Мудрасці ўзрост

0

Жыві, твары і мудрасць продкаў ведай:
Пасей дабро — тады пажнеш дабро.
А.Руцкая

Настаўнік. Слова, якое абазначае не толькі прызванне чалавека, а і стан яго душы. Душы, адданай святой справе — выхаванню дзяцей.
Пра такіх, як Галіна Іванаўна Семяновіч, у народзе кажуць: «Чалавек на сваім месцы, бо ён майстар сваёй справы». 25 гадоў таму, скончыўшы сталічную ВНУ, ураджэнка Пружаншчыны прыехала на Случчыну — радзіму мужа, з якім разам вучылася ў педінстытуце. З той пары і выконвае яна шчыра і аддана абавязкі «правай дырэктарскай рукі» — намесніка па вучэбна-выхаваўчай рабоце. Хто мае хоць якое-небудзь дачыненне да працы ў школе, той ведае, што значыць завучу адзін толькі расклад удала скласці, каб менш было ў ім для настаўнікаў «фортак», каб метадычны дзень захоўваўся, дасканала падрыхтавацца да педсавета. А наведванне ўрокаў, іх аналіз? Усё гэта патрабуе многа сіл і часу. Тонкі псіхолаг настаўніцкага калектыву, умелы арганізатар і адміністратар, ініцыятар добрых спраў - вось вызначальнае ў дзейнасці Галіны Іванаўны Семяновіч. Для яе натуры ўласцівы высокі прафесіяналізм, пошукі новага, нестандартнага.
Нельга не дадаць да сказанага, што Галіна Іванаўна Семяновіч вопытны настаўнік-хімік. Разам з мужам — настаўнікам біялогіі Анатолем Сямёнавічам — ласкавыя бацькі для сваіх двух сыноў і дачкі. Анатоль Сямёнавіч Семяновіч — надзейная апора і памочнік жонкі ў хатніх справах, дарадца і проста ўважлівы і таленавіты чалавек. Склаўся сапраўдны сямейны альянс і творчы тандэм.
Галіна Іванаўна Семяновіч за добрасумленную працу па навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення неаднаразова атрымоўвала падзякі райвыканкама, узнагароджвалася граматамі РАА і Упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама.
…Лье дождж, падае снег, шамаціць пад нагамі пажоўклае лісце — кожную раніцу ідзе яна па знаёмай дарозе ў родную Ленінскую сярэднюю агульнаадукацыйную школу Слуцкага раёна. Гэтай абаяльнай жанчыне з прамяністымі вачыма 26 мая спаўняецца 50. Прыміце віншаванні калег з нагоды юбілею, шаноўная Галіна Іванаўна, і пажаданні моцнага здароўя на доўгія гады, творчых поспехаў і ўдач.

Реклама

Мікалай Пятровіч Лосік, дырэктар Ленінскай САШ

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии