Трагедыя незбыўшагася разведчыка

0

Гісторыя гэта пачалася неяк з гумарам, а кончылася вельмі сумна. Хацелася дапамагчы, але зразумеў, што гэта немагчыма. Таму на душы смутак і боль за лёс маладога хлапчука.

Як звычайна, да сярэдзіны верасня ўжо набіралася пэўная колькасць жадаючых займацца фатаграфіяй. Пра фотагурток дзяцей добра ведалі, спяшаліся запісацца своечасова. Калі заняткі аднаго дня падыходзілі да канца, адчыніліся дзверы у фоталабараторыю і зайшоў незнаёмы хлапчук гадоў трынаццаці. «Мне трэба авалодаць тайнамі фатаграфіі», — сказаў ён і напрасіўся запісаць яго ў гурток.
Мне здавалася, што аднагодкі апярэдзілі яго ростам. Выглядаў ён фізічна слабаватым. Падумалася, што вучоба яму даецца непроста, зайшоў ён у гурток са спазненнем і надоўга тут не затрымаецца. Я адказаў, што фотагурток ужо напоўнены, больш месцаў няма. «Мне абавязкова трэба навучыцца фатаграфаваць», — цвёрда настойваў ён на сваім. Каб неяк яму адказаць, я спытаўся пра поспехі ў вучобе. «Ніжэй васьмёрак не бывае, — без запінак адказаў хлапчук. — Дык запішаце?» Я вымушаны быў здацца.
Калі запісваў у журнал звесткі пра бацькоў, адкрылася адна сямейная недарэчнасць. Прозвішча меў ад мамы. У сям'і была меншая сястрычка, якая мела другое прозвішча, айчыма. Відаць, гэту недарэчнасць ён ужо разумеў, бо тут жа дадаў: «Жывем з айчымам дружна, абяцае купіць мне фотаапарат». Я запытаўся, дзеля чаго яму патрэбна фатаграфія, і ён сур’ёзна адказаў: «Буду разведчыкам».
Я стаў гаварыць, каб быць разведчыкам, аднаго ўмення фатаграфаваць мала. І тут ён пачаў мне расказваць, што вывучае англійскую, французскую мовы ў школе. Самастойна дома вучыць нямецкую і польскую. Каб я пераканаўся ў яго здольнасцях, расказваў вершы на ўсіх гэтых мовах. «Цётка, маміна сястра, мяне вучыць нямецкай і польскай», — адзначыў ён.
У той жа вечар я выдаў яму фотаапарат «ФЭД», расказаў і паказаў, як карыстацца. Заўсёды для дзяцей было найцяжэйшым навучыцца правільна па фотаэкспанометру выставіць экспазіцыю. Мой «разведчык» зразумеў гэта без цяжкасцей. Ішоў дадому горда, з фотаапаратам цераз плячо. Хутка ужо я даваў яму заданні цяжкія: фатаграфаваць у класе, дзе асвятленне было зусім недастатковым. Ён усё выконваў паспяхова.
Праз некаторы час, неяк перад Новым годам, нахваліўся, што айчым едзе ў Еўропу ў камандзіроўку і прывязе яму фотаапарат. Такой навіне разам з ім радаваўся і я, але прайшоў час, камандзіроўка скончылася, фотаапарата ў майго «разведчыка» не было. Неяк пацікавіўся, што айчым прывёз з камандзіроўкі.
— Карманны камп’ютэр, мабільны тэлефон за 600 еўра, — адказаў ён.
— А што ў яго не было тэлефона? — здзівіўся я.
— Быў, але сабе купіў новы.
Пра фотаапарат мы больш ніколі не ўспаміналі.
Пасля Новага года прыйшоў на заняткі нейкі сумны. Сеў за стол, не распрануўшыся, і доўга сядзеў нерухома, маўчаў. Нешта здарылася.
— У мяне будзе новая сястрычка, — сказаў таямніча. — Мяне аддаюць да бабулі, да мамінай мамы. Яна жыве адна ў Ганцавічскім раёне. Буду дапамагаць ёй і там хадзіць у школу. Шкада, што ў той школе вучаць толькі нямецкую мову, няма фотагуртка.
А нядаўна зноў прыйшоў у гурток, дастаў з-пад курткі «ФЭД» і паклаў перада мною на стол. Я маўчаў і глядзеў яму ў вочы. Раптам заўважыў: з яго вачэй пацяклі слёзы. Ён змагаўся з сабою, каб не расплакацца. Я падхапіўся, абняў і прыгарнуў да сябе.
— Хочаш, я падару табе фотаапарат? — спытаў я.
-Дзякуй, не трэба, — і стаў размазваць кулаком вільгаць на твары. — Там няма фотагуртка — да горада не даеду.
Ён павярнуўся, пайшоў з класа. Я глядзеў яму ў спіну: мяне мучыла журбота за яго дзіцячую трагедыю.

Реклама

Кіраўнік фотагуртка
Уладзімір Дамель

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии