Слуцк, якога не стала

1

Заканчэнне.
Пачатак у №№ 11,15

Справы людскія
Пажары і войны, у выніку якіх змяняўся выгляд горада, можна назваць прычынамі стыхійнымі, ад якіх проста не бывае куды дзецца. Да змянення выгляду горада спрычыняецца таксама і свядомая дзейнасць людзей, якая заўжды мае адпаведную аргументацыю.
Любая стваральная праца павінна быць паважанай. Але і весціся яна павінна, па словах вядомага паэта, “чтоб не нарушить, не расстроить, чтоб не разрушить, а построить”. На жаль, бывае так не заўсёды. Адзін з аргументаў, які можна чуць даволі часта, гучыць прыкладна так: “Разбурым састарэлае і аджыўшае, пабудуем новае і лепшае». Сустракаюцца таксама і ідэалагічныя абгрунтаванні. З-за іх у нядаўнім мінулым моцна цярпела царкоўная архітэктура і панскія маёнткі. Як паказаў вопыт, у выніку пазней нярэдка прыходзіцца аб многім шкадаваць.
Усведамленне аб каштоўнасці гістарычнай забудовы ўжо даўно застаўляе людзей захоўваць і шанаваць сваю старасвеччыну. У Слуцку, дзе ў адпаведнасці са старадаўняй прымаўкай павінна быць усё па-людску, з захаваннем даўнейшай архітэктуры, дарэчы, не ўсё добра.
Дзеля справядлівасці зазначым, што неашчадныя адносіны да старадаўняй забудовы — хвароба не толькі нашага часу. Яшчэ на пачатку ХІХ стагоддзя для нашага горада, як і для іншых беларускіх гарадоў, быў зроблены новы ўзорны план, у адпаведнасці з якім уся склаўшаяся на працягу ХІІ-ХVІІІ стагоддзяў забудова Старога горада павінна была быць зруйнавана. Тут меркавалася пабудаваць новыя жылыя кварталы з прамавугольнай сеткай вуліц. Але зроблены без уліку да рэальнага рэльефа мясцовасці, гэты план наўрад ці мог бы быць выкананы поўнасцю. Праект не быў рэалізаваны, бо ў 1830-я гады пачалася пракладка па цэнтру Старога горада шасейнай дарогі — “Варшаўкі”, якая і адмяніла папярэдні план. Гарадская забудова, што трапляла па трасе новай дарогі, руйнавалася.
Сёння на адным баку галоўнай гарадской вуліцы стаіць сем дарэвалюцыйных дамоў, на другім баку толькі адзін. А яшчэ пару дзесяткаў гадоў таму іх было ўдвая больш. Такая ж карціна назіраецца і на іншых старых вуліцах Слуцка. Ашчадных адносін і аховы , дарэчы, патрабуюць і некаторыя адметныя збудаванні мінулага ХХ стагоддзя, і не толькі дарэвалюцыйныя, але і савецкага часу. А на гэта ў горадзе пакуль што не звяртаецца патрэбнай ўвагі.
Многія праблемы захавання гістарычнай спадчыны патрабуюць прафесійнага падыходу, павінны адпавядаць прынятым у краіне законам. Аднак, і гэта несумненна, многія пытанні, звязаныя з аховай слуцкай старасвеччыны, павінны абмяркоўвацца і вырашацца з шырокім удзелам грамадскасці. А калі так не адбудзецца і грамадская думка будзе ігнаравацца дзеля рашэння нейкіх неадкладных праблем альбо карпаратыўных інтарэсаў, то каштоўныя помнікі мясцовай гісторыі зноў будуць асуджаны на знікненне.

Реклама

Ігар Ціткоўскі

1 Комментарий
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии
Sergey
Sergey
18 мая 2006 16:07

Красивый был собор. Вид с моста вообще супер.

Может когда-нибудь восстановим?