Бомба для гэбітскамісара

0

Шэрым кастрычніцкім ранкам 1943 года з вёскі Мялешкі выехала павозка, даверху засыпаная бульбянымі клубнямі. Кіраваў канём вясковы настаўнік, жыхар той вёскі Юльян Андрэевіч Дробыш. Да вайны ён выкладаў матэматыку і адначасова выконваў абавязкі бібліятэкара ў мясцовай школе-сямігодцы. Па інваліднасці з дзяцінства кульгаў пры хадзьбе і абапіраўся на кіёк. Мусіць, гэтую акалічнасць пры выбары вазніцы партызаны палічылі найбольш надзейнай — на інваліда немцы не звернуць асаблівай увагі.

А ехаў Юльян Андрэевіч у горад з небяспечным для яго самога грузам — пад бульбай у павозцы ляжала 50-кілаграмовая авіябомба з прымацаваным да корпуса дэтанатарам нацяжнога дзеяння. Яму належала даставіць «груз» на цэнтральную плошчу горада чым найбліжэй да двухпавярховага будынка, дзе размяшчаўся нямецкі гэбітскамісар і розныя акупацыйныя службы.
Да шашы-«варшаўкі» Юльян Андрэевіч даехаў без прыгод, разы два толькі ўзбоч дарогі на няўбраных да канца загонах хадзілі адзінокія жанчыны. А ўжо каля бункера, што знаходзіўся побач з мастом праз раку Вясейку, яго спыніў немец з аўтаматам на грудзях: «Дакумент». Як і ўсе грамадзяне ў той час, Юльян Андрэевіч меў пры сабе «аўсвайс» — нямецкі пашпарт. Немец зірнуў у яго і вярнуў, махнуўшы рукой, маўляў, можаш ехаць. Такая ж праверка была і каля моста праз раку Случ, дзе таксама з амбразуры бункера пазірала «вочка» кулямёта. Ці страшна было тады настаўніку, да ўсяго чалавеку сямейнаму? Безумоўна, бо ён разумеў, што, калі б немец ля бункера шомпалам вінтоўкі прамацаў бульбяны россып, металічны стук аб корпус бомбы стаў бы для яго прыгаворам. Але да цэнтра горада ён даехаў без прыгодаў. Толькі аднойчы паліцай спытаў, куды ён вязе столькі бульбы, на што паследаваў адказ: «На базар, прадаць думаю». А далей было так, як задумалі партызаны. Юльян Андрэевіч выехаў на амаль пустынную плошчу, скіраваў каня ў бок дзвярэй пры ўваходзе ў будынак гэбітскамісарыята, дзе стаяў з вінтоўкай паліцай у чорным шынялі з шэрымі абшлагамі на рукавах. Ехаць упрытык да яго было небяспечна, таму як, пакінуўшы павозку, Юльян Андрэевіч не здолеў бы адыйсці далей ад плошчы. Спадзяваўся, што конь сам зробіць гэта без яго дапамогі. Злез з воза і пачыкіляў міма развалін спаленага зімой таго году яўрэйскага гета. Тым часам паліцай падыйшоў да павозкі, узяўся за лейцы, тузануў іх — і бомба ўзарвалася. Каня і яго забіла на месцы, а ў вокнах будынка гэбітскамісарыяту павыляталі шыбы, клубні бульбяныя разляцеліся вакол у радыусе мо дзвесце метраў. Ці пацярпеў ад іх і асколкаў бомбы нехта з прахожых, засталося тайнай.
На выхадзе з горада ў раёне былога млына (там зараз будынак стаматалогіі) Юльяна Анрэевіча чакала падвода з партызанскім сувязным, які ўзяў кірунак не на шашу ў бок вёскі Вясея, а на Падзерскія Агароднікі і адтуль поплавам — на Мялешкі. Тым не менш, некалькі дзён Юльян Андрэевіч, як ён паведаў мне яшчэ пры жыцці, не начаваў дома і быў асцярожным днём, баючыся аблавы паліцаяў ці немцаў. Але ўсё абыйшлося. Праўда, ён зазначыў, што партызаны маглі б тую магутную бомбу выкарыстаць для падрыву чыгункі, па якой на ўсход штодзённа следавалі нямецкія эшалоны: ад яе начыння паравоз сігануў бы пад адхон, а за ім і вагоны. Але ж партызаны разумелі, што дастаўка і ўстаноўка такой бомбы пад палатном чыгункі звязана з немалой рызыкай: адрэзак чыгункі паміж Урэччам і Слуцкам днём і ноччу ахоўвалі патрулі.
Не па сваёй волі настаўнік-інвалід адправіўся на рызыкоўнае заданне. Прымусілі. Адмовіцца Юльян Андрэевіч не змог, бо ведаў, чым гэта можа абярнуцца для яго ад тых, хто планаваў гэту аперацыю. На шчасце, гестапа і паліцыя не знайшлі следу дастаўшчыка бомбы. Пасля вайны Юльян Андрэевіч да выхаду на пенсію працаваў настаўнікам у Мялешкаўскай школе.
У чытача можа ўзнікнуць пытанне, а скуль паявілася тая авіябомба? Аказваецца, летам 1941-га года пры адступленні чырвонаармейцы паспелі падарваць у лесе непадалёку ад станцыі Вярхуціна склад артылерыйскіх снарадаў і авіябомбаў. Частка боезапасу не здэтанавала і разляцелася вакол у радыусе каля кіламетра. Вось там з дапамогай мясцовых жыхароў партызаны і папаўнялі са снарадаў свае запасы толу. Авіябомбы не чапалі, бо яны мелі небяспечныя для дэмантажу ўзрывальнікі - таму іх выкарыстоўвалі як фугасы.

Реклама

Міхась Тычына

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии