У «Шахтаспецбуд» бяспека па стандарту

0

У пятніцу 26 мая калектыву ААТ «Трэст «Шахтаспецбуд» уручылі сертыфікат адпаведнасці сістэмы кіравання аховай працы і прамысловай бяспекай міжнароднаму стандарту OHSAS-18 001:1999. Прадпрыемства стала першым у нашай краіне, што мае гэты дакумент.

Летась у «Шахтаспецбудзе» у выніку няшчасных выпадкаў на вытворчасці загінулі два работнікі, адзін — атрымаў цяжкае калецтва. Мірыцца з такім становішчам спраў у трэсце ўжо не маглі. Тады і вырашылі ахову працы і прамысловую бяспеку ў таварыстве выводзіць на ўзровень сусветных стандартаў. З гэтай мэтай ААТ звярнулася да даўняга свайго партнёра — «Бюро Верытас» (Bureau Veritas).
Патрабаванні стандарта OHSAS «Шахтаспецбуд», паводле слоў Валерыя Старцава, генеральнага дырэктара трэста, укараніў за даволі кароткі тэрмін — усяго за чатыры з паловай месяца. Была распрацавана неабходная дакументацыя, а ўсе работнікі ААТ прайшлі курс навучання, якое тут, на месцы, арганізавалі спецыялісты «Бюро Верытас».
Стандартам у галіне аховы працы і прамысловай бяспекі зацікавіліся спецыялісты і суседняга калійнага гіганта. Магчыма, хутка і «Беларуськалій» атрымае адпаведны сертыфікат.

Реклама

Сяргей Любшын

Даведка «Кур'ера»
"Бюро Верытас" з’яўляецца буйнейшым міжнародным тэхнічным таварыствам, што аказвае паслугі па распрацоўцы, укараненню і сертыфікацыі сістэм кіравання якасцю, навакольным асяроддзем, сістэм мэнэджмента прафесійнай бяспекі і аховы здароўя, мэнэджмента харчовай бяспекі. Сярод 55 тысяч кліентаў Верытаса такія вядомыя кампаніі, як Siemens, Mercedez-Benz, Shell, Ford, Toyota, Kodak, L’oreal і многія іншыя.

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии