Салігорская школа Алы Дзімчогла

0

У адным маршрутным аўтобусе горада Салігорска маладая жанчына хвалілася сяброўцы: «Сваю дачушку аддала ў школу Алы Дзімчогла. Спадзяюся, што будзе чэмпіёнкай свету па гімнастыцы. У гэтай школе ўсе дзеці вырастаюць чэмпіёнамі».

Прозвішча Алы Валянцінаўны даўно ўжо замацавалася на вуснах салігарчан. І не толькі за дзівоснае, не тутэйшае яго гучанне. Калісьці яно часта гучала на каналах тэлебачання, на радыёхвалях. Гэта быў час, калі яе выхаванцам пляскалі ў далоні і неслі безліч кветак у многіх краінах свету. Гімнастка Ганна Вераб’ёва пад кіраўніцтвам Алы Дзімчогла стала двухразовым прызёрам Чэмпіянатаў Еўропы; Ганна Глазкова — абсалютная чэмпіёнка свету, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў у горадзе Сідней (Аўстралія, 2000 год), Таццяна Кажэўнікава і Вольга Валянцінава — неаднаразовыя пераможцы і прызёры Чэмпіянатаў свету па кік-боксінгу. Менавіта з тых часоў і пайшла гаворка пра школу Алы Дзімчогла.
У Салігорск яна прыехала ў 1984 годзе з Малдавіі, будучы майстрам спорту СССР. Першы свой набор у групу па мастацкай гімнастыцы трэнер помніць добра. Запісалася каля 160 дзяўчынак. Папярэдні вопыт гаварыў, што з гэтых запісаўшыхся сапраўдных гімнастак будзе адна-дзве, якіх як раз і трэба ў першую чаргу адшукаць, кожнай зрабіць праграму і штодзённа з імі займацца. Трэба іх так настроіць, узбадзёрыць, каб хапіла ў іх сілы і цярпення на многія гады.
Ала Дзімчогла тады не памылілася. Менавіта з першага набору юных гімнастак і выраслі майстры Таццяна Шыдлоўская, якая працуе з ёю побач ужо 14 гадоў настаўнікам, і Святлана Васілец — зараз харэограф. А маленькая Ліза — дачка Ірыны Зубовіч з таго першага набору — цяпер таксама трэніруецца ў Алы Валянцінаўны і мае ўсе магчымасці дасягнуць значных поспехаў.
Многія выхаванкі трэнера, з тытуламі і без, працуюць у Паўднёвай Карэі, Японіі, Малайзіі, у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы. Яны перадаюць сваё спартыўнае майстэрства або займаюцца ў шоу-бізнесе.
Спецыялісты па мастацкай гімнастыцы адрозніваюць выхаванцаў школы Алы Дзімчогла пры іх выступленнях без дадатковых аб’яў. За гады цяжкай працы гімнасткі напрацоўваюць стыль, які называюць «школай Дзімчогла». Гэты стыль вельмі прыкметны і значна адрозніваецца ад другіх школ.
Выхаванцы Алы Валянцінаўны 8 красавіка вярнуліся са спартакіяды Рэспублікі Беларусь сярод дзіцячых спартыўных школ. Дзіна Ільінова і Вольга Дзімчогла выступалі па праграме майстроў спорту, а Аксана Шуба — па праграме кандыдата ў майстры спорту. Вынікі былі высокімі і парадавалі іх трэнера.
Незадоўга да гэтага гімнасткі салігорскага трэнера паспяхова выступалі на міжнародным турніры ў Кіеве: тры абаранілі званне майстра спорту, дзве — кандыдатаў у майстры спорту, адна — першага разраду.
Цяпер Ала Валянцінаўна займаецца з маленькімі дзяўчынкамі, на якіх ускладае вялікія спадзяванні. Яна з’яўляецца заслужаным трэнерам Рэспублікі Беларусь. Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка ў сваёй рэзідэнцыі ўручыў ёй гэты знак. Яе партрэт упрыгожвае гарадскую Дошку Гонару.

Реклама

Уладзімір Амяльчэня

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии