Пенсіянерка гадоў пад шэсцьдзесят па пуцёўцы прыехала ў дом адпачынку для інвалідаў і ветэранаў вайны. Ад сваіх новых знаёмых па палаце, у сталовай, на вечарах адпачынку неўзабаве займела мянушку — «святая». Магчыма, повадам таму было тое, што нават у сонечны цёплы дзень, а справа была летам, яна надзявала чорную, амаль да пятаў, спадніцу і шэрую кофту, размаўляла паціху, лагодненькім галаском, з адмецінай паслушніцтва на яшчэ малажавым твары.
Яна адна з сямідзесяці прыехаўшых сюды пенсіянераў з усёй вобласці «адкрыла» дарогу да праваслаўнай царквы. У нядзелю раніцой сабірала чалавек пяць на паездку туды рэйсавым гарадскім аўтобусам. Усё ў яе паводзінах, размовах, безумоўна, збліжала людзей.
Але неяк на лаўцы ў скверыку перад домам «святая» загаварыла тонам, ад якога святасцю і не патыхала. Мой сусед па палаце, даведаўшыся ад жанчыны, заўважыў, што іх колішні мэр горада Карпенка праявіў сябе пры жыцці ўмелым гаспадарнікам, вучоным, слынным дэмакратам. А памёр пры невыясненых да канца абставінах яшчэ не старым. І тут «святую» нібы ўзарвала, яна з раздражэннем, нядобрым бляскам у вачах, стала паліваць брудам былога мэра, быццам ён пакінуў у яе землякоў нялепшае ўражанне, у яе самой — таксама. Хоць нічога канкрэтнага для падмацавання сваіх эмоцый яна не назвала. Больш таго, яна, настаўніца па прафесіі (да пенсіі выкладала рускую мову і літаратуру), калі ёй сталі пярэчыць, панесла алілуйшчыну сталіншчыне.
«Ды ў Маладзечна многія пенсіянеры і сёння гатовы маліцца на Сталіна!» — выпаліла яна з узнёслым пафасам, ад чаго сядзеўшыя побач два пенсіянеры інтэлегентнага выгляду, паглядзеўшы адзін аднаму ў вочы, пацепвалі плячыма, а потым усталі і падаліся да дзвярэй, за імі паследаваў і аўтар гэтых радкоў. Са «святой» засталася жанчына, яе суседка па палаце. Пасля такой шчырай дэманстрацыі настальгіі па адыйшоўшай у нябыт тыраніі, што прычынілася да бязлітаснага ганення на рэлігію і сявтароў, маска «святасці» з аблічча гэтай жанчыны развеялася, як ранішні туман.
Міхась Залескі
«Смерть стоит того, чтобы Жить» …а не существовать.