Слуцк, якога не стала

0

Працяг. Пачатак у № 11

Пажары
Пажары заўсёды з’яўляюцца спадарожнікамі войнаў. Той жа Глеб Мінскі, чый паход на дрэгавічаў у 1116 годзе стаў прычынай з’яўлення на старонцы летапісу ўпамінання нашага горада, вядомы яшчэ і тым, што ён «Слуцк пожег». Захопнікі ўсюды аднолькавыя. У 1920 годзе пры адступленні са Слуцка палякі палілі будынкі па вуліцы Шырокай (Камсамольская), Юр’еўскай (Талстога), Віленскай. Агонь знішчыў больш 150 дамоў, камерцыйнае вучылішча, вакзал. Быў страшнай зброяй ён і ў руках нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Прысутнасць ворага застаўляе трымацца насцярожана, а агонь успрымаць як зло, амаль непазбежнае. «Чырвоны певень» бязлітасны і ў мірны час, калі яго ніхто не чакае.
Старыя слуцкія мікрараёны і цяпер заняты прыватнай, пераважна драўлянай забудовай. А да сярэдзіны ХІХ стагоддзя ён быў амаль суцэльна драўляным, і пажары ў ім не былі рэдкасцю. Звычайна ў гістарычных дакументах фіксаваліся звесткі пра пажары значных аб’ектаў, у першую чаргу храмаў. Вядома, напрыклад, што драўляная замкавая царква (градскі сабор) гарэла на пачатку 1670-х гадоў, у 1702, 1745, 1811 гадах. Прычыны іх розныя — ад маланкі да неасцярожнага абыходжання з агнём. У 1774 годзе з-за нядбайнасці гаспадароў загарэліся хаты па вуліцы Капыльскай, адкуль агонь перакінуўся на Мікалаеўскую царкву, што стаяла непадалёку. У той час яшчэ стаялі ў руінах згарэўшыя ў 1772 годзе цэрквы Васкрасенская, Увядзенская, Святых Айцоў і некалькі іншых будынкаў на Падзамчышчы. У 1804 годзе згарэў увесь драўляны комплекс езуіцкага Троіцкага кляштара па вуліцы Шырокай. У двух апошніх выпадках падазрэнне падала на наўмысны падпал. Пра пажары, як і пра войны, помняць доўга як пра самае страшнае няшчасце. Да гэтага часу жыхары Слуцка, ды і не толькі яны, успамінаюць пажар 1967 года, калі згарэў будынак слуцкага суда.
Агонь, асабліва ў цёплае надвор’е, у імгненне вока мог выкасіць цэлыя кварталы. Такое ліха стаяла на адным узроўні з рабаваннем горада ворагам. У 1669 годзе адбыўся моцны пажар, калі выгараў увесь цэнтр Слуцка разам з гандлёвай плошчай. Прыйшлося цэнтр адбудоўваць па- новаму. Яшчэ больш страшны пажар адбыўся ў 1775 годзе, калі, як прыводзяць дакументы, агнём горад быў знішчаны. Дзяржава, каб падтрымаць Слуцк, дапамагчы яму аднавіцца, пастановай сойма вызваліла яго ад усіх падаткаў у дзяржаўную казну на дзесяць гадоў. Яшчэ раз гарэў цэнтр горада 9 ліпеня 1811 года. Тады агонь перакінуўся і на Замкавую горку, дзе разам з Мікалаеўскім саборам і званіцай пацярпелі старыя драўляныя палацы і гаспадарчыя пабудовы.
У даўнейшыя часы за супрацьпажарным станам сачылі з вежы гарадской ратушы і пра нечаканы агонь абвяшчалі набатам ратушнага звона. У ХІХ стагоддзі ў Слуцку арганізавалі пажарную каманду, у 1900 годзе яна складалася з 7 чалавек. У 1888 годзе было заснавана і вольнае пажарнае таварыства з добраахвотнікаў. У 1920-я гады слуцкая пажарная каманда налічвала 9 чалавек, а ў дабраахвотным пажарным таварыстве было 120 чалавек.
Пасля пажараў прыходзілася на змену пацярпелым будынкам узводзіць новыя, з’яўляліся нават новыя кварталы, што, несумненна, значна змяняла выгляд нашага горада.

Реклама

Ігар Ціткоўскі

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии