На жыццёвых скрыжаваннях

0

Пакланіцца святой Варвары
У тую суботу ў капліцы святой Варвары, што стаіць паблізу маста праз Случ, у дзесяць гадзін раніцы святар са Свята-Міхайлаўскага сабора пачаў багаслужэнне, яму дапамагалі тры жанчыны-пеўчыя. Вернікаў прыйшло не шмат, чалавек сем жанчын і адзін мужчына.

Падсвечнікі ўжо мігацелі языкамі трапяткога полымя ад свечак. Праз нейкі час у капліцу ціхенька зайшла бабулька ў цёплай паддзёўцы, павязанай на галаве шэрай шарсцяной хустцы. Яна адразу, выбраўшы свабоднае месца, стала на калені, зрабіла некалькі паклонаў да самага полу і ўстала толькі пасля таго, як праз хвілін трыццаць закончылася служба і да святара сталі падыходзіць прыхаджане для цалавання крыжа. І бабулька да яго прыхілілася вуснамі, запаліўшы перад гэтым свечку на падсвечніку.
Мы з ёю выйшлі разам з капліцы, я дапамог ёй узыйсці на прыступак лесвіцы, што вядзе да вуліцы, бо яна паспела паскардзіцца на болі ў нагах. Праходзячы поруч з помнікам святой Сафіі Слуцкай, бабулька перахрысцілася. А па шляху да аўтобуснага прыпынку паведала скарагаворкай, што сама з вёскі Падліпцы, ад якой да горада чатырнаццаць кіламетраў, што сёлета ёй споўніцца восемдзесят гадкоў, яна змалку верыць у Бога, а жыццё прайшло ў нялёгкай сялянскай працы шэраговым паляводам — куды брыгадзір пашле.
Памятае і пустыя «палачкі» — працадні пасляваенных гадоў, і несправядлівасці з боку калгасных кіраўнікоў да такіх, як яна, гаротнікаў-паляводаў з ліку жанчын, што везлі нялёгкі калгасны воз нароўні з мужчынамі.
— А пенсію, бабуля, якую атрымліваеце?
— Няма чым хваліцца, сто сорак тысяч рублёў. То мне і хапае. Колькі старому чалавеку трэба ўжо?
— А як дабірацца да вёскі будзеце? — спытаў на развітанне.
— Прыгарадным аўтобусам з вакзала, ён праз тры гадзіны адыходзіць. Прасвятая Варвара мне сілы надае ўсякі раз, калі наведваю капліцу, душу прасвятляе. Шкада толькі, што кампаньёнак такіх, як сама, не знайду ў вёсцы, хоць у кожнай хаце ёсць пажылыя.
Я пажадаў ёй шчаслівай дарогі.

Реклама

Толькі вецер гудзе ў правадах…
Пад пякучы, сібірскага «заквасу», мароз пазваніў даўняму знаёмаму, ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Паўлу Лявонцевічу Кернажыцкаму ў вёску Таліца — апошняму з яе пастаянных жыхароў. Рашыў пацікавіцца, як у яго са здароўем, ці цёпла ў хаце, ці наведвае вёску аўталаўка. Тэлефон ягоны не даў адказу, хоць нумар я набіраў два дні запар па некалькі разоў. Пазваніў у бліжэйшую ад Таліц вёсачку Ліпнікі, дзе пражывае яшчэ чалавек сем пенсіянераў. Нейкі мужчына мне адказаў, што ён не ведае, як жыве ягоны сусед, а вы, маўляў, пытаеце пра чалавека з другой вёскі. Званю ў сваю вёску Боркі, там ведаюць Паўла Лявонцевіча, бо гэта адзін калгас, ды і не так далёка вёскі адна ад другой — нейкіх тры кіламетры добрай дарогі. Мне адказала жанчына-пенсіянерка, што на зіму Паўла Лявонцевіча дзеці забралі да сябе ў горад, бо дзядулю ўжо 83 гады споўнілася, цяжка аднаму ўпраўляцца па дому.
У канцы красавіка яго, вядома, прывязуць у Таліцу, дзе ўжо будуць звінець пчолы ў вуллях, а зямля ў агародзе дыхаць раннім цяплом і свежасцю. І ён памаладзее душой.
Цяпер у Таліцах, дзе пасля вайны было 23 двары, ацалела восем хатаў - апусцелых на зіму, з замкамі на дзвярах і варотах. Толькі пранізваючы вецер маркотна гудзе ў правадах электралініі, ды ноччу з блізкага лесу наведваюцца ў сады зайцы паласавацца карой. Сабак ім баяцца не трэба — іх тут няма.

Міхась Тычына

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии