Слуцк, якога не стала

0
Реклама

Прысвечаны 890-годдзю Слуцка матэрыял, змешчаны у № 6 за 9 лютага, быў завершаны абяцаннем зрабіць агляд страт, панесеных горадам за стагоддзі існавання. Прапануемы агляд складаецца з трох частак. Першая прысвечана ваенным падзеям.

Войны
Здаўна гісторыя чалавецтва разглядалася пераважна як гісторыя войнаў. Тлумачэнне таму знайсці можна: прымітыўнае мысленне старажытнага чалавека, які толькі што стаў на шлях цывілізацыі, давала права на жыццё толькі мацнейшаму, вайна была самым простым і найбольш эфектыўным сродкам доказу сваёй праваты. Гэты прымітыўны прыём вырашэння праблем паспяхова дажыў да нашых «вяршынь» цывілізацыі, актыўна выкарыстоўваецца і цераз дзве тысячы гадоў пасля нараджэння Хрыстовага. Пад гукі паходных ражкоў і лязг клінкоў зробім і мы сёнешнее невялікае падарожжа па гісторыі Слуцка.
Вайна — гэта смерць і разбурэнні. Напрыклад, у сярэдзіне ХVІІ стагоддзя пад час вайны Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай насельніцтва, што жыло на тэрыторыі цяперашняй Беларусі, зменшылася напалову, практычна ўсе гарады Вялікага княства Літоўскага ляжалі ў руінах. Неразбураным, дзякуючы магутным умацаванням і моцнаму гарнізону, застаўся толькі адзін горад — «Цытадэль Літвы» — Слуцк. Тым не менш, вынікам аблогі горада праціўнікам стала знішчэнне прадмесця «Востраў» і разбурэнне Трайчанаў.
Моцна пацярпела пасадская забудова ў часы нападаў на горад крымскіх татараў на пачатку ХVІ стагоддзя. Хаця не быў захоплены замак, тым не менш, перабудоўваць прыйшлося многа. Аднак, у пераліку многіх страт, што прыносілі нашаму гораду войны, мы можам адзначыць тры, на наш погляд, самыя трагічныя падзеі, у выніку якіх Слуцку прыйшлося паўставаць практычна з нуля.
Першая звязана са з’яўленнем Слуцка на старонцы летапісу. Знішчэнне горада ў выніку міжусобнай барацьбы стала прычынай першага ўпамінання Слуцка. «В лето 6624. Приходи Володимер на Глеба. Глеб бо бяше воевал дрегоричи и Случеск пожёг…» — запісана ў «Аповесці Мінулых гадоў».
Тады Слуцк быў паўночным «фарпостам» рассялення ўсходнеславянскага племяннога аб’яднання дрэгавічоў, якія да ХІІ стагоддзя апынуліся пад уладай Кіева. Князі кіеўскія імкнуліся падпарадкаваць сабе ўсе ўсходнеславянскія землі. А ў Мінску княжыў Глеб, прадстаўнік дынастыі полацкіх князёў, якія вялі барацьбу з Кіевам, адстойвалі сваю незалежнасць. Менавіта ахвярай гэтай барацьбы і стаў у 1116 годзе Слуцк. Ён па памерах і насельніцтву быў тады невялікім, і можна думаць, быў Глебам знішчаны поўнасцю. Тут адзначым, што не менш жорсткае пакаранне чакала неўзабаве і мінчукоў ад кааліцыі паўднёварускіх князёў.
Другая падзея прыпадае на 1270-я гады. Случчынай кіравалі князі з роду Ізяславічаў, якія гаспадарылі і ў іншых удзельных княствах, на якія распалася колішняе вялікае княства Тураўскае. Іх невялікія ўладанні напярэдыдні трапілі пад уплыў магутнага Галіцка-Валынскага княства. Пасля развалу Кіеўскай імперыі Рурыкавічаў яно прэтэндавала на ролю цэнтра аб’яднання ўсходнееўрапейскіх земляў, стала правобразам цяперашняй Украіны. Інтарэсы валынскіх князёў нарэшце сутыкнуліся з інтарэсамі князёў літоўскіх. Тут, на паўночна-заходніх тэрыторыях нашай краіны, у ХІІІ стагоддзі ўзнік яшчэ адзін цэнтр аб’яднання ўсходнееўрапейскіх земляў - Вялікае княства Літоўскае. У 1270-я гады ахвярай сутыкнення літоўскага князя Трайдзеня з кааліцыяй князёў, узначальваемых галіцка-валынскім князем Львом Данілавічам, стаў Слуцк. Горад і яго ваколіцы былі настолькі моцна разбураны, што ачуняў Слуцк толькі перад сярэдзінай ХV стагоддзя. У гэты час роля галоўнага горада краю належыла Капылю.
Пра трэцюю падзею многа казаць не трэба. Яна яшчэ ў памяці прадстаўнікоў старэйшага пакаленняя. Гэта мінулая вайна, шасцідзесяцігоддзе Перамогі ў якой было адзначана год таму. Горад моцна пацярпеў ужо ў першыя дні, пераважна падчас нямецкіх авіяналётаў. Але яшчэ больш быў зруйнаваны ў 1944 годзе, калі вяліся баі за вызваленне горада ад немцаў. Цяперашняя яго забудова практычна нічога не нагадвае жыхарам пра Слуцк даваенны.
На наш погляд, менавіта гэтыя тры падзеі - у ХІІ, у ХІІІ і ў ХХ стагоддзях прыводзілі да таго, што горад адбудоўваўся амаль поўнасцю і карэнным чынам мяняў свой выгляд.

І.Ц.
(Працяг будзе)

Реклама

Комментарии: будем признательны за ваши отзывы.

Пожалуйста, авторизуйтесь чтобы добавить комментарий.