І вырас храм ля гаючай крынічкі

0

Спачатку была легенда-быль пра двух старцаў, сляпых па хваробе, родам з вёскі Карытнае Асіповіцкага раёну. Аднойчы яны пайшлі ў лес і заблудзіліся. А ўжо вечарэла, лес ахутваў змрок, ад чаго старцы разгубіліся, сталі на калені і пачалі маліцца Богу. І пачулі побач журчэнне вады — то была лясная крынічка, з якой яна струменіла. Старцы памыліся той вадою, і ім адкрыўся свет Боскі! Пераначаваўшы, яны на золаку ўбачылі паблізу на бярозе ікону Боскай Маці. Старцы ўзялі яе з сабою, прыйшлі ў сваю вёску і падзяліліся навіной з тутэйшым святаром, які забраў ікону і перанёс у Карыцянскую царкву. А назаўтра вернікі, што прыйшлі туды на богаслужэнне, не ўбачылі іконы — знікла. Так паўтаралася разы тры, пакуль паблізу крыніцы ў ХІХ стагоддзі не пабудавалі драўляную царкву. У 1928 годзе яна была разбурана, аднак ікона Боскай Маці ацалела.

У 80-я гады мінулага веку, калі пачалося адраджэнне хрысціянскіх храмаў, тутэйшая веруючая, пенсіянерка Яўгенія Фёдараўна Сідаровіч, загарэлася задумкай пабудаваць на месцы разбуранай новую царкву — у гонар іконы Маці Боскай, якую калісьці ўбачылі на бярозе паблізу крынічкі заблудзіўшыя старцы. Дванаццаць гадоў яна, каб атрымаць дазвол, абівала парогі чыноўнікаў пры ўладзе ў Магілёве, Мінску. Дайшла нават да Масквы — і свайго дамаглася!
З дапамогай вернікаў з навакольных вёсак, якія збіралі грошы, пры падтрымцы гарвыканкама і райвыканкама ля крынічкі ўсчалася работа. Кіравала будаўніцтвам храма ад падмурку да купалоў пенсіянерка Ганна Аляксандраўна Іванова, якая шмат гадоў адпрацавала рабочай у рамонтна-будаўнічай арганізацыі. Без мужа яна двух сыноў вырасціла і мела ўнукаў. Дзевяць гадоў будавалася царква. Ганне Аляксандраўне вялікую дапамогу аказвала яе родная сястра Марыя Няверава, якая ахвяравала штомесячна на храм частку сваёй пенсіі. Аддзелачныя работы знадворку і ў малітоўнай зале праводзіла Марыя Пруднікава.
І вось на радасць соцен вернікаў з усяго наваколля 29 жніўня 1992 года царква ў імя іконы Боскай Маці была адкрыта і асвечана для багаслужэння, заззяўшы трыма залацістымі купаламі. А непадалёку быў адноўлены над крынічкай і драўляны калодзеж.
Мне з нагоды юбілейнага дня нараджэння жончынай стрыечнай сястры-пенсіянеркі давялося ў канцы мінулага году наведацца ў Асіповічы. Пасля сямейнага застолля юбілярка пазнаёміла мяне з суседкай па дому, настаўніцай Надзеяй Іванаўнай Кузьміч, якая вядзе ў школе клуб дзіцячага і юнацкага турызму і краязнаўства. Абаяльная і добразычлівая жанчына паведала, як летам мінулага году яна з мужам і чатырма вучнямі 6−7 класаў пайшлі пешша ў паход да той царквы — за 30 кіламетраў. Надзея Іванаўна з душэўным уздымам дзялілася ўражаннямі аб унутраным убранстве храма, аб тым, як хлопчыкі потым бралі вядром з калодзежа халодную ваду і абліваліся ёю нагішом, не выціраючыся. І вярнуліся ўсе дамоў бадзёрымі, духоўна ачышчанымі, з жаданнем яшчэ не раз наведвацца да тых мясцінаў.
Трэба прызнацца, што расказ-сповед настаўніцы мусіць перадаўся і мне асабіста, бо ўслед, па рэкамендацыі Надзеі Іванаўны, я наведаў узведзеную пяць гадоў таму на ўскраіне горада праваслаўную царкву. Час быў не малітоўны, наведвальнікаў прыйшло мала, але ўбранства храма — іконастас, шматлікія іконы, напісанныя таленавітымі мастакамі, уразілі да глыбіні душы, і я таксама, як і Надзея Іванаўна, з таго паходу да крынічкі вяртаўся дызель-цягніком позна вечарам з душэўнай радасцю і спакоем. І калі выпадзе час і дазволіць здароўе яшчэ раз наведаюся ў Асіповічы. А як падвернецца машына з такімі, як Надзея Іванаўна Кузьміч, краязнаўцамі, праведаю і царкву ля той крынічкі. Мусіць, такіх жадаючых знойдзецца нямала сярод жыхароў не толькі Асіповіцкага, але і з бліжэйшых раёнаў - Старадарожскага, Любанскага, Слуцкага, Салігорскага. Тым болей, што дызель-цягнікі ходзяць у Асіповічы рэгулярна — туды і назад да Салігорска.

Реклама

Міхась Тычына

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии