Мацярынская любоў і ў сабак вечная

Дваровая сучка чорна-белай масці, любіміца дзяцей і дарослых нашага шматкватэрнага дому, каля падвала нарадзіла шасцёра шчанюкоў. У цёмным, сухім куточку, далей ад людскіх вочаў. Дзеці і той-сёй са спагадлівых пенсіянераў сталі насіць туды ежу для сучкі, бо ёй трэба сваім малаком карміць сляпых шчанюкоў. Але праз дзевяць дзён пасля нараджэння дзяўчына-школьніца па сваёй задумцы сабрала шчанюкоў і аднесла ў пустую будку, што знаходзіцца ў двары суседняга чатырохкватэрнага дома. Яе год таму назад зладзілі рабочыя ЖЭУ-1 — спецыяльна для гэтай сучкі. Але яна не захацела там жыць, таму як двор прахадны, па ім вечарам сноўдаюцца мужчыны на падпітку, лаюцца, а сабакі такой кампаніі не любяць. Таму на наступны дзень у шэсць гадзін раніцы сучка, беручы пачаргова пашчай за каршэль кожнага шчанюка, перанесла іх у падвал, у той самы куточак, дзе нарадзіла! Сведкам гэтай хвалюючай праявы пачуцця мацярынства (несці шчанюкоў ёй трэба было не меней ста метраў) была суседка, пенсіянерка, што па нейкай справе выйшла ў двор. І паведала потым мне. Давялося напомніць дзяўчынцы, якой хацелася «выслаць» шчанюкоў з падвала, каб яна гэтага болей не рабіла. Сабакі, як і людзі, не любяць, калі імі хтосьці распараджаецца, дзе жыць і як — няхай самі выбіраюць. А падрастуць шчанюкі, набудуць свой «твар», то знойдуцца ў горадзе жадаючыя набыць іх — бясплатна, як было не раз і раней.

Міхась Залескі

Реклама
0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии