Перад немінучай, як здавалася іх катам, смерцю яны трое, пражываўшыя ў розных кутках раёна, знайшлі ў сабе мужнасць і рашучасць пазбегнуць яе і стаць свабоднымі.
Тая лістападаўская ноч 1942 года была ветранай, з дажджом. Недзе за поўнач у дзверы з двара моцна пастукалі, і адтуль даляцеў хрыплаваты мужчынскі голас: “Адам, адкрывай, гэта я, Кузьма Пупкевіч, не бойся”. У хату зайшлі двое мужчынаў, апранутых па-зімоваму. Старэйшы быў у доўгай чорнай казачыне, з нямецкім аўтаматам на рамяні праз плячо, другі – у салдацкім шынялі, з вінтоўкай. Па таму, як госці па-добраму загаварылі з бацькам, я зразумеў, што перад вайной ён з тым, што ў казачыне, быў добра знаёмы, не раз сустракаліся. Кузьма Пупкевіч працаваў тады ва Урэцкім лясніцтве аб’ездчыкам, бацька мой – шафёрам на калгаснай грузавой палутарцы ў вёсцы Паўстынь. Кузьма з жонкай і шаснаццацігадовым сынам пражываў непадалёку ў вёсцы Рабак.
Маці падала гасцям перакусіць з дарогі. І Кузьма паведаў страшную гісторыю, у якую ён трапіў з сям’ёй летам таго году. Нехта з вяскоўцаў данёс у паліцыю, што Пупкевіч мае сувязь з партызанамі, перадае ім прыхаваную з пачатку вайны зброю. Яго з жонкай і сынам арыштавалі, адвезлі на Урэчча і трымалі ў паліцэйскім пастарунку. Вадзілі на допыт, білі, але Кузьма нікога не абгаварыў – абвяргаў абвінавачванні. Праз некалькі дзён яго і сына немец вывеў у двор і загадаў ісці ў бліжэйшы беразнячок. Па тым, як ён, акрамя аўтамата, прыхапіў з сабою і рыдлёўку, Кузьма здагадаўся, што іх вядуць на расстрэл. На месцы немец даў яму ў рукі рыдлёўку і паказаў, дзе капаць. Калі яма была гатова, Кузьма вылез і паклікаў немца – паглядзець, ці яна “гут”. Той падыйшоў, нахіліўся над ямай – і тут жа атрымаў па галаве ўдар рыдлёўкі, зваліўся ў яе. Кузьма выхапіў з яго рук аўтамат, клікнуў сына, і яны пабеглі далей ад таго месца, балазе вакол быў лес. Праз некалькі хвілін немцы хапіліся ў трывозе за лёс свайго саслужыўца, бо не пачулі аўтаматнай чаргі па асуджаных. Пакуль арганізавалі пагоню, уцекачы, убачыўшы на шляху кучу сухога ламачча з хваёвых галін, залезлі пад яе і затаіліся. Немцы хадзілі вакол, лаяліся, але ніякіх слядоў не адшукалі.
Калі сцямнела, Кузьма з сынам вылезлі з той схованкі і на досвітку былі ўжо на Любаншчыне, у партызанскай зоне. Жонку яго акупанты закатавалі да смерці. Кузьму залічылі байцом у адзін з атрадаў, сына, які захварэў на псіхічнае растройства ад усяго перажытага, пазней самалётам адправілі за лінію фронта. Пасля вайны ён вярнуўся дамоў і працаваў дзесьці на Урэччы. Кузьма летам 1944 года, вярнуўшыся з партызанаў, трагічна загінуў у сваёй вёсцы.
Вясной 1943 года ў вёсцы Паўстынь за сувязь з партызанамі немцы арыштавалі двух братоў — калгасных кавалёў Івана і Хведара Жукоў – таксама па нейчаму даносу. І павялі за вёску, бліжэй да чыгуначнага пуці, каб павесіць на тэлеграфным слупу ля дарогі. Калі прывялі туды арыштаваных, Хведар знайшоў у сабе мужнасці і рашучасці адважыцца на пабег, і што ёсць сілы кінуўся за прыдарожныя кусты – і далей, у поле. Немцы адкрылі па ім агонь з вінтовак, але кулі абмінулі ўцекача, і ён здолеў дабрацца да партызанскай зоны. Брата яго Івана немцы павесілі. А Хведар восенню 1943 года з аўтаматам ППШ заходзіў да майго бацькі, расказваў пра свой пабег, маці дала яму на дарогу кавалак сала і бохан хлеба, а бацька – прыхаваны з вайны знойдзены недзе “маўзер”. На жаль, дажыць да вызвалення Случчыны ад акупантаў Хведару не ўдалося. У час веснавой блакады немцаў і паліцаяў на Любаншчыне ён загінуў пры выхадзе з акружэння, там недзе і пахаваны.
Яшчэ болей драматычна склаўся лёс ахвяры Халакосту, 19-гадовай дзяўчыны Марыі Шустэрман, жыхаркі вёскі Леніна (Раманава) Слуцкага раёна. Разам з усімі яўрэямі, што пражывалі там да вайны, вясной 1942 года немцы павялі яе на расстрэл. За аселіцай, перад нейкім закінутым кар’ерам, паставілі ўсіх у адзін шэраг і адкрылі агонь з аўтаматаў. Марыя пры першых гуках стрэлаў жывой упала ў яму, паверх яе навалілася некалькі трупаў. Яна чула, як немцы хадзілі паблізу і дабівалі з пісталетаў параненых. Калі на зямлю апусцілася ноч, Марыя вылезла з-пад акрываўленых трупаў і пайшла далей ад таго месца – у бок мястэчка Грозава. Па шляху ў невялікай вёсачцы папрасіла ў жанчыны спадніцу і кашулю, каб пераапрануцца ў чыстае – і пакрочыла далей у надзеі выжыць. Але непадалёку ад Грозава яе спыніў немец з вінтоўкай. “Юдэ? Ком, ком, шнэль!” – загадаў ён і ўзяў напагатоў вінтоўку, а ёй загадаў ісці наперадзе.
Па шляху яму захацелася закурыць. Перакінуў вінтоўку праз плячо, дастаў запальнічку, цыгарэту і стаў прыкурваць. Марыя не разгубілася, рэзка павярнулася да яго і правай нагой, што ёсць сілы, урэзала немцу па нізу жывата, у прамежнасць. Ён войкнуў ад болю і нават прысеў. Гэтага было дастаткова, каб яго вінтоўка апынулася ў руках дзяўчыны. Яна загадала салдату ісці наперадзе і не смець уцякаць ці крычаць, інакш прыстрэліць. Ён паслухмяна паклыпаў. На шчасце Марыі, у бліжэйшай вёсцы, куды яна прывяла таго немца, былі якраз партызаны. Яны падзячылі дзяўчыне за “языка” і вінтоўку, прывялі яе і немца ў атрад. Марыя была залічана радавым байцом, хадзіла на заданні, удзельнічала ў засадах, на падрыве чыгункі. Пасля вяртання на Беларусь Чырвонай Арміі па рэкамендацыі партызанскага камандавання была ўзнагароджана ордэнам Славы ІІІ ступені – за асабістую мужнасць. Яшчэ ў 80-я гады мінулага веку яе можна было ўбачыць на вуліцах нашага горада з тым ордэнам на кофце. Пазней Марыя Шустэрман выехала ў Ізраіль, і далейшы лёс яе невядомы.
Міхась Тычына