ён не быў застрахаваны ад далейшых рэпрэсій.

Реклама

Ігар Ціткоўскі

1 Комментарий
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
Денис
Денис
14 июня 2006 14:50

Отличная статья, Игорь Адамович. Спасибо !