Дзяўчына з характарам

0

Нядаўна ў культурным жыцці горада Любані адбылася вельмі важная падзея: выхаванка мясцовай школы мастацтваў па класу цымбалаў Вікторыя Вярэніч на Рэспубліканскім конкурсе ігры на народных інструментах імя Іосіфа Жыновіча заняла трэцяе месца ў сваёй узроставай падгрупе. Такога значнага поспеху за апошнія тры дзесяткі гадоў установа дабілася ўпершыню.

Тады, тры гады назад, Вікторыя прыйшла ў школу мастацтваў з адзіным жаданнем: стаць удзельніцай вакальна-эстраднага гурта “Цэнтр”. Кіраўнік гэтага даволі вядомага калектыву Мікалай Шагаў з задавальненнем прыняў дзяўчынку, бо і слых, і голас у яе былі выдатнымі. Прыняў, але параіў: было б, маўляў, някепска, каб паралельна са спевамі яна навучылася іграць на якім-небудзь музычным інструменце. Вярэніч пагадзілася і выбрала гітару. Аднак той клас ужо паспелі поўнасцю ўкамплектаваць. І Вікторыі прапанавалі цымбалы. Гэты інструмент адразу і надзвычай уразіў дзяўчыну. Асабліва мноствам струн. Як жа выконваць на такім розныя творы ды не блытацца, не збівацца?!
“Вельмі проста”, — усміхнулася выкладчыца Святлана Шагава (такі вось сямейны падрад працуе ў школе) і зайграла … з заплюшчанымі вачыма. Тое Вікторыю ўразіла яшчэ больш. І яна вырашыла прыкласці максімум старання, каб дабіцца такога ж віртуознага валодання інструментам. Аказалася , што характар у гэтай юнай асобы цвёрды: калі ўжо вызначыла для сябе нейкую мэту, то абавязкова яе дасягне. Высветлілася і іншае: у дзяўчыны цудоўная музычная памяць ды і рукі Вікторыі нібыта спецыяльна створаны для ігры на цымбалах. Адным словам – талент!
За тры гады Вярэніч асвоіла праграму пяці класаў школы. Талент – талентам, але ж многае залежыць ад жадання, працавітасці, настойлівасці. А гэтага ў дзяўчыны на траіх хопіць! Дадайце сюды неўтаймаваную прагу новых ведаў, і як раз атрымаецца той настой, які і дае чалавеку творчаму крылы для ўздыму на вяршыні майстэрства. А пра тое, што Вікторыя сягнула высока, сведчыць і той прэстыжны рэспубліканскі конкурс, дыпламантам якога яна стала.
Рыхтавалася яна да яго з асаблівым стараннем і натхненнем. Разам са сваім канцэртмайстрам Сяргеем Міхаленем (дарэчы, былым выпускніком Любанскай мастацкай школы) гадзінамі развучвала і рэпетыравала п’есы, адпрацоўваючы ўсе, нават дробныя, нюансы. А матэрыял, варта заўважыць, быў вельмі складаным. Адна саната соль-мінор Іагана Баха чаго каштавала! Ды, у рэшце рэшт, “здаўся” дзяўчыне і гэты твор вялікага кампазітара.
Аказалася, што і нервы ў Вікторыі моцныя. І канцэтравацца ды збіраць у кулак волю ў патрэбны момант яна ўмее. Усё гэта і дапамагло ёй справіцца з неймаверным напружаннем музычнага саперніцтва, паказаць найлепшы вынік. На занальным і абласным этапах конкурсу Вікторыя была першай сярод цымбалістак – сваіх равеснікаў. На рэспубліканскім, які цэлы тыдзень праходзіў у Маладзечна, стала трэцяй. Бліскучы поспех!
“Я чатырнаццаць гадоў працую ў школе мастацтваў, — расказвае Святлана Мікалаеўна. – Былі ў мяне надзвычай здольныя вучні. І Кацярына Патапенка, і Алеся Галоўчыц, і Ксенія Каратчэня. Аднак Вікторыя пераўзашла іх. Больш таго, займаючыся з ёю, я са здзіўленнем адчула, што маіх ведаў ўжо не хапае. Такім чынам, у мяне з’явіўся прыемны стымул для павышэння кваліфікацыі. І са сталічнымі прафесіяналамі даводзілася кансультавацца, і на спецыяльных курсах павучыцца. Так і рушым наперад разам з Вікторыяй. У тым, бадай, і ёсць наша настаўніцкае шчасце”.
Вярэніч з захапленнем выконвае самую розную музыку – і класічную, і народную, спрабуе пісаць яе сама. Акрамя работы з выкладчыкам, дзяўчына з’яўляецца салісткай школьнага аркестра народных інструментаў, са сваёй сяброўкай Аляксандрай Тажун іграе ў ансамблі цымбалістак. А яшчэ старанна асвойвае дадатковы інструмент – фартапіяна. Ды і ў “Цэнтры” займаецца паспяхова. Не так даўно, напрыклад, гэты калектыў стаў фіналістам Рэспубліканскага тэлевізійнага фестывалю “Сузор’е надзей”, а зусім нядаўна быў лепшым сярод вакальных гуртоў на абласным конкурсе патрыятычнай песні, які праходзіў у прыгарадзе сталіцы Сенніцы. А колькі канцэртаў даў “Цэнтр” у школах Любаншчыны!
Толькі музыкай цікаўнасці Вікторыі не абмяжоўваюцца. У першай гарадской сярэдняй школе, дзе Вярэніч вучыцца ў восьмым класе (дарэчы, з матэматычным ухілам), яна з задавальненнем наведвае гурток, у якім дзетвара асвойвае рамяство вырабу габеленаў і іншых цікавых рэчаў з нітак. Ды і са школьнай праграмай спраўляецца добра. Скажам, летась дзяўчына была чацвёртай на раённай алімпіядзе па беларускай мове. Сёлета замахвалася на першае, але падрыхтоўка да адказнага музычнага конкурсу не дазволіла паўдзельнічаць у спаборніцтвах знаўцаў. Што ж, гэтыя планы Вікторыя перанесла на наступны год.
“У мяне на ўсё знаходзіцца час, — гаворыць юная любанская цымбалістка. – Раней было цяжкавата сумяшчаць школу мастацтваў з агульнаадукацыйнай. Аднак потым усё наладзілася само сабой, сістэматызавалася. Цяпер без праблем! Ведаеце, калі б зараз вось пакінула музіцыраваць, то чагосьці б у маім жыцці ўжо не хапала. Люблю я свой інструмент і люблю іграць на ім”.
Радуюцца поспехам дачкі і бацькі. Зрэшты, іначай, напэўна, і нельга: самі яны актыўныя ўдзельнікі фальклорнага ансамбля “Расіца” Сароцкага Палаца культуры. Таму ведаюць кошт творчай працы.
Сваю будучую прафесію Вікторыя марыць звязаць з музыкай. Дык няхай так і будзе!

Реклама

Сяргей Любшын

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии