Новы спартыўны аб’ект

0

Фізкультурна-аздараўленчы комплекс адкрыўся ў Урэччы
Зусім нядаўна ў гарадскім пасёлку Урэчча, што на Любаншчыне, адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця новага фізкультурна-аздараўленчага комплекса. Ён размясціўся ў памяшканні былога мясцовага кінатэатра «Космас». На рэканструкцыю гэтага памяшкання раённыя ўлады затрацілі каля двухсот мільёнаў рублёў.

У гэтым даволі буйным населеным пункце раёна заўсёды адчуваўся дэфіцыт базы для заняткаў фізічнай культурай і спортам. Тры гады назад, калі сюды па рэкамендацыі ўраджэнца Любаншчыны, майстра спорту міжнароднага класа па вольнай барацьбе і самба Юрыя Сенажацкага прыехаў на трэнерскую працу дагестанец Махмуд Малачоў, той дэфіцыт адчуўся найбольш востра. Мясцовай дзятве, што дружна падалася ў секцыі самба і дзюдо, арганізаваныя Махмудам Саадулаевічам, не было дзе і займацца. Між тым, справы ў падлеткаў пайшлі някепска. Некаторыя з іх (напрыклад, Дзяніс Пракуда) дасягнулі такога майстэрства, што сталі пераможцамі і прызёрамі шэрагу абласных, рэспубліканскіх і нават міжнародных турніраў. Зразумела, гэта неабходна толькі заахвочваць і падтрымліваць!
Тады і ўзнікла ідэя пераабсталяваць пасялковы кінатэатр «Космас», якім доўгі час ніхто не карыстаўся, у фізкультурна-аздараўленчы комплекс. І вось леташняй восенню гэтае пераабсталяванне пачалося. Вялося яно метадам «народнай будоўлі». У ёй, акрамя ўласна будаўнікоў, актыўны ўдзел прынялі амаль усе раённыя прадпрыемствы і арганізацыі - Урэцкі спіртзавод, райаграсервіс, лясгас, завод дробных сценавых блокаў і іншыя.
Сёння тут маецца шыкоўная гульнёвая зала, дзе будуць трэніравацца мясцовыя баскетбалісты, валейбалісты і барцы, трэнажорная зала, самае сучаснае начынне якой падарыў Мінаблвыканком, распраналкі, кабінеты для адміністрацыі ФАКа. У адным з іх і размясціўся Махмуд Малачоў, якога прызначылі дырэктарам комплекса. Аднак усё гэта, як заўважыў начальнік аддзела па фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкома Анатоль Невяроўскі, толькі першая чарга здадзенага аб’екта.
У другую чаргу плануецца дабудаваць некалькі пакояў, дзе размесцяцца більярд, медыцынская сястра і тое-сёе яшчэ. У двары ФАКа з’явяцца ўніверсальная пляцоўка са штучным пакрыццём для гульні ў валейбол, баскетбол і гандбол, футбольнае поле з бегавымі дарожкамі для лёгкаатлетаў і хакейная «каробка». На ўсё гэта намечана дадаткова затраціць амаль чатырыста мільёнаў рублёў. Такая сума зараз вышукваецца.
Варта адзначыць, што адкрыццё новага ФАКа наогул паслужыла добрым штуршком для далейшага развіцця спартыўнай базы раёна. Сёлета, дапусцім, вырашана нарэшце давесці да ладу фізкультурна-аздараўленчы комплекс у Любані, які трапіў у катэгорыю даўгабудаў. Ужо маецца дваццаць мільёнаў рублёў для закупкі пластыкавых крэслаў, якімі хутка абновяць трыбуны гарадскога стадыёна. А ля будынка дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы створаць хакейную пляцоўку.
Аднак вернемся ва Урэчча. Права перарэзаць сімвалічную чырвоную стужку падчас адкрыцця ФАКа прадаставілі начальніку ўпраўлення па фізічнай культуры, спорту і турызму аблвыканкома Алегу Качану (ён яшчэ ўручыў актыўным памагатым будаўніцтва комплекса Ганаровыя граматы ды каштоўныя падарункі) і старшыні райвыканкома Валерыю Грыбанаву. Новы фізкультурна-аздараўленчы комплекс, паводле слоў Валерыя Іванавіча, яшчэ адзін крок на шляху пераўтварэння Урэчча ў сучасны аграгарадок мясцовай гаспадаркі. Работы ж па такому пераўтварэнню будуць працягвацца і сёлета. У прыватнасці, памяшканне былой салдацкай сталовай плануецца рэканструяваць пад сталовую для вучняў другой гарпасялковай сярэдняй школы. Тут таксама намечана размясціць рэстаран і кафэ. З абласнога бюджэту ўжо выдзелена пяцьдзесят мільёнаў рублёў на рэканструкцыю двух будынкаў былой санітарнай роты. Пасля ў іх абаснуецца Дом міласэрнасці. З’явяцца і другія аб’екты, заасфальтуюцца вуліцы.
…Закончылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця ФАКа, і адразу ж у гульнёвай зале пачалася трэніроўка мясцовых баскетбалістаў. Высачэзныя юнакі з імпэтам насіліся па пляцоўцы і кідалі мяч у кальцо. Цяпер у іх ёсць магчымасць рэалізаваць сваю цягу да здаровага ладу жыцця.

Реклама

Сяргей Квіткевіч

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии