Слуцкія вернісажы

Тры новыя экспазіцыі прадстаўлены слуцкім аматарам выяўленчага мастацтва. Вернісаж адбыўся 25 красавіка ў гарадской Галерэі мастацтваў.

Галоўнай падзеяй стала адкрыццё выставы работ беларускага акварэліста, ураджэнца Случчыны Івана Пратасені. Свае творы Іван Міхайлавіч выстаўляе на радзіме не першы раз, аднак, у параўнанні з ранейшымі, сёлетняя выстава вызначаецца найбольшай прадстаўнічасцю. Больш сотні пейзажаў, партрэтаў, сюжэтных кампазіцый даюць наведвальніку дастаткова поўнае ўяўленне аб творчасці мастака. Размешчана экспазіцыя работ Івана Пратасені ў залах другога паверха галерэі.
У адной зале першага паверха паказаны творы акварэльнага жывапісу вучняў Слуцкай дзіцячай мастацкай школы. Другая прыняла міжнародную выстаўку дзіцячай творчасці. Прыбыла яна са Славеніі. Падрыхтаваў яе Міхайла Лішанін, уладальнік прыватнай галерэі дзіцячай творчасці, якая размяшчаецца ў старым замку горада Цэле. Гэта адзіная ў Еўропе прыватная галерэя, на базе якой ладзяцца міжнародныя конкурсы дзіцячага малюнка. Тэма прадстаўленай у Слуцку выстаўкі - «Нацюрморт». Яе ўдзельнікі - мастакі ад чатырох да васемнацаці гадоў з 41-й краіны свету. Дапаўняюць выстаўку вітрыны з узнагародамі, атрыманымі юнымі случчанамі - удзельнікамі конкурсаў, арганізаваных славенскім галерэйшчыкам.

Реклама

Ігар Ціткоўскі

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии