Парасачкіны слёзы

0

Сядзіць у хаце Парасачка ды горка плача. Не проста плача, а горкімі слязамі заліваецца ды цёплыя шкарпэткі скрозь слёзы вяжа свайму далёкаму зяцю. А зяць да сэрца не такі ўжо далёкі. Сэрца не абманеш. Жыве далёка, але сэрцу маці любы. Інакш ці пайшла б за яго любімая дачушка, яе Надзея? Плача Парасачка, а спіцы мільгаюць у руках. Думкі, як тыя нітачкі, разматваюцца з клубочка памяці.

Нарадзіла дачку, калі двое старэйшых дзяцей ужо з роднага гнязда выляцелі. На гэту, малую, была надзея. Расціла яе і радавалася: старасць яе даглядзіць. У школу вадзіла, сустракала са школы. Радавалася, што дачка захапляецца кройкаю і шыццём. «Мабыць, будзе партніхаю», — цешыла сябе. А падрасла — кінула ўсё. Адкуль узяўся той фотаапарат, што гора ў сям’ю прынёс, сям’я не памятае. Бегала з ім, цешылася зробленымі фотакартачкамі. Колькі грошай страціла на іх, раздаючы чужым людзям.
Супакоілася матчына сэрца, як дачушка паступіла вучыцца ў Мінск на журналіста. Думала, жыць будзе разам, працаваць у мясцовай газеце. Ужо радасць адчуваць пачынала ад будучага шчасця. Ды зноў гэты фотаапарат: паехала ў далёкую Германію фотавыставу ладзіць. Ну хіба там няма сваіх фатографаў? Што тым немцам нашы людзі на фотаздымках? Хіба паглядзець, якія мы тут пасля той вайны засталіся.
А вайна тая жорсткая была. Хоць ійшоў сёмы год, але добра помніць Парасачка таго немца, што не дазволіў праклятаму паліцаю яе застрэліць. Уцякала яна са старэйшай сястрою ў поле ад паліцаяў і немцаў, што прыйшлі ў вёску. Дагналі іх на конях у жыце. Паліцай ужо пісталет дастаў, але немец адвёў руку паліцая з нацэленым пісталетам у бок. Чаму тады немец так зрабіў, не ведае Парасачка. Мо адчуў, што прыйдзе час і народзіць яна дачку, якая выйдзе за немца замуж. Божа міласцівы! Што нарабілася? Паліцай ад злосці агрэў нагайкай і паскакаў на кані далей. Немец затрымаўся, уважліва паглядзеў на яе, як быццам запомніць хацеў. У той дзень у суседняй вёсцы немцы ці паліцаі застрэлілі камандзіра партызанскага атрада Гуляева. Колькі гадоў прайшло, а як усё добра помніцца! Ды ніколі тое не забудзецца. Ды ці можна тое забыць? Калі нельга забыць, навошта дазволіла сваёй крывіначцы замуж за немца? Значыць, можна!
Думкі як тыя ніткі з клубочка памяці.
— Мама, звяжы цёплыя шкарпэткі. Яны так спадабаюцца Францу", — папрасіла дачушка. Вот сядзіць і вяжа. І новая думка з радасцю прабегла па твары: «Такіх няма ў іх. Няхай парадуецца шкарпэткам ад цёшчы».
Не, ён зусім не дрэнны, гэты немец, яе зяць. Толькі ні слова не ведае па-нашаму. Калі пачынае гаварыць, адразу чамусьці ўспамінаецца тая вайна. «Не, ён не такі, ён ні ў чым не павінен», — супакойвае сябе Парасачка, але ўспамінае тую вайну, таго немца.
Вось давязала шкарпэткі, цёплыя, мяккія. Няхай радуецца. Хутка паедзе з імі ў Германію. Ужо білет ад Мінска да Берліна і ўсе паперы зроблены. Што яна можа падарыць яму? Цяпло свайго сэрца і рук, а на душы неспакойна. Вот і плачацца.

Реклама

Уладзімір Амяльчэня

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии