Знакаміты зямляк

0

Наш знакаміты зямляк Ілья Фёдаравіч Капіевіч (Капіеўскі, 1651 — 23.09.1714) праславіўся як асветнік, перакладчык і кнігавыдавец, паэт, навуковец і вынаходнік. Рознабаковая дзейнасць Капіевіча на карысць усходнеславянскіх народаў дае падставу разглядаць яго постаць побач з такімі знакамітымі дзеячамі, як Францыск Скарына, Сымон Будны, Леў Сапега, Сімяон Полацкі.

Месцам нараджэння Ільі Капіевіча з’яўляецца Міншчына, а дакладней — Случчына.
У сярэдзіне ХVІІ стагоддзя з-за таго, што ішла вайна паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай, многія жыхары Вялікага княства Літоўскага апынуліся ў палоне ў Масковіі. У дзевяцігадовым узросце быў вывезены з Беларусі ў Цвярскі край і Ілья Капіевіч. Але ён уцёк адтуль у Маскву, а потым, праз шэсць гадоў, вярнуўся на радзіму.
З родных у яго нікога не засталося. Але, магчыма, у Слуцку ў яго былі сваякі. На гэтую думку наводзіць сведчанне слуцкага краязнаўцы Рыгора Родчанкі, які вывучаў гісторыю Слуцкай гімназіі. У сваёй кнізе ён піша, што ў 1660-я гады ў гімназіі працаваў нехта Піліп Капіевіч, а сярод тагачасных гімназістаў сустракаўся Іван Капіевіч. Можна выказаць меркаванне, што яны маглі паспрыяць на выбар далейшага шляху Ільі Капіевіча, бо ён таксама паступіў у Слуцкую кальвінскую гімназію.
Вучыўся Ілья ў гімназіі на выдатна, авалодаў шэрагам моў, у тым ліку грэчаскай, лацінскай, польскай, нямецкай і іншымі. Радзівілы, гаспадары краю і апекуны гімназіі, заўважылі здольнага выпускніка і накіравалі яго працягваць вучобу ва ўніверсітэце аднаго з самых знакамітых тагачасных еўрапейскіх гарадоў - Амстэрдама.
Пасля вучобы ў Галандыі Ілья Фёдаравіч Капіевіч вярнуўся ў Слуцк і некаторы час працаваў настаўнікам у Слуцкай гімназіі. А крыху пазней зноў ад’ехаў у Амстэрдам. Там спачатку трапіў у рэфармацкую школу, потым атрымаў пасаду кандыдат-пастара Амстэрдамскага сабора.
У жніўні 1697 года ён сустрэўся з рускім царом Пятром Першым, пазнаёміўся з ім і стаў прыхільнікам яго рэформ. На пытанне рускага цара, ці будуць яны разам рабіць рускія кнігі, адказаў, што калі нябесны і зямны цары дапамогуць, то будуць. З гэтага часу Ілья Капіевіч пачаў займацца перакладчыцкай ды выдавецкай дзейнасцю.
З 1698 па 1700 год Капіевіч склаў і выдаў каля дваццаці кніг, у тым ліку падручнік па арыфметыцы, вучэбныя дапаможнікі па гісторыі, вайсковай і марской справах, каляндар, руска-лаціна-нямецкі і руска-лаціна-галандскі слоўнікі і іншыя. Удасканаліў кірыліцу, пераклаў і выдаў байкі Эзопа. Ён з’яўляецца аўтарам першай на рускай мове зорнай карты. Кнігі ім выдаваліся ў розных друкарнях (Амстэрдам, Капенгаген, Берлін), у тым ліку і ва ўласных. У 1707 годзе працаваў перакладчыкам у Маскве, у 1708 годзе — у Варшаве, потым зноў у Маскве.
Памёр Ілья Капіевіч 23 верасня 1714 года. Як асветнік і гуманіст ён заслужыў таго, каб імя яго ўшаноўвалася беларусамі, каб памяць пра яго жыла і на радзіме — Случчыне.

Реклама

Ларыса Лук’янцава

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии